Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адседзела суткі, вынесла сьмецьце, навучыла сукамэрніц сартаваць адкіды — Марына Дубіна пра зьняволеньне


Марына Ду́біна
Марына Ду́біна

Напярэдадні «Маршаў недармаедаў» 15 сакавіка, а таксама падчас і пасьля іх былі затрыманыя дзясяткі чалавек. Затрыманьні адбываліся ў тым ліку перад маршам у Менску, дзе акцыя была дазволеная ўладамі. Пасьля маршу «людзі ў цывільным» напалі на тралейбус, у якім ехалі анархісты.

У ліку прэвэнтыўна затрыманых была актывістка «Зялёнай сеткі» Марына Ду́біна. Яна кажа Свабодзе, што «людзі ў цывільным» у час затрыманьня не назваліся, не патлумачылі прычын затрыманьня, а проста пасадзілі яе ў мікрааўтобус без нумароў. Сказалі — «у РУУС усё растлумачаць». Яе затрымалі а палове на 6-ю вечара, але толькі аб 11-й вечара прынесьлі пратаколы:

«Нас ні пра што не апытвалі, пратаколы былі складзеныя са слоў супрацоўнікаў АМАП, якія затрымлівалі людзей. Было напісана, што я крычала матам, парушала грамадзкі парадак, размахвала рукамі, падала, супраціўлялася, хапалася за форму супрацоўнікаў АМАП, хоць яны былі бяз формы і не прадставіліся. Я наагул не была ў тым месцы, дзе ў рапарце было напісана, што мяне затрымалі. Усе людзі, якіх тады затрымалі прэвэнтыўна, 11 чалавек у Першамайскім РАУС, атрымалі рапарты адных і тых жа супрацоўнікаў АМАП, усе рапарты былі як пад капірку напісаныя.

Я ўжо напісала скаргу. Вынікаў яе разгляду я ня ведаю. Але зыходзячы з таго, як праходзіў суд, якія паказаньні давалі сьведкі і якія разыходжаньні ў іх былі, як суд не задаволіў ніводнага хадайніцтва, не зьвярнуў увагі на разыходжаньні — я ня маю моцных ілюзіяў наконт незалежнасьці і неперадузятасьці абскарджаньня рашэньня першай інстанцыі».

Разам зь сябрамі-сукамэрнікамі Дубіна па-свойму праславілася ў сацсетках: пасьля 14 сутак арышту яна забрала з камэры сьмецьце.

«Гэта мая грамадзянская пазыцыя, якая захавалася і на „цыпе“ (Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. — РС), і ў ІЧУ ў Жодзіне. Мы абмеркавалі экалягічныя прынцыпы з суседзямі ў камэры і вырашылі па магчымасьці сартаваць сьмецьце. Людзі ў камэры сядзелі вельмі розныя, але яны падтрымалі гэтую ініцыятыву. А праз тое, што не было куды выкідаць плястык, мы яго зьбіралі — і па вызваленьні я яго забрала з сабой і выкінула ў адмысловы кантэйнэр».

Умовы ў менскім ЦІП яна называе прымальнымі: камэры на 4 чалавек, амаль штодзённыя прагулкі па 20 хвілін, цёплая вада, але жахлівая ежа. А ў ІЧС у Жодзіне, кажа яна, было значна горш:

«А калі мы прыехалі на Жодзіна, было вельмі-вельмі халодна, бо гэта паўпадвальнае памяшканьне, там было адключанае ацяпленьне. Відаць, у камэрах, куды нас зьмясьцілі, даўно ніхто не сядзеў. Мы начавалі ў куртках пад коўдрамі, але ўсё роўна многія прастудзіліся, у многіх пачаўся кашаль. Пачалі скардзіцца — нам спачатку казалі скардзіцца ў міністэрства ЖКГ, „гэта яны адключылі“. Але літаральна празь дзень пасьля нашых скаргаў уключылі ацяпленьне.

Трэба разумець, што многіх іншых не вадзілі на прагулкі. Калі нас двойчы звадзілі ў душ, некаторых ні разу не звадзілі. Яшчэ была сытуацыя з харчаваньнем: многія былі на галадоўцы, але ім усё роўна выставілі рахунак за харчаваньне — і на „цыпе“, і на ІЧС».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG