Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызваліў іншых зь «сіняга буса», сам адседзеў 15 сутак — Арцём Скарабагаты пра зьняволеньне


Арцём Скарабагаты (на верхняй прыступцы) выходзіць з аўтазака на суд, 16 сакавіка 2017 году

Напярэдадні «Маршаў недармаедаў» 15 сакавіка, а таксама падчас і пасьля іх былі затрыманыя дзясяткі чалавек. Пасьля дазволенага ўладамі менскага «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка «людзі ў цывільным» напалі на тралейбус, у якім ехалі анархісты. Людзей з тралейбуса грузілі ў мікрааўтобусы без нумароў, некаторыя з затрыманых сьцьвярджаюць, што ня мелі дачыненьня да анархістаў або наогул ня бралі ўдзелу ў акцыі.

Адным з затрыманых пасажыраў тралейбуса быў Арцём Скарабагаты, які дапамог уцячы зь «сіняга буса» іншым, але сам не пазьбег затрыманьня — у выніку яго асудзілі на 15 сутак.

Як і іншыя затрыманыя, ён сьцьвярджае, што «людзі ў цывільным» не прадстаўляліся, не паказвалі дакумэнтаў і не казалі пра прычыны затрыманьня.

«На прыпынку каля „Белай вежы“ тралейбус спыніўся, яго заблякавалі бусамі без нумароў, — распавядае ён Свабодзе. — Выйшлі людзі ў спартовых касьцюмах і спрабавалі выцягваць пасажыраў, але пакуль дзьверы трымалі, у іх ня надта атрымлівалася. Распылілі газ, тады дзьверы адчынілі і пачалі браць тых, хто быў у салёне».

• «Хапалі за галаву і цягнулі па асфальце», — відавочца затрыманьня анархістаў у Менску

«Людзі ў цывільным» адвялі яго ў мікрааўтобус разам зь іншымі затрыманымі. Калі мікрааўтобус ад’ехаў і спыніўся на скрыжаваньні, Скарабагаты здолеў адчыніць дзьверы, крыкнуў іншым, каб уцякалі. «Сам я таксама выбег, але ў мяне быў вялікі заплечнік — і мяне злавілі, — згадвае ён. — Калі пабяжыць шмат людзей, нехта па-любому ўцячэ, таму цікаць трэба ўсім. А там каго зловяць, дык зловяць, а не, дык не».

Пасьля гэтага яго вярнулі ў мікрааўтобус, дзе, як ён кажа, яго зьбілі «людзі ў цывільным».

Суд над Скарабагатым цягнуўся каля паўтары гадзіны. Ён тлумачыць такі працяглы суд прысутнасьцю адваката: той задаваў пытаньні сьведкам-міліцыянтам, яны блыталіся ў паказаньнях і ня памяталі некаторых дэталяў. Нягледзячы на гэта, яго асудзілі на 15 сутак — давялося пабываць у СІЗА на Акрэсьціна і ў Жодзінскім ІЧУ.

«На Акрэсьціна зрабілі рамонт, і там ёсьць гарачая вада, Але порцыі вельмі малыя і ежа абы-якая, — кажа Скарабагаты. — Але мне было збольшага ўсё адно, бо я і так ведаў, што есьці ня буду, бо ня ем нічога жывёльнага паходжаньня. Гуляць не вадзілі, у душ таксама. Прасілі, ды нешта ім не хацелася. Але перадачы былі — і было нармальна.

У Жодзіне было холадна, бо спачатку ня грэлі батарэі, але пазьней пачалі тапіць. Вады гарачай не было. Набіралі ваду ў плястыкавыя бутэлькі і грэлі на батарэях. Вадзілі гуляць, але ў душ так і не дапрасіліся».

• Адседзела суткі, вынесла сьмецьце, навучыла сукамэрніц сартаваць адкіды — Марына Дубіна пра зьняволеньне

Скарабагаты кажа, што напісаў заяву, каб яму выдалі копію пастановы суду, пратакол аб правапарушэньні і іншыя дакумэнты, але нічога з папераў не атрымаў.

Арцём паходзіць са шматдзетнай сям’і Скарабагатых, на волі яго сустракалі 9 чалавек — бацькі, браты і сёстры (усяго ў сям’і 11 чалавек).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG