Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз журналістаў Украіны запатрабаваў ад Лукашэнкі вызваліць апэратара «Белсату» Баразенку


Аляксандар Баразенка

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і ўкраінскі Цэнтар інфармацыі аб правах чалавека зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом.

У лісьце сябры саюзу выказваюць салідарнасьць з Аляксандрам Баразенкам — апэратарам «Белсату», асуджаным нібыта за «нецэнзурную лаянку» ў Дзень Волі на 15 сутак арышту. Баразенка аб’явіў галадоўку.

«Паводле міліцэйскіх пратаколаў, а таксама паказаньняў амапаўцаў, якія выступалі ў якасьці „сьведак“, Аляксандар Баразенка на сьвяткаваньні Дня Волі 25 сакавіка лаяўся матам і размахваў рукамі, — гаворыцца ў лісьце НСЖУ. — Аднак момант затрыманьня Аляксандра Баразенкі зафіксаваны на відэа.

Ён вёў жывы эфір зь месца падзеяў, паводзіў сябе спакойна і неаднаразова паўтараў супрацоўнікам АМАПу: „Журналіст! Журналіст“. Паколькі гэтае відэа ня стала доказам невінаватасьці для судзьдзі Тамары Мотыль, мы лічым, што суд над нашым калегам Аляксандрам Баразенкам ёсьць формай рэпрэсіяў і запалохваньня за ягоную прафэсійную дзейнасьць».

У лісьце выказваецца шкадаваньне, што на «востраве стабільнасьці і спакою» журналісту даводзіцца ўжываць такі спосаб абароны ўласнай годнасьці, як галадоўку, але адзначаецца, што за сваю шчырасьць і сумленнасьць Баразенка заслугоўвае павагі.

Ад Лукашэнкі НСЖУ патрабуе неадкладнага вызваленьня Баразенкі.

Пра тое, як бараніцца ў судзе, калі той не прымае відэадоказаў і верыць толькі паказаньням сьведкаў-міліцыянтаў, не адказаў першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Беларусі Валеры Калінковіч. Але ён заявіў, што «судовыя канвэеры» ёсьць злачынствам, якое караецца паводле Крымінальнага кодэксу: «Вы лічыце мяне ідыётам? Я не хачу сядзець пяць гадоў», — заявіў Калінкавіч.

За апошні месяц у сувязі з палітычнымі акцыямі былі затрыманыя, аштрафаваныя або асуджаныя на суткі больш за 900 чалавек, у тым ліку дзясяткі журналістаў — як беларускіх, так і замежных.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG