Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў сказаў, што пытаньне пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскіх вайсковых баз ніколі не стаяла. «Язык дадзены дыплямату, каб хаваць ісьціну», — экспэрт


Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота
Аляксандар Сурыкаў, архіўнае фота

Пытаньне пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскіх вайсковых баз ніколі не стаяла на парадку дня.

Пра гэта заявіў 30 сакавіка на прэс-канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў.

«Пытаньне ніколі ня ставілася. Ніколі ў Беларусі, на тэрыторыі чужой краіны, ня можа быць разьмешчана вайсковая база безь міжурадавага пагадненьня. А слоў на вецер колькі заўгодна можна выкідаць», — дадаў ён.

Ці насамрэч пытаньне пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскіх вайсковых баз ніколі не стаяла на парадку дня? На гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды адказаў вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— Мякка кажучы, амбасадар не дакладны. У 2013 годзе падчас сустрэчы з Лукашэнкам Шайгу заявіў, што расейскі бок хацеў бы разьмясьціць у Беларусі авіяцыйную базу ў складзе аднаго палку «СУ-30». Рэакцыі Лукашэнкі на той момант не было, калі Шайгу гэта заявіў. Насамрэч адказу не было. Але тое, што Шайгу ставіў такое пытаньне — гэта было. Прадстаўнікі расейскіх вайскова-паветраных сілаў сюды прыяжджалі, наведвалі нашы аэрадромы і ўзьлётныя пляцоўкі, каб падабраць ім патрэбную. Спачатку ў Лідзе ім здалася адпаведнай інфраструктура, потым паўстала пытаньне пра Баранавічы, потым пытаньне паўстала пра Бабруйск. На расейскіх сайтах зьявіўся нават праект міжурадавага пагадненьня пра існаваньне базы. А потым, з той прычыны, што Лукашэнка ўсяляк публічна і негалосна процідзейнічаў гэтаму пытаньню, не жадаючы абвастраць адносіны з суседзямі, пытаньне гэтае заглухла. А цяпер, відаць, яно зусім зьнятае з парадку дня. Расейцы вырашылі ціхенька адступіць і зрабіць выгляд, што такога пытаньня наагул не было.

— То бок Сурыкаў зманіў?

— Адносна дыплямата нельга сказаць «зманіў». Як той казаў, язык дадзены дыплямату, каб хаваць ісьціну. Магчыма, Сурыкаў мае на ўвазе тое, што гэтае пытаньне публічна на ўзроўні Лукашэнкі-Пуціна не ўздымалася. Пытаньне ж тут ідзе пра сувэрэнітэт. А тое, што рыхтаваўся дакумэнт, то гэтая мітусьня ня ўлічваецца.

Паводле Алесіна, пытаньне пра разьмяшчэньне расейскіх вайсковых баз можа, аднак, паўстаць, «калі сытуацыя будзе абвастрацца па лініі Расея-НАТО і Расея-ЗША».

У 2015 годзе Ўладзімер Пуцін даручыў міністэрствам абароны і замежных спраў правесьці перамовы зь беларускім бокам і пасьля дасягненьня дамоўленасьцяў падпісаць пагадненьне паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У дакумэнце было запісана, што база ствараецца мінімум на 15 гадоў з аўтаматычным працягненьнем кожныя 5 гадоў, калі адзін з бакоў не паведаміць другому пра жаданьне скасаваць пагадненьне. Месца дысьлякацыі базы не называлася.

Размовы пра дысьлякацыю на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай авіябазы ідуць яшчэ з 2013 году, калі ў Менск прыяжджаў міністар абароны РФ Сяргей Шайгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG