Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забралі ўсё: у менскіх офісах тэлеканалу «Белсат» прайшлі ператрусы


У офісе «Белсату» на вуліцы Кастрычніцкай 6 затрымалі апэратара Аляксандра Любянчука, паведаміў падчас жывога эфіру Алесь Залеўскі.

Дзяжурны Першамайскага РУУС заявіў Свабодзе: «У нас ў дзяжурцы такога Алеся Любянчука няма. Магчыма ён у кагосьці ў аддзеле, але мы пра гэта ня ведаем». Начальнік РУУС Парашчук у адпачынку, тэлефоны намесьнікаў Грамовіча і Бакача не адказваюць.​

Рыхтуюцца забіраць абсталяваньне яшчэ з аднаго офісу «Белсату»

Як паведамілі Свабодзе супрацоўнікі «Белсату», яшчэ да аднаго менскага офісу тэлеканалу падагналі мікрааўтобус, у які, мяркуючы па ўсім, зьбіраюцца пагрузіць рэдакцыйнае абсталяваньне.

Раніцай гэты ж мінівэн быў задзейнічаны на вывазе тэлеапаратуры, кампутараў, нават «заднікаў» з эмблемай «Белсату» зь іншага месца, дзе абсталяваная студыя.

Міліцыя: У «Белсату» ператрусы праз «незаконнае выкарыстаньне таварнага знаку»

Зранку 31 сакавіка пачаліся ператрусы ў двух розных офісах тэлеканалу «Белсат» у Менску. Генэральны прадусар каналу Аляксей Мінчонак кажа Свабодзе, што прычыну ператрусаў на «Белсаце» ня ведаюць, але на ператрусы ёсьць ордэры Генпракуратуры.

Сувязі зь менскімі калегамі кіраўніцтва тэлеканалу цяпер ня мае.​

Агнешка Рамашэўска: Гэта атака за надзвычайную актыўнасьць нашых журналістаў

Варшава заклікала Менск высьветліць абставіны вобшуку ў офісах «Белсату»

10.40 Пасьля ператрусу ў офісе тэлеканалу «Белсат» не засталося ніякага тэлевізійнага абсталяваньня і кампутараў. Сілавікі вынесьлі ўсю тэхніку і нават банэр з надпісам «Белсат». Журналісты каналу прыйшлі ў пусты офіс. Алесь Залеўскі бачыў, як пагрузілі ўсё белы мінівэн.

Паводле папярэдняй інфармацыі нікога з журналістаў не затрымалі.​

Ператрус у офісах Белсату пракамэнтаваў для Свабоды прадстаўнік кіраўніцтва тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі:

«Мы ўжо, на шчасьце, адзвычаіліся на некаторы час ад ператрусаў. Але бачна, што лібэралізацыя, пра якую шмат казалі, скончылася. Скончылася падзеямі 25 сакавіка ў Менску і масавымі арыштамі, у тым ліку і журналістаў. Цяпер улады яшчэ мацней бяруцца за тых, хто распаўсюджвае інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне. Яны баяцца, што разыходзіцца інфармацыя пра масавае незадавальненьне людзей. І ўладам трэба нэўтралізаваць тых, хто яе распаўсюджвае».

Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў Фэйсбуку, што «закрыцьцём „Белсату“ польская дыпляматыя прыбрала ад яго ахоўны парасон».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец выказаў Свабодзе сумневы ў афіцыйнай прычыне ператрусаў:

«Падстава, як кажуць тыя, хто праводзіць ператрусы, гэта парушэньне заканадаўства аб аўтарскай уласнасьці. Але мне здаецца, гэта наўпрост зьвязана з тым, як „белсатаўцы“ асьвятлялі акцыі пратэсту ў сакавіку.

Мы будзем размаўляць зь менскім кіраўніцтвам „Белсату“, будзем высьвятляць, якія дзеяньні будуць надалей. І мы будзем інфармаваць пра сытуацыю, ужо гэта робім».

Тэлеканал «Белсат» — частка польскай грамадзкай тэлевізіі TVP. У сьнежні стала вядома, што МЗС Польчшы прыняло рашэньне прыпыніць фінансаваньне тэлеканалу. У дадзмены момант яго праца фінансуецца Польскай тэлевізіяй. На думку дырэктаркі каналу Агнешкі Рамашэўскай, адмова МЗС фінансаваць Белсат азначае фактычнае закрыцьцё тэлеканалу, бо TVP ня ў стане самастойна фінансаваць спадарожнікавы тэлеканал для Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG