Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неяк мне давялося прысутнічаць на судзе, дзе мужчына абвінавачваўся ў наўмысным зьбіцьці сваёй жонкі. Ён усё адмаўляў, але збольшага свае сілы накіроўваў на тое, каб давесьці навакольным, якая кепская і амаральная гэтая жанчына.

Ён эмацыйна распавядаў, як яна сама білася галавой аб сьцяну і наўмысна разьбівала рукі ў кроў, каб навакольныя яе пашкадавалі, і яна магла б у выніку засудзіць яго, добрага мужа і бацьку. Ён казаў гэта з неверагодным цынізмам, і было відаць, што з сумленьнем гэты чалавек дзесьці дакладна разьмінуўся.

Судовы маратон па той справе скончыўся тым, што яго апраўдалі. Нягледзячы на матэрыяльныя доказы і заключэньні псыхолягаў.

Пасьля справаў, зьвязаных з хатнім і сэксуальным гвалтам, мяне абсалютна не зьдзіўляюць цяперашнія паводзіны міліцыянтаў і судзьдзяў.

Пасьля таго суду, на якім я прысутнічала асабіста, і пасьля іншых справаў, зьвязаных з хатнім і сэксуальным гвалтам, мяне абсалютна не зьдзіўляюць цяперашнія паводзіны міліцыянтаў і судзьдзяў адносна затрыманых за «Маршы недармаедаў» і на Дзень Волі.

І гісторыя аб тым, як Алесь Лагвінец нібыта сам біўся галавой аб сядзеньне машыны, і дабіўся да страсеньня мозгу, мне не падаецца неверагоднай, — яна цалкам упісваецца ў беларускую дзяржаўную матрыцу. Гэтыя людзі, якія завуцца міліцыянтамі, хлусяць гадамі, а людзі, якія завуцца судзьдзямі, гадамі вераць у гэтую хлусьню (ці, прынамсі, робяць выгляд, што вераць).

Калі б’е ня муж, а АМАПавец, то факт несправядлівасьці і гвалту ўжо не падаецца прагрэсіўнай грамадзкасьці сумнеўным.

І калі я і мае паплечніцы кажам пра гэта як пра сыстэмную праблему, ад нас часта адмахваюцца, кажуць, што мы перабольшваем, што судзьдзі лепш ведаць, і ўвогуле, жанчына сама вінаватая, што жыве з агрэсарам ці што выпівала ў сяброўскай кампаніі. Але калі б’е ня муж, а АМАПавец, і робіць гэта не за нясмачны плоў, а за спробу выказваньня грамадзянскай пазыцыі, то факт несправядлівасьці і гвалту ўжо не падаецца прагрэсіўнай грамадзкасьці сумнеўным.

Але гэта ўсё — часткі адной матрыцы. Калі дзяржаўныя службоўцы лічаць дапушчальным хлусіць і ігнараваць закон у адной сфэры, дык не даводзіцца чакаць чыстага прафэсіяналізму і ў іншых. Убачыўшы матрыцу аднойчы, яе ўжо немагчыма «разбачыць». Можна забыцца на нейкія дэталі, але нельга забыць саму сыстэму, якая падпарадкоўваецца ўласным законам, а ня нашым жаданьням і ўяўленьням пра справядлівасьць.

У Беларусі існуюць дзьве вялікія матрыцы: дзяржаўная і народная.

Па сутнасьці, у Беларусі існуюць дзьве вялікія матрыцы: дзяржаўная і народная. Большую частку часу паміж імі няма вялікіх канфліктаў, але часам яны пярэчаць адна адной у нейкіх прынцыповых аспэктах, і тады мы назіраем сытуацыю глябальнага непаразуменьня.

Пытаньне ў тым, што для грамадзтва найбольш прынцыпова, а што традыцыйна сьпісваецца з рахункаў як другаснае і не надта істотнае. Часам здаецца, што ўсе ўжо ведаюць, як важна ўступацца за іншых, бо калі ў выніку прыйдуць па цябе, ужо можа ня быць, каму заступіцца. Але гэта толькі здаецца, што ведаюць усе.

Салідарнасьць у нас вельмі сытуацыйная і залежыць збольшага не ад таго, наколькі несправядліва з чалавекам абышлася дзяржава, а ад таго, зь якой нагоды адбыўся канфлікт.

Шмат хто з тых, хто сёньня так абураецца хлусьлівай і несправядлівай сыстэмай, стане зноўку расказваць, што жанчына сама вінаватая.

У мяне няма вялікага аптымізму наконт таго, як зараз салідарызуецца грамадзкасьць, бо я памятаю не толькі пра дзяржаўную, але і пра народную матрыцу. Шмат хто з тых, хто сёньня так абураецца хлусьлівай і несправядлівай сыстэмай і кажа пра «садыстаў, якія пасьмелі біць жанчын», стане зноўку расказваць, што жанчына сама вінаватая, калі яе б’е муж, і раз яна ад яго не сыходзіць, то заслугоўвае такога да сябе стаўленьня. Яны ня будуць бачыць нейкіх супярэчнасьцяў у сваіх пазыцыях, а шматлікія навакольныя працягнуць лічыць іх добрымі і прыстойнымі людзьмі і паціскаць руку пры сустрэчы.

Нічога ня зьменіцца, пакуль народная матрыца працуе менавіта так.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG