Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест людзей, даруйце, «экскрэмэнты»? Ня можа не занепакоіць паведамленьне пра міліцыянта, які называў у Менску затрыманых людзей «кавалкамі гэ». Ці ў нармальнага чалавека, тым больш публічна, можа такое ўзьнікнуць жаданьне? Тым больш «пры выкананьні»? Ня можа.

Аб чым сьведчыць наш выпадак? Магчыма, ён сьведчыць аб псыхалягічнай траўме міліцыянта. Ня выключана, яго нехта так мог называць, скажам, у вучэбцы. А можа, чалавеку перашкаджае жыць думка аб наяўнасьці ўнутры гэткай непрывабнай субстанцыі. І каб ня думаць аб сабе ў такіх катэгорыях, ён прагне перакінуць на іншых мянушку, якую, мажліва, перажоўвае ў думках.

Ён сам альбо разам з саслужыўцамі разумее, што яны не «міліцыя, якая мяне беражэ». Што трэба пагарджаць людзьмі, каб быць сапраўдным міліцыянтам. Альбо «мянтом», як называюць іх саміх у імі любімых сэрыялах. Падсьвядома яны могуць разумець, кім могуць быць у вачах народу: калі навучаныя працаваць толькі дубінай і сківіцамі. Момант рытарычны.

Як могуць успрымаць людзі чорныя шэрагі з друкамі, у якіх пасьля людзкога «жніва» толькі зьверскі апэтыт? Даўно вядома, што ў гэтыя атрады не бяруць тых, у каго інтэлектуальны ўзровень вышэйшы за сярэдні. Каб махалі дубінай і ня думалі ні аб чым. Яны самі добра ведаюць, што птушкі невысокага палёту.

Відавочна, міліцэйскаму начальству трэба біць у свае званы. Калі найлепшых людзей, сьветлыя галовы, якія маюць адукацыю, маюць годнасьць, якія не баяцца, нейкі міліцэйскі бот абзывае «кавалкамі гэ», дык з гэтым ботам трэба разабрацца: чым ён насамрэч зьяўляецца і ці можна яму давяраць ахову грамадзкага парадку ў горадзе-героі Менску. Куды, нагадаем, у бязьвізавым рэжыме сталі наяжджаць сотні замежнікаў. Такога да людзей на гарматны стрэл падпускаць нельга. Але напэўна і ў кінолягі ня варта, сабакі, яны лепшыя за некаторых людзей бываюць, як вядома.

Напэўна, Шушкевіч у свой час перагнуў палку, называючы беларусаў рахманымі, лагоднымі і гэтак далей. Можа ён інстынктыўна спрабаваў так залагодзіць зьвера ўнутры. Можа. Але рукі нельга апускаць. Трэба на дзяржаўным узроўні праводзіць псыхатэрапію. Каб не было ляманту. Каб не абзывалі беларусаў «майданутымі». Патрэбны, наадварот, наш, свой Кашпіроўскі, які ў тэлевізары перад праграмай «Урэмя» і пасьля яе будзе праводзіць сэансы. Лагодзіць душы, паляпшаць характары, нагадваць пра далікатныя словы — «дзякуй», «калі ласка». І зьвяртацца да гледачоў са словамі: ніколі не забывайцеся, што бацька незалежнасьці называў вас талерантнымі, добрымі, станоўчымі, прыязнымі.

Калісьці пісьменьніку Картасару Хуліё давялося пакінуць радзіму, любімы Буэнас-Айрэс, радзіма была пад уладаю палкоўніка альбо ён прысвоіў сабе генэрала, хто там сёньня дакладна ўспомніць. Карацей кажучы, Картасар напісаў цікавы настальгічны раман. Дзе паасобных жыхароў сталіцы ён называў «машынкамі для вырабу экскрэмэнтаў». Нават у пэўным сэнсе ласкава. Ня выключана, сталічны міліцыянт прачытаў кнігу і цяпер ня можа пазбыцца навязьлівага вобразу. У такім разе, мы дарэмна падумалі, што з разумовымі здольнасьцямі ў яго ня надта. Але тым больш тады трэба начальству псыхалягічна дапамагчы чалавеку, каб ня мучыўся.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG