Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі скончыўся і ня скончыўся. У многіх сэнсах гэта – працэс.

Першае, што кінулася ў вочы, пра што пішуць – народ перастаў баяцца.

Нягледзячы на грымотны залп з усіх ствалоў БТ, адкрытыя крымінальныя справы, заклікі ня йсьці на Дзень Волі ад часткі тых, хто называе сябе апазыцыяй. Нягледзячы на недаезд да акцыі Міколы Статкевіча, які браў на сябе адказнасьць за марш.

У народа зьмяніўся настрой. Народ пасьмялеў, папросту зьмяніўся.

Думаю, справа ня толькі ў дэкрэце №3, гэта толькі чарговая памылка ўлады, як тая кропля, што пераліваецца цураз край.

Справа ў тым, што ў жыцьцё ўваходзіць новая генэрацыя.

Інакш кажучы, тыя людзі, да якіх апэляваў Лукашэнка ў 1994 годзе, зьмяніліся на іхных дзяцей і ўнукаў, якія трошкі па-іншаму бачаць развіцьцё краіны, і, як людзі з новай энэргіяй, наўпрост уплываюць на сваіх бацькоў.

Гэта тычыцца ня толькі паспалітага люду, але й кіраўніцтва краіны. Спробы вывесьці Беларусь ў шырэйшы сьвет, чым ёсьць постсавок, сьведчаць пра тое, што гэтых людзей там не адзінкі і яны намацваюць новую стратэгічную лінію разьвіцьця краіны. Гэта спроба дамовіцца з Захадам і выйсьці з-пад жорсткай прывязкі да Расеі. Спробы замест канфрантацыі наладзіць дыялёг ў грамадзтве. Пяцідзённы, а зараз вядзецца і пра дванаццацідзённы бязьвізавы рэжым для замежнікаў. Крыху іншае стаўленьне да нацыянальных сымбаляў і мовы.

І гэта лягічнае разьвіцьцё падзеяў. Бо праблема бацькоў і дзяцей існуе нават для Лукашэнкі і ягоных сыноў.

За яго сынамі не стаяць цені зьніклых палітыкаў, іх ня цягне груз адказнасьці за ўсё наабяцанае, яны папросту іншыя, і ён ня можа гэтага не разумець.

Нават сталыя людзі адчуваюць гэтую зьмену настрояў і натхняюцца новай энэргіяй, таму й выходзяць на мітынгі «дармаедаў» па ўсёй краіне. Гэта, між іншым, тыя, хто бег галасаваць за Лукашэнку ў 1994. Што гаварыць пра тых, хто за яго не галасаваў ніколі.

Дваццаць пятага сакавіка каля ЦУМу я сустрэў колішняга намесьніка дырэктара газэты «Свабода» Ігара Каляду. Чалавеку за шесьцьдзесят, праз колькі дзён апэрацыя на сэрцы.

Пытаюся: — Навошта прыйшоў? Адказвае: — Ты ведаеш, нешта памянялася ў атмасфэры. Захацелася ўбачыць, адчуць. Сустрэць каго. Вось цябе сустрэў.

Гэта адно з назіраньняў. Іншае.

Сябра зь дзясятак гадоў таму вярнуўся на сталае жыцьцё з Расеі. Заўсёды старанна абыходзіў палітычныя тэмы. Пасьля падобных закалотаў сядзеў ціха, выходзіў на сувязь толькі празь некалькі дзён. Але пасьля разгону, не датэлефанаваўшыся, прыслаў эсэмэску з аднаго слова: Жыве!

Для мяне гэта знакавая падзея ў нашых стасунках.

Ваджу малога на трэніроўкі баскету, побач у суседняй залі займаецца група каратэ. Нечакана пазнаю ў маладой трэнэрцы зорку інтэрнэту. Яе фота-сэлфі на тле амонаўскіх шчытоў набрала шалёную колькасьць праглядаў. Пазытыўная, энэргічная, самадастатковая дама.

Папулярны малады аўтар зь вёскі Прудок Андрусь Горват піша адкрыты ліст — Лукашэнку, зьмест ліста перадаецца адной фразай — мы вас не баімося.

Перад гэтым яшчэ адзін папулярны фб-аўтар Стась Карпаў піша закрыты ліст — Шуневічу, прыкладна з тым самым пасылам.

З рыпеньнем, але мяняецца й апазыцыя. І гэтыя новыя твары выклікаюць агонь на сябе, бо сапраўды нясуць новыя нестандартныя формы дзейнасьці, якія працуюць і маюць водгук у людзях.

Зламалі нос Алесю Лагвінцу, які нечакана, талкова й крэатыўна правёў свае выбарчыя кампаніі, запрашаючы на сустрэчы Лявона Вольскага. Нос ламалі менавіта Лагвінцу, але не якому іншаму апазыцыйнаму дзеячу, бо вызначылі менавіта яго, як найбольш нечаканага, а таму небясьпечнага.

Анархісты часоў выданьня газэты «Навінкі» і сёньняшняя генэрацыя, якая не баіцца ісьці на відавочнае сутыкненьне й атрымаць турэмны тэрмін, гэта зусім розныя людзі.

Зьміцер Дашкевіч і «Малады Фронт» — увогуле крыніца нестандартных, інтуітыўных хадоў, якія выклікаюць нечуваны рэзананс. Абарона Курапатаў гэта красамоўна засьведчыла.

Дзень Волі быў разагнаны, але ніяк не пераможаны і пакінуў пасьля сябе вялікі пытальны знак.

Зараз вырашаецца, якія зьмены напаткаюць краіну.

Беларускае грамадзтва ўпарта правакуюць на тое, каб атрымаць падставу на ўжываньне старых, кандовых зубадрабільных інструмэнтаў. Каб нічога не мяняць. Але не атрымваецца.

Фронт паміж новым і старым пралягае ня столькі зьнешне, паміж уладай і апазыцыяй, але ўнутры і ўлады, і апазыцыі. Кандовае змагаецца з творчым і крэатыўным.

У народзе гэтага фронту не відаць. Не відаць нефармальных натоўпаў абаронцаў савецкіх парадкаў ці прыхільнікаў Лукашэнкі. Мабыць кандовае проста паблекла, апусьціла рукі і галаву, незваротна састарэла, яго не відаць побач з актыўным і маладым.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG