Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Майкл Флін гатовы даць паказаньні ФБР у абмен на імунітэт


Майкл Флін
Майкл Флін

Былы дарадца прэзыдэнта Трампа ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Майкл Флін заявіў пра гатоўнасьць даць паказаньні падчас расьсьледаваньня расейскага ўмяшаньня ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары ў абмен на імунітэт ад магчымага крымінальнага перасьледу, паведаміла газэта The Wall Street Journal са спасылкай на амэрыканскіх афіцыйных асобаў.

Флін быў адпраўлены ў адстаўку пасьля таго, як высьветлілася, што ён хлусіў віцэ-прэзыдэнту ЗША Майку Пэнсу пра свае сустрэчы з расейскім амбасадарам у ЗША. Флін, які быў дарадцам кандыдата Трампа падчас прэзыдэнцкай кампаніі, прыцягвае асаблівую ўвагу крытыкаў Дональда Трампа празь ягоныя сувязі з Расеяй. Майкл Флін, напрыклад, браў удзел у цырымоніі сьвяткаваньня юбілею тэлеканалу RT, за што атрымаў ганарар у некалькі дзясяткаў тысяч даляраў. Ёсьць здагадкі, што ён мог абмяркоўваць з расейскімі прадстаўнікамі лёс санкцыяў, уведзеных супраць расейскіх кампаніяў і прыватных асобаў, што маюць дачыненьне да анэксіі Расеяй Крыму і падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. ФБР расьсьледуе ягоныя дзеяньні ў рамках сьледзтва аб умяшаньні Крамля ў амэрыканскі выбарчы працэс.

Паводле зьвестак газэты, ні ФБР, ні камітэты Кангрэсу ў справах выведкі, якія вядуць сваё ўласнае расьсьледаваньне, не прынялі пакуль прапановы Майкла Фліна.

Адвакат Фліна Робэрт Келнэр у сваёй заяве пацьвердзіў факт гатоўнасьці ягонага кліента даць паказаньні камітэтам Кангрэсу. Адвакат адзначыў, што Майкл Флін стаў аб’ектам «неабгрунтаваных здагадак» і «абуральных абвінавачваньняў у здрадзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG