У інтэрвію Першай праграме грамадзкага Польскага радыё сьпікер Сэнату (верхняя палата парлямэнту) Польшчы Станіслаў Карчэўскі заявіў:
«Мы зрабілі жорсткі пасыл беларускім уладам, што не пагаджаемся на парушэньні правоў чалавека».
Сытуацыя апошніх дзён у Беларусі была адной з тэмаў парлямэнцкай асамблеі Сэйму і Сэнату Польшчы, Сэйму Літвы і Вярхоўнай Рады Ўкраіны, перадае радыё. Карчэўскі нагадаў, што Эўразьвяз прыпыніў санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, а Польшча зьяўляецца натуральным партнэрам Беларусі, але прызнаў, што існуюць праблемы ў двухбаковых кантактаў:
«Мы гаворым пра гэта зь беларускімі ўладамі, з прэзыдэнтам. Гэта новае адкрыцьцё ў кантактах усё ж было неабходным. Калі некалькі месяцаў таму мы плянавалі сустрэчу Польшчы, Літвы і Ўкраіны, мы зьбіраліся працягнуць руку Беларусі, але сытуацыя зьмянілася».
Пасьля разгону акцыі 25 сакавіка ў Менску і масавых затрыманьняў МЗС Польшчы выступіў з заклікам спыніць гвалт праваахоўных органаў Беларусі і неадкладна вызваліць усіх затрыманых. Карчэўскі неўзабаве пасьля гэтага пісаў:
«Лукашэнка губляе шанец на збліжэньне з Эўразьвязам і Польшчай. Жорсткае задушэньне мірных дэманстрацый і арышты пярэчаць яго абяцаньням. Заклікаю ўлады Беларусі спыніць гвалт праваахоўных органаў і неадкладна вызваліць затрыманых з-пад арышту».
Былы міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі 26 сакавіка казаў Свабодзе пра Лукашэнку: «Спробам цывілізаваць дыктатара Беларусі ўжо 20 гадоў. З драпежніка цяжка зрабіць вэгетарыянца». Але днём пазьней цяперашні міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі заявіў: ёсьць сыгналы, што беларускія ўлады хочуць адступіць ад рэпрэсіяў, а калі адступяць, можна вяртацца да размовы аб супрацы Беларусі з Эўразьвязам.