Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маладэчанскім раёне ўшанавалі пантэон антырасейскіх паўстанцаў


На краўндфандынгавай плятформе talaka.by абвешчаны збор сродкаў для выпуску кнігі доктара гістарычных навук Віктара Шведа, прысьвечанай антырасейскаму паўстаньню 1863 году.

Падзякай тым, хто ахвяраваў свае сродкі, стала падарожжа ў вёску Плябань у Маладэчанскім раёне, дзе захаваўся пантэон загінулым змагарам за незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Як піша газэта «Новы час», да помніка на магіле паўстанцаў былі ўскладзеныя кветкі, запаленыя зьнічы. На манумэнце пазначаныя імёны Рафала Малішэўскага, Людвіга Яманта, Леапольда Банькоўскага. Яны загінулі 21 сакавіка 1863 году ў змаганьні з расейскімі рэгулярнымі войскамі ля ракі Сьвечкі.

У магіле перахаваная зямля зь месцаў вечнага спачыну Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага, кіраўніка паўстаньня на маладэчанскіх землях Юльяна Бакшанскага. Гісторыкі дадаюць да гэтага сьпісу імя 15-гадовага паўстанца-гімназіста Ігнацыя Сулістроўскага.

Помнік героям 1863 году зьявіўся не ў апошнюю чаргу дзякуючы гісторыкам Зянону Пазьняку і Мікалаю Чарняўскаму, паведаміла каардынатарка выдавецкага праекту ў працяг кніжнага ўшанаваньня паўстанцаў Вольга Сямашка:

«Кніга доктара гістарычных навук, прафэсара Віктара Шведа „Рэквіем паўстанцам 1863-1864 гадоў (Гарадзенская губэрня)“ вельмі важная зь некалькіх прычынаў. Па-першае, у ёй сабрана інфармацыя пра лёс паўстанцаў Гарадзенскай і суседніх губэрняў ды іхных камандзераў; таксама апавядаецца пра тое, як рыхтаваліся да паўстаньня; складзены сьпісы ўдзельнікаў баёў з расейскімі войскамі, сьпісы забітых і пахаваных паўстанцаў.

Ганаровая варта ля месца спачыну паўстанцаў
Ганаровая варта ля месца спачыну паўстанцаў

Па-другое, пазначаны месцы, зьвязаныя з падзеямі 1863-1864 гадоў, куды можна будзе накіравацца, каб наведаць магілы герояў. Будзе асобны артыкул, прысьвечаны „чырвонаму“ Кастусю Каліноўскаму пад назвай „Кароль Літвы“ і „беламу“ графу Віктару Старжынскаму. Кніга стане добрым падарункам для ўсіх тых, хто цікавіцца драматычнымі акалічнасьцямі паўстаньня 1863 году».

Плябань — знакавае месца для беларусаў. Тут у мясцовым касьцёле (цяпер праваслаўная царква) захоўвалася зброя паўстанцаў, лячылі параненых інсургентаў, а праз чыгунку знаходзіцца магіла паўстанцаў.

Ля магіл герояў
Ля магіл герояў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG