Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самі вы неканструктыўныя»: Беларусь і Расея абмяняліся завочнымі папрокамі ў газавых перамовах


Прэс-сакратар беларускага Савету Міністраў Уладзіслаў Сычэвіч сказаў у заяве, распаўсюджанай Саўмінам 31 сакавіка, што лічыць неканструктыўнай заяву расейскага міністра энэргетыкі Аляксандра Новака аб «недастаткова канструктыўнай пазыцыі Менску ў газавай спрэчцы», агучаную наконт нядаўніх перамоваў прэм’ераў Кабякова і Мядзьведзева.

Гэтая заява, кажа Сычэвіч, «не адпавядае таму, што на самой справе адбывалася на сустрэчы», а беларускі бок не разглядае 700 млн даляраў, што патрабуе Расея за газ, «у якасьці запазычанасьці»:

«Беларускі бок настойвае альбо на безумоўным выкананьні падпісанага ў лістападзе 2011 году міжурадавага пагадненьня пра цэнаўтварэньне на газ і спадарожную нарматыўна-прававую базу, альбо на ўзгадненьні бакамі ўзаемапрымальных зьменаў у названае пагадненьне».

Паводле Сычэвіча, Беларусь і Расея дамовіліся «працягваць перамовы ў канструктыўным ключы». Новак жа заяўляў, што канчатковай дамовы няма «ў першую чаргу праз тое, што Беларусь не гатовая сплаціць назапашаную запазычанасьць без прадастаўленьня расейскім бокам прэфэрэнцыяў як у цане, так і ў тэрмінах, мэханізьме фармаваньня цаны».

Ці пагражае Беларусі дэфолт?

Перамовы паміж Масквой і Менскам пра ўмовы ўрэгуляваньня нафтагазавага канфлікту доўжацца амаль год. Беларускія ўлады настойваюць, што цана расейскага газу ў даляравым эквіваленце павінна быць зьніжаная, з чым ня згодны расейскі бок. У другой палове 2016 году, рэагуючы на нявыплату Беларусьсю ў поўным аб’ёме цаны за газ, расейскі ўрад прыняў рашэньне скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь — па выніках году імпарт нафты скараціўся больш як на 20%. Тым часам «Газпром» падвысіў цану на газ для Беларусі на 6,81% — да 141,1 даляра за тысячу кубамэтраў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG