Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе «расейскіх грошай» для Марын Лё Пэн зьявіўся новы сьлед


Журналісты Mediapart — парталу, якія займаюцца расьсьледаваньнямі, атрымалі доступ да дакумэнтаў, паводле якіх ультра-правая партыя «Нацыянальны фронт» мінулым летам разглядала магчымасьць атрыманьня крэдыту ад расейскага банку.

15 чэрвеня 2016 году выканаўчая рада партыі «Нацыянальны фронт» вывучыла праект крэдыту ад банку «Стратэгія». У доўг меркавалася ўзяць 3 мільёны эўра пад 6 адсоткаў гадавых з мэтай «фінансаваньня францускай выбарчай кампаніі» ў пэрыяд з красавіка па май 2017 году.

Паводле дадзеных Mediapart, названы ў дакумэнце банк «Стратэгія» Цэнтрабанк Расеі пазбавіў ліцэнзіі ў ліпені 2016 году. Гэтая інфармацыя сыходзіцца з паведамленьня прэсавай службы Банку Расеі аб адклiканьнi ліцэнзіі крэдытнай арганізацыі «Стратэгія» 21 ліпеня 2016 году.

Як паведамляюць СМІ, на момант ліквідацыі крэдытная ўстанова знаходзілася на 247 месцы ў рэйтынгу расейскіх банкаў. Менавіта нізкі рэйтынг і наступная ліквідацыя «зьвязваюць» банк «Стратэгія» зь Першым чэска-расейскім банкам, у якога «Нацыянальны фронт» ў 2014 годзе атрымаў крэдыт на суму 9 мільёнаў эўра.

Іншым фактам у дасье пра «расейскае фінансаваньне» «Нацыянальнага фронту» зьяўляецца магчымае пасярэдніцтва з абодвума банкамі эўрадэпутатуё Жана-Люка Шафхаўзэра. Ён вядомы тым, што ў 2014 годзе наведаў ўсход Украіны ў якасьці «назіральніка» на «выбарах» у так званыя «ДНР» і «ЛНР».

Шафхаўзэр заявіў, што «ніякага ні другога, ні трэцяга крэдыту не было», абвінаваціў журналістаў у несумленнасьці і тупасьці, і паабяцаў падаць скаргу за парушэньне таямніцы сьледзтва.

«Нацыянальны фронт» і раней адмаўляў атрыманьне іншых крэдытаў з Расеі. У Францыі атрыманьне фінансаваньня палітычных партый не забаронена законам, аднак у выпадку «Нацыянальнага фронту» да сёньня невядома, ці былі выплачаныя працэнты па крэдыце зь Першага чэска-расейскага банку, бо ніякага дакумэнту, які б гэта пацьвярджаў, прадстаўлена не было.

24 сакавіка Марын Лё Пэн сустрэлася з Уладзімірам Пуцінам у Крамлі. Пуцін паабяцаў ня ўмешвацца ў выбары ў Францыі. Гаворка ішла аб першай «афіцыйнай» сустрэчы, аднак размовы пра дзьве магчымыя сустрэчы расейскага прэзыдэнта і лідэра «Нацыянальнага фронту» ў мінулым ідуць даўно, праўда пакуль і гэтаму не было доказаў.

Францускія палітолягі і журналісты адзначаюць, што факт прыёму Лё Пэн ў Крамлі кажа пра відавочную падтрымку кандыдата ад ультра-правых на прэзыдэнцкіх выбарах.

Акрамя Ўладзіміра Пуціна Марын Лё Пэн атрымала падтрымку з боку Марыі Катасоновой, памочніцы расейскага дэпутата-ўльтранацыяналіста Яўгена Фёдарава. Ужо некалькі дзён яна знаходзіцца ў Францыі і стварыла сабе вобраз галоўнай расейскай прыхільніцы Марын Лё Пэн. Выданьне l’OBS, аднак, адзначае, што гэты вобраз новы, да гэтага памочніца ў Думе праславілася кампаніяй супраць Гілары Клінтан.

Марыя Катасонава

Марыя Катасонава

У Крамлі Катасонова ўручыла Лё Пэны 17 сініх руж — сымбаль кампаніі лідэркі «Нацыянальнага фронту», а вось у Францыю Марыя Катасонава прывезла трыптых з партрэтаў Уладзіміра Пуціна, Дональда Трампа і ўласна Марын Лё Пэн. Пры сустрэчы з Лё Пэн Катасонава паабяцала зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць Лё Пэн на выбарах.

У Бардо 2 красавіка адбудзецца мітынг Марын Лё Пэн, на які таксама прыедзе Марыя Катасонова.

Першы тур прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі прызначаны на 23 красавіка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG