Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьезьдзілі на адпачынак у Карпаты — атрымаўся «лягер баевікоў ва Ўкраіне» 


Спартова-патрыятычны клюб «Патрыёт», Бабруйск. Фота з афіцыйнага сайту Ленінскага раёну Бабруйску

Гучную справу аб «падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў» Радыё Свабода пагадзіўся пракамэнтаваць чалавек, які мае дачыненьне і да «Белага легіёну», і да клюбу «Патрыёт». На гэты момант ён жадае захаваць ананімнасьць.

31 сакавіка 2017 году прынамсі шасьці затрыманым у гэтым месяцы прад’яўленае абвінавачаньне па частцы 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу «Навучаньне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках».

Сярод абвінавачаных — былы лідэр арганізацыі «Белы легіён» Міраслаў Лазоўскі і лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Такія ж абвінавачаньні выстаўленыя затрыманым студэнту БНТУ Івану Кавальчуку, былому студэнту гістфаку БДУ Яўгену Палтаржыцкаму, Сяргею Стрыбульскаму з «Маладога Фронту» і мэнэджэру па продажах Аляксею Абрамаву.

Па гэтай справе ад 21 сакавіка было затрымана 28 чалавек. Адзін з затрыманых — Сяргей Барсток — вызвалены 31 сакавіка пад падпіску пра нявыезд і неразгалошваньне. Мяркуецца, што вызвалены яшчэ адзін чалавек, але пацьверджаньня ад яго сваякоў на момант публікацыі яшчэ няма.

— Як чальцы «Белага легіёну» і клюбу «Патрыёт» апынуліся фігурантамі адной справы?

— Глядзіце, вайскова-патрыятычная арганізацыя «Белы Легіён» спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Але людзі нікуды не падзеліся. Яны камунікавалі, сябравалі, але ня болей за тое.

Вайскова-патрыятычны клюб «Патрыёт» быў створаны ў 2003 годзе. Ён дзейнічае афіцыйна пры аддзеле адукацыі Ленінскага раёна Бабруйскага райвыканкама. Кіраўнік Мікалай Міхальцоў — былы спэцназавец, прапаршчык.

Амаль з моманту стварэньня КДБ увесь час выклікала кіраўніка клюбу на размовы, прысутнічала на занятках.

Да сярэдзіны 90-х ён даслужыў, пасьля сышоў у бізнэс, і пасьля зьявілася ў яго думка пра стварэньне клюбу. Усе мерапрыемствы, якія клюб праводзіў, былі афіцыйна ўзгодненыя. Клюб быў адзінай вайскова-патрыятычнай арганізацыяй у Беларусі, дзе заняткі праводзіліся на беларускай мове, вывучалася беларуская гісторыя. Адпаведна гэта прыцягнула ўвагу КДБ — «што за клюб, чым дзеці займаюцца, чаму іх вучаць». Амаль з моманту стварэньня КДБ увесь час выклікала кіраўніка клюбу на размовы, прысутнічала на занятках. Клюб быў імі кантралявана-кіраваны. Уплыву на дзейнасьць яны не аказвалі, але працаваць не перашкаджалі.

І вось уявіце — клюб існуе 14 гадоў, КДБ пра яго ведае, а цяпер зь яго павыцягвалі людзей і прыпісваюць ім падрыхтоўку да масавых непарадкаў.

У «Патрыёце» займаліся дзеці. Найстарэйшаму цяпер будзе 24-26 гадоў. Калі «Легіён» спыніў сваё існаваньне, ім было па 10 гадоў. Яны пра яго нават не памятаюць.

Клюб займаўся вайскова-патрыятычнай падрыхтоўкай моладзі для службы ў войску, для паступленьня ў вайсковую акадэмію, акадэмію МУС. Вялікая колькасьць людзей ужо ці вучыцца ці скончылі. Усе чатыры затрыманыя «сілавікі» — выхадцы з «Патрыёту».

Тых 28 затрыманых па справе можна разьбіць на тры групы: былыя чальцы «Белага легіёну», выхаванцы клюбу «Патрыёт» і маладафронтаўцы. І яшчэ людзі, якія нейкім бокам зьвязаныя з кімсьці зь іх.

Наўпроставай сувязі паміж імі быць ня можа.

Наўпроставай сувязі паміж імі быць ня можа. Гэта людзі з розных пакаленьняў, гарадоў, — ёсьць купа іншых прычын, паводле якіх яны не маглі разам камунікаваць.

Паўсплывалі ў сьпісах такія людзі, пра якіх я нават даўно ня чуў. А тут гляджу: «о!» Яны [супрацоўнікі праваахоўных органаў — РС] прайшліся па старых сьпісах, узялі новых і звалілі ўсіх у адну купу.

Затрыманьні былі абсалютна розныя. Кагосьці затрымлівалі гвалтам, кагосьці спакойна і культурна. Я так разумею, што яны самі не разумелі прычынаў затрыманьня. Калі б яны адчувалі небясьпеку ў гэтых людзях, то ўсіх бы затрымлівалі з прымяненьнем сілы. Але на момант затрыманьня ім нічога не прад’яўлялі.

Зьяўлялася інфармацыя, што адзін зь лягераў клюба летась здымалі на відэа невядомыя. Таксама былі паведамленьні, што ў Стаўбцоўскім раёне, дзе нібыта знайшлі хованку з арматурай і зброяй, бачылі людзей у камуфляжы. Як вы ставіцеся да вэрсыі, што падрыхтоўка да гэтай справы пачалася задоўга да 25 сакавіка?

Лягер пад Бабруйскам здымалі не ў гэтым годзе, а ў мінулым.

Лягер пад Бабруйскам здымалі не ў гэтым годзе, а ў мінулым. Хто гэта рабіў, якое ведамства, мы ня ведаем. Але мясцовыя сказалі, што людзі прыехалі, паставілі апаратуру і вас здымалі. Гэта што тычыцца справы «Патрыёту».

Схрон за 120 кілямэтраў ад Менску ў Стаўпецкім раёне паказвае нейкі Яўген Палтаржыцкі. З усіх тых, каго я ведаю, ніхто ня ведае таварыша Палтаржыцкага.

Абсалютная загадка, хто гэта і што гэта. Чыйсьці сябар. Я асабіста яго ня ведаю, і людзі яго ня ведаюць. Тое, што ён даваў нейкія паказаньні супраць Данілава і Лазоўскага, то прычыны гэтага ў нас у галаве не ўкладаюцца.

Арматуру за 120 км нарэзаную схаваць, каб выкарыстоўваць яе на мітынгу 25 сакавіка?

Чаму у Налібоцкай пушчы гэты схрон паказалі — я ведаю, што хлапцы туды раней хадзілі ў паход. Але каб нарэзаць арматуру і туды гранаты завезьці, то гэта трызьненьне, чарговы фэйк прапаганды. Арматуру за 120 км нарэзаную схаваць, каб выкарыстоўваць яе на мітынгу 25 сакавіка? Я так разумею, сілавікі паглядзелі, дзе хлапцы хадзілі, і там заклалі.

— 21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ў першай палове дня кажа пра дзесяткі затрыманых баевікоў і лягер у раёне «Бабруйска і Асіповіч», а рэальна людзей пачынаюць затрымліваць толькі ўвечары. Чым вы тлумачыце гэтую розьніцу ў часе?

— Дапусьцім, што яму [Аляксандру Лукашэнку — РС] зранку прадставілі запіску, ён прачытаў, а ў абед агучвае гэта для СМІ. І пасьля ўжо сілавікі пачынаюць адпрацоўваць, што было сказана. Ён нават ня ведаў, калі іх затрымліваюць — сказаў, што «літаральна ў гэтыя хвіліны». Браць пачалі тых, каго змаглі затрымаць. Сілай узялі Лазоўскага, Яўдаху [Алесь Яўдаха — затрыманы па справе кнігаспаўсюднік — РС], Дундукова [Андрэй Дундукоў — затрыманы па справе супрацоўнік Міністэрства па надзвычайных сытуацыях — РС] ўвогуле затрымалі на мяжы, бо ён з жонкай, дзіцем і яшчэ адным таварышам ехалі ва Ўкраіну пахадзіць па гарах. Кагосьці затрымалі на службе.

Зьвярніце ўвагу, што сам кіраўнік «Патрыёту» — адзін з апошніх затрыманых.

Цяпер яны кажуць, што «Патрыёт» рыхтаваў баевікоў для ўдзелу ў масавых непарадках. Але зьвярніце ўвагу, што сам кіраўнік «Патрыёту» — адзін з апошніх затрыманых. Яго не ўзялі адразу. Што гэта азначае? Улады ня ведалі нават, у чым менавіта будуць людзей абвінавачваць.

Спачатку ягонага сына Яна затрымалі ў Гомелі, дзе ён служыў. Бацьку выклікалі ў КДБ, сказалі, што сын затрыманы. З бацькам правялі размову. Пасьля бацьку адпусьцілі. Пасьля бацьку выклікалі ізноў, правялі вобшук. І зранку яго ізноў адпускаюць. І толькі ў абед па яго ім прыехалі менскія камітэтчыкі. Мы бачым абсалютную няўзгодненасьць у дзеяньнях сілавікоў.

У мяне ёсць адчуваньне, што ўлада сама сябе перагуляла. І цяпер сытуацыя грае не на руку ўладам. Яны карцінку намалявалі, зрабілі гучныя заявы, а цяпер ня ведаюць, што людзям прад’явіць.

Таксама усіх затрымлівалі ў розных месцах. Калі гэта група, чаму кагосьці зь іх разам не затрымалі?

Людзі адвучыліся 5 гадоў у вайсковай акадэміі, ніякіх пытаньняў да іх не было.

Падумайце, людзі адвучыліся 5 гадоў у вайсковай акадэміі, ніякіх пытаньняў да іх не было. Людзі даслужыліся да званьня капітана, старэйшага лейтэнанта — і не было пытаньняў. А тут праз 14 гадоў існаваньня клюба яны ўскрываюць цэлую сетку!

З тых 28 затрыманых дзьве траціны — проста выпадковыя людзі. Для чалавека, які ведае абедзьве структуры, затрыманьні выглядаюць так: затрымалі аднаго чалавека, узялі ў яго тэлефон, паглядзелі, зь кім ён камунікаваў — і сталі іх затрымліваць. Бо апошнія два гісторыкі вельмі далёкія людзі што ад «Патрыёта» што ад «Легіёну». Ніякай повязі паміж «Белым легіёнам», «Патрыётам» і «Маладым фронтам» я цяпер не бачу.

Рэальна на дадзены момант ёсьць дзьве ахвяры — Данілаў [Віктар Данілаў — адзін зь першых затрыманых — РС] і Лазоўскі. Вакол іх круціцца справа, ім пападкідвалі зброю.

— Што дае вам падставы сьцвярджаць, што ім падкінулі зброю?

— Ёсьць апэратыўнае відэа, калі Лазоўскага затрымліваюць 21-га сакавіка ўвечары. Я не вызначыў вуліцу, але аўтамабіль стаяў па 2-й ці па 3-й паласе, то бок па цэнтры дарогі. Пасьля паказваюць апэратыўнае відэа, дзе сьветлы дзень наступнага дня. Там спакойна з багажніка дастаюць аўтамат і два магазіны з патронамі. І Лазоўскі пасьміхаецца і паказвае, што гэта не ягонае.

Аўтамат у яго знайшлі бяз нумару, што ў мяне ў галаве не ўкладаецца. Уся стралковая зброя мае свой заводзкі нумар. Аўтамат без нумару — гэта як чалавек з чыстым пашпартам. На заводзе такое вырабіць ня могуць.

Да ўчорашняга дня я думаў, што людзі, якія рабілі мантаж гэтага роліку, спэцыяльна акцэнтавалі на гэтым увагу, каб мець для сябе дыяпазон дзеяньняў. Каб пасьля прызнаць, што гэты аўтамат, напрыклад, вучэбны. Бо на вучэбных аўтаматах нумароў няма. Вызначыць, які ён, можна толькі калі ўзяць яго ў рукі. Можа быць, ня ведаючы, што чалавеку будзе прад’яўлена, яны пакінулі сабе магчымасьць апраўдацца: маўляў, затрымалі, але пасьля адпусьцілі, бо зброя апынулася вучэбная. Але боепрыпасы сапраўдныя. Гэта ўскладняе ўсю гульню.

— Чаму менавіта Данілаў і Лазоўскі сталі галоўнымі фігурантамі?

— Міраслаў — адзін з былых лідэраў. У 2008-м годзе яго і Сяргея Чыслава-Бульбу спрабавалі прыцягнуць па справе выбуху ў Менску. Тады ім нічога не змаглі прад’явіць. Па Данілаве я сам трохі зьдзіўлены. Ён ніколі ня быў экстрабайцом, службы ў спэцпадразьдзелах у яго за сьпіной няма. Звычайны хлапец. Хлапец харошы. Але яго проста прызначылі «самым галоўным баевіком». Магчыма, з-за таго, што ў яго была легальная зброя. Гэта маё такое падазрэньне.

Ёсьць група затрыманых, якія служылі ў сілавых структурах. Гэтыя затрыманьні на карысьць вэрсыі пра «вялікую і страшную змову» ці яны яе падрываюць?

Усе гэтыя людзі былі ва Ўкраіне «па турызьме», хадзілі ў горы.

Я так скажу — усе гэтыя людзі былі ва Ўкраіне «па турызьме», хадзілі ў горы. Ян, сын Міхалькова, ва Ўкраіну ня езьдзіў. Але калі ён вучыўся, ён трапіў пад нагляд КДБ. Яго на 5-м курсе торгалі, пагражалі адлічэньнем, кампутар у яго забіралі. Але ён выпусьціўся ў 2016-м, паўгоду адслужыў і пасьля яго ізноў затрымліваюць.

А іншыя хлопцы былі ў Карпатах у гарах. Магчыма, для тых, хто затрымліваў, гэта стала фактарам, які падмацоўвае вэрсію пра «лягер баевікоў ва Ўкраіне».

— Ці можа нейкі «ўкраінскі сьлед» яшчэ ўзьнікнуць у гэтай справе?

— Толькі гэты «турызм». Ну і тое, што яны нешта адтуль прывозілі, — шаўроны, налепкі. Апэратыўнае відэа можна па кавалках разабраць, каб паказаць: што і дзе можна легальна купіць ва Ўкраіне. Пнэўматычныя пісталеты не зьяўляюцца забароненымі. Гаспадарчыя сякеры не зьяўляюцца забароненымі, Сапёрныя рыдлёўкі не забароненыя. Па сукупнасьці там няма чаго прад’явіць, апроч вось гэтага аўтамата і боезапасаў.

— З той інфармацыі, што ёсьць у вас, і што трапляе ў прэсу, у вас ёсьць адчуваньне, што хтосьці з затрыманых дае паказаньні па справе супраць іншых?

— Так, ёсьць. Ці паказаньні, ці, глядзіце — пакуль яны сядзяць амаль ва ўсіх былі вынятыя кампутары, ноўтбукі, тэлефоны. Новыя затрыманыя зьяўляюцца па меры апрацоўкі гэтай інфармацыі. Вось скрайнія два гісторыкі — гэта знаёмыя Данілава. Але Данілаў не займаў аніякіх лідэрскіх пазыцый, кіруючых пасадаў. Ён чалавек ня першага эшалёну ў пляне актыўнасьці. Цяпер яны апрацоўваюць ягоныя колы камунікацыі і зьяўляюцца дадатковыя фігуранты.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG