Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта вялікае глупства — ваяваць з журналістыкай»


Ператрус і арышт маёмасьці ў офісах тэлекампаніі Белсат.

Чым выкліканыя ператрусы ў менскіх офісах Белсату, чаму ўлады зноў пачалі перасьледваць гэты тэлеканал? Ці ня стаў Белсат закладнікам вялікай палітыкі паміж афіцыйнымі Менскам і Варшавай? Наколькі пасьпяховыя спробы ўладаў спыніць незалежныя СМІ?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць прадстаўніца Белсату ў Менску публіцыстка Сьвятлана Калінкіна і намесьнік рэдактара газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: 31 сакавіка ў менскіх офісах Белсату адбыліся ператрусы. Міліцыянты забралі рэдакцыйнае абсталяваньне, кампутарную тэхніку. Паводле заявы ГУУС Менгарвыканкаму, ператрусы ў менскіх офісах тэлеканалу «Белсат» адбываюцца ў выніку заявы ад праваўладальніка гандлёвай маркі «BELSAT». Трэба нагадаць, што ў 2014 годзе Вярхоўны Суд Беларусі забараніў назву тэлеканалу «Белсат», Telewizja Polska прайграла суд уладальніку беларускай фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэю Белякову, які зарэгістраваў адпаведны гандлёвы знак у 2001 годзе.

Тым ня менш ад 2014 году Белсат адносна спакойна працаваў у Беларусі, але ў гэтыя дні ўлады чамусьці зноў успомнілі пра канфлікт вакол праваўласьніцтва. Сьвятлана, як Белсату увогуле працуецца пад дамоклавых мячом гэтай судовай справы?

Калінкіна: Для мяне відавочна, што гэта толькі фармальная нагода. Бо даўно, яшчэ ў беларускім судзе было вырашана, што Белсат ніякай дзейнасьці ў Беларусі не зьдзяйсьняе. Усе сэрвэры, усе трансьляцыі ідуць з тэрыторыі Польшчы. Таму Белякову, які тут зарэгістраваў гэты гандлёвы знак, суд і раіў зьвяртацца па сатысфакцыю у Польшчу. Зараз яны чамусьці вырашылі вярнуцца да гэтага, вельмі сумняваюся, што гэта ініцыятыва самога Белякова.

Гэта зьвязана з тым, што Белсат вельмі актыўна працаваў гэтую вясну.

Я лічу, гэта зьвязана з тым, што Белсат вельмі актыўна працаваў гэтую вясну. Нашы гледачы, карыстальнікі інтэрнэту мелі магчымасьць бачыць на свае вочы ўсё, што адбывалася ў Менску, іншых гарадах падчас акцыяў пратэсту. Я думаю, менавіта з-за гэтага пачаўся чарговы наступ на нас.

Цыганкоў: Якія ўвогуле ўмовы працы для Белсату ў Беларусі? Ці рэгіструюць вашых карэспандэнтаў, ці маюць яны афіцыйную акрэдытацыю? Шмат было гісторыяў, калі ў рэгіёнах людзей, якія супрацоўнічаюць з Белсатам, прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасьці.

Калінкіна: Людзі працуюць як фрылансеры, гэта практыка, якая існуе ва ўсім сьвеце. Яны маюць пасьведчаньне Міжнароднай асацыяцыі журналістаў. Быў пэрыяд, калі не чапалі, зараз зноў пачалі перашкаджаць працы нашых журналістаў. Але нішто з гэтага не кажа пра тое, што дапушчальна праводзіць ператрусы і канфіскоўваць тэхніку.

Цыганкоў: Не чапалі акурат тыя 2 гады, якія ўмоўна называлі «лібэралізацыяй». Зараз жа, калі многія сьцьвярджаюць, што гэты гістарычны этап скончыўся, то ўспомнілі і пра гандлёвы знак «Белсату».

Панкавец: Натуральна, калі ў краіне сытуацыя абвастраецца, сацыяльная напружанасьць (я не кажу, што ўлада хістаецца —гэта не зусім так) расьце — то дзеяньні ўлады заўсёды аднолькавыя. Запалохаць СМІ. Даць адным папярэджаньні, іншым канфіскацыі, трэцім суткі, а чацьвёртым, увогуле, як некалі Андрэю Пачобуту — турэмныя тэрміны. Усё гэта было, праходзілі. І тыя самыя супрацоўнікі Белсату гэта праходзілі. У 2011 годзе ў Белсата і ў «Нашай нівы» выносілі з офісу кампутарную тэхніку.

Вэрсіі можа быць дзьве. Першая — гэта «вынік» добрай працы Белсату, стрымаў, жывых эфіраў, што неабходна было гледачам ва ўсёй краіне. Цікавасьць да гэтых жывых уключэньняў была вялікая — і цяпер улады помсьцяць за гэтыя эфіры.

А другая вэрсія зьвязаная з заведзенымі крымінальнымі справамі. Магчыма, супрацоўнікі сілавых структураў шукаюць відэаматэрыялы, якія могуць выкарыстаць у расьледаваньні гэтых справах.

Цыганкоў: Хітом Юцюба сталі кадры затрыманьня апэратара Белсату Аляксандра Баразенкі, які не лаяўся матам, гаварыў толькі «я журналіст», але атрымаў 15 сутак арышту. Ці ў праваахоўных органаў асаблівы зуб менавіта на Белсат?

і Так, у іх на нас асаблівы зуб. Нашых журналістаў ужо затрымлівалі, на іх была сапраўдная аблога, калі анархісты анансавалі свае акцыі пратэсту ў розных гарадах — тады адначасова былі затрыманыя некалькі здымачных групаў. Зразумела, што такое паляваньне ідзе з-за таго, што ўпершыню Белсат прадставіў не расповед пра падзеі, а даў гледачам магчымасьць быць сьведкамі таго, што адбываецца. Для судоў, праваахоўнікаў і чыноўнікаў гэта сёньня галоўная небясьпека. Бо калі чалавек усё бачыць на свае вочы, то падмануць яго беларускаму тэлебачаньню будзе вельмі цяжка.

Цыганкоў: Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў Фэйсбуку, што «закрыцьцём „Белсату“ польская дыпляматыя прыбрала ад яго ахоўны парасон». Тэлеканал «Белсат» — частка польскай грамадзкай тэлевізіі TVP. У сьнежні стала вядома, што МЗС Польчшы прыняло рашэньне прыпыніць фінансаваньне тэлеканалу. У дадзены момант яго праца фінансуецца Польскай тэлевізіяй.

Ці лічыце вы, што лёс Белсату стаў пэўнай разьменнай манэтай у палітычных перамовах паміж афіцыйным Менскам і Варшавай?

Калінкіна: Я ня вельмі ў курсе польскай унутранай і міжнароднай палітыкі. Але наколькі я разумею, польская замежная палітыка так ці іначай павінна ўпісвацца ў эўрапейскую палітыку што да Беларусі. Эўразьвяз ніколі не даваў згоды на перасьлед СМІ. Наадварот, свабода слова — гэта адно з нешматлікіх патрабаваньняў, якія Эўразьвяз высоўвае да Беларусі. Я напрамую ня зьвязвала б гэтыя падзеі з польскай дыпляматыяй.

Мы ведаем, наколькі «сумленным» можа быць беларускі бок, там дай палец — яны адкусяць локаць.

Але мы ведаем, наколькі «сумленным» можа быць беларускі бок, там дай палец — яны адкусяць локаць. І паколькі Эўропа зараз рэагуе дастаткова мякка на падзеі ў Беларусі, то ў Менску, відаць, вырашылі, што і гэта зараз можна зрабіць, пад гарачыя падзеі. Тым больш што знайшлі фармальна нагоду, якая ня тычыцца свабоды СМІ — нібыта юрыдычная калізія.

Зьміцер Панкавец тут вылучыў вэрсію, што ім можа патрабавацца відэа для доказаў у новых крымінальных справах. Я нагадаю, што ніякага відэа ў Менску не захоўваецца, бо канал працуе з Польшчы, і ўсе сэрвэры там. Так што іхнія крокі выключна ад вялікага глупства ці ад вялікага нахабства.

Панкавец: У мяне ўвогуле такое ўражаньне, што сваімі дзеяньням апошніх дзён беларускія ўлады толькі падштурхоўваюць кіраўніцтва Польшчы захаваць Белсат. У свабоднай краіне, дзе няма рэпрэсіяў, можна было б даказваць, што такі канал, як Белсат, не патрэбны. А тут, калі адбываюцца масавыя арышты, — гэта толькі даказвае, што Белсат вельмі патрэбны, яго зарана сьпісваць, і ён мусіць існаваць на будучыню.

Былі спробы Менску наладзіць нейкія гешэфты, але — нічога не выгарала.

Што тычыцца магчымых перамоваў паміж афіцыйнымі Варшавай і Менскам, то я ўпэўнены, што яны былі. Былі спробы Менску наладзіць нейкія гешэфты, але — нічога не выгарала. Як вынік — Белсат усё яшчэ працуе, і як выглядае, будзе працаваць і надалей.

Калінкіна: Калі сёньня мы зайшлі ў офіс, там ужо не было нічога, зьнесьлі нават маніторы, на якіх няма ніякай інфармацыі. І што адбылося літаральна праз 10 хвілін? Усе журналісты дасталі свае ноўтбукі і пачалі працаваць. Так што сёньня гэта вялікае глупства — ваяваць з журналістыкай. Весьці стрымы, жывыя трансьляцыі можа любы чалавек, які мае тэлефон. І ўлады беларускія ніяк ня могуць гэтаму замінаць, перакрыць усе каналы. Нельга жыць у 20-м стагодзьдзі, калі ўжо даўно 21-ае, і сьвет даўно пайшоў наперад.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG