Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фарш з праславутых мух і катлет ужо дрэнна пахне — Раманчук


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук на сваёй старонцы ў Facebook выказаўся пра складанасьці ў беларуска-расейскіх дачыненьнях:

«Цяжкатраўны фарш з праславутых мух і катлет ужо дрэнна пахне. Другі год запар ідуць складаныя перамовы беларускага ўраду з „Газпромам“ па газе. Быццам бы размаўляюць безь перакладчыкаў. Быццам бы два саюзьнікі. Быццам бы дагаворы складалі прафэсійныя юрысты. Быццам бы за 25 гадоў пазналі адзін аднаго дасканала. Нічога не дапамагае.

700 мільёнаў даляраў — у такую суму сёньня ацэньваюць „Газпром“ і міністар энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак доўг Беларусі за пастаўлены і спажыты газ. Кропка.

Калі беларускі ўрад катэгарычна ня згодны, не прызнае гэты доўг, тады чаму ён да гэтага часу не падаў у суд? Бо з-за спрэчкі па газавым доўгу Беларусь ужо страціла сотні мільёнаў даляраў па нафтавых кантрактах.

Навошта беларускія перамоўшчыкі ледзь ня кожны тыдзень абіваюць парогі расейскага ўраду, калі перамовы яны пачынаюць з фразы „Мы вам нічога ня вінныя“. Тады чаго езьдзіце, марнуеце грошы падаткаплацельшчыкаў?

Раней афіцыйны Менск адмаўляў схемы з растваральнікамі-разбаўляльнікамі, якія пасьля адной з сустрэч Лукашэнкі і Пуціна раптам спыніліся. Усё зноў зводзіцца да таго, ці дамовяцца прэзыдэнты Беларусі і Расеі.

Лукашэнка на сустрэчы, са сваім, як ён сказаў, „братам“, паспрабуе пашырыць разуменьне кіраўніка Крамля выгодамі і карысьцю Расеі ад падтрымкі беларускай эканомікі праз газ, нафту, крэдыты і пашырэньне доступу беларускіх тавараў на расейскі рынак.

Зноў мухі і катлеты ў адным фаршы. Зноў простыя і зразумелыя гандлёвыя адносіны заідэалягізаваныя дашчэнту. З новай сілай загучалі ўзаемныя абвінавачваньні:

„Вы — утрыманцы“.

„А вы — імпэрыялісты, хочаце дэстабілізаваць нашу краіну“.

„А вы не падтрымліваеце нас у зьнешняй палітыцы“.

„А вы супраць роўнасьці“.

Адносіны паміж краінамі, калі ўсё залежыць ад кулюарных, закрытых дамоўленасьцяў паміж „братамі-прэзыдэнтамі“, здаровымі не назавеш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG