Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх наступстваў для Беларусі варта чакаць ад візыту яе кіраўніка ў Туркмэністан?


Адкрыцьцё Гарлыцкага камбінату, 31.03.2017

Глод: Лукашэнка паляцеў у Туркмэністан, каб урачыста адкрыць Гарлыцкі камбінат. Рашэньне беларускіх уладаў будаваць у Туркмэністане вялікі горнаўзбагачальны камбінат прымалася яшчэ восем гадоў таму. Ужо тады беларускія эканамісты задаваліся пытаньнем: навошта ўласнымі рукамі ствараць канкурэнта «Беларуськалію»? Найбуйнейшыя пакупнікі беларускіх угнаеньняў знаходзяцца ў дзьвюх краінах — Кітаі і Індыі. А цяпер паглядзім на геаграфічную мапу. Абедзьве гэтыя краіны значна бліжэй да Туркмэністану, чым да Беларусі. Значыць, туркмэнскія ўгнаеньні будуць істотна перабіваць нашы пастаўкі.

Было б зразумела, калі б Гарлыцкі камбінат узводзіла нейкая нэўтральная краіна, у якой няма ўласных калійных угнаеньняў, але якая мае вялікі досьвед будаўніцтва. Але чаму за гэтую справу ўзялася краіна, якая сама здабывае калій і прадае яго ў вялікіх маштабах? Магчыма, таму, што за будаўніцтва ўзяліся як за прапагандысцкі прэстыжны праект. Аднак ці можна жыць толькі сёньняшнім днём, ня думаючы, што будзе пазьней?

Дарэчы, туркмэны спачатку прапаноўвалі, каб камбінат будавалі расейскія спэцыялісты. Аднак расейцы адразу адмовіліся ад праекту, бо яны зыходзілі з прынцыпу: а навошта нам дадатковы канкурэнт на ўсясьветным рынку ўгнаеньняў?

Вось да якіх высноваў мы прыходзім, калі глядзім на беларуска-туркмэнскія дачыненьні выключна праз магчымыя страты ад калію. Але некаторыя экспэрты кажуць, што дапамога туркмэнам у будаўніцтве камбінату — гэта, калі можна так казаць, «шматвэктарная зьдзелка». Калі складанасьці з аплатай расейскага газу будуць працягвацца, Беларусь можа ў любы момант зьвярнуцца да туркмэнаў. Маўляў, мы вам дапамаглі, а цяпер вы выручайце нас. І гэта будзе цалкам лягічна. Калі Масква ўпрэцца і ня зьменшыць кошты на газ, Менск можа купляць яго ў Туркмэністане, які лічыцца чацьвёртай у сьвеце краінай па колькасьці запасаў блакітнага паліва.

Другім складнікам дамовы лідэраў можа стаць зброя. У тым сэнсе, што Беларусь гатовая прадаць пэўную колькасьць сучаснай зброі ў Туркмэністан.

Гандлёва-эканамічныя дачыненьні дзьвюх згаданых краін — на невысокім узроўні. Гэта значыць, што Туркмэністан і Беларусь адно для аднаго не зьяўляюцца ключавымі партнэрамі. Розныя падыходы тут і да інтэграцыі. Туркмэністан не ўваходзіць у Эўразійскі эканамічны саюз і іншыя інтэграцыйныя структуры на постсавецкай прасторы, уключна з АДКБ. Нават у СНД Туркмэністан мае статус асацыяванага сябра. Краіна падкрэсьлівае свой амаль абсалютны нэўтралітэт.

А вось дачыненьні паміж двума кіраўнікамі заўсёды былі цёплыя. З кожнай нагоды Лукашэнка выказваў захапленьне прэзыдэнтам Туркмэністану, а Бэрдымухамэдаў заўсёды пры нагодзе выказваўся цёпла пра прэзыдэнта Беларусі.

Сярод іншага, беларускага кіраўніка падчас цяперашняга візыту можа зацікавіць досьвед кансэрвацыі туркмэнскай палітычнай мадэлі. Аўтарытарную спадчыну, закладзеную пры папярэднім прэзыдэнце, Туркмэнбашы («Бацьку ўсіх туркмэнаў») Сапармураду Ніязаву, падхапіў ягоны наступнік Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. У 2012 годзе ён абвясьціў пра пачатак «Эпохі Магутнасьці і Шчасьця». Папярэдні этап афіцыйна называўся «Эпохай Вялікага Адраджэньня».

На фоне туркмэнскага лідэра рэжым Лукашэнкі падаецца «софтавай» вэрсіяй. Але дыктатура — рэч заразная.

Карбалевіч: Гандлёвы абарот паміж дзьвюма краінамі невялікі. Таму супрацоўніцтва вакол гэтага камбінату — асноўны вузел у адносінах паміж Беларусьсю і Туркмэністанам.

Нагадаю, што мінулым годам узьніклі сур’ёзныя супярэчнасьці паміж бакамі. Адбывалася нават публічная перапалка, узаемныя прэтэнзіі. Што вельмі дзіўна, ня ў стылі ўсходняй дыпляматыі. Відаць, канфлікт набыў востры характар.

Што тычыцца таго, што Беларусь уласнымі рукамі стварае сабе канкурэнтаў.

Па-першае, калі востра патрэбна валюта, тут і цяпер, то пра будучыню беларускае кіраўніцтва ня думае. Тым больш што сума, якая стаяла на кану — 1 млрд даляраў — даволі вялікая.

Па-другое, думаю, калі б Беларусь не дапамагла ў будаўніцтве, то знайшліся б іншыя кампаніі, зь іншых краін, і камбінат усё роўна пабудавалі б. Так што пэўная лёгіка ў рэалізацыі такога праекту ёсьць.

Што тычыцца думкі пра магчымую куплю туркмэнскага газу, то, думаю, гэта немагчыма. Трубаправоды з Туркмэністану праходзяць праз тэрыторыю Расеі, яны належаць Газпрому. Не ўяўляю, што Газпром дазволіць транзыт туркмэнскага газу ў Беларусь. Навошта яму дапамагаць канкурэнту і разбураць манаполію на пастаўкі газу Беларусі?

Цыганкоў: Увядзеньне ў строй Гарлыцкага камбінату плянавалася ў 2015 г. Аднак вось толькі цяпер яго запускаюць. Паводле інфармацыі туркмэнскай службы Радыё Свабода, поўнасьцю камбінат яшчэ не гатовы да працы. І пасьля ўрачыстага адкрыцьця работы там будуць працягвацца.

Таксама думаю, што Беларусь слушна рэалізавала гэты праект, бо знайшліся б іншыя кампаніі, якія б адхапілі гэты куш.

Вядома, што пасьля кожнага візыту Лукашэнкі ў нейкую краіну дзяржаўныя мэдыі кажуць пра неверагодныя эканамічныя, гандлёвыя пэрспэктывы ў Беларусі з гэтай краінай. Але вялікіх вынікаў гэтыя візыты не прыносяць. Вось апошнія два гады аб’ём гандлёвага абароту паміж Беларусьсю і Туркмэністанам скараціўся ў некалькі разоў. Такая ж тэндэнцыя назіраецца ў першыя месяцы 2017 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG