Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку няўтульна без 25 сакавіка


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Лукашэнка гісторык. І, напэўна, яго веды не абмяжоўваюцца абаронай Брэсцкай крэпасьці і штурмам Бэрліна. Ведае, мабыць, ня можа ня ведаць, што такое 25 сакавіка.

Праштудзіраваў я рабочую паездку прэзыдэнта ў Ліду напярэдадні Дня волі, 24-га. І такое склалася ўражаньне як у чытача і гледача відэасюжэту: каб назаўтра плянавалася дзяржаўная ўрачыстасьць з нагоды 99-й гадавіны БНР, настрой у чалавека быў бы зусім іншы. Прыўзьняты, скажам. А так: пахмурны твар на здымках.

А што зьдзіўляцца? Калі дзяржаўныя органы аптымістычна паведамілі: «Президент Беларуси Александр Лукашенко совершил рабочую поездку в Гродненскую область». І далей — «Без подкормки, без удобрений посев и уход быть не должны, — заявил белорусский лидер».

Ну, адкрылі Амэрыку, скажа трактарыст, пазяхаючы ля тэлевізара. Гарадзкі жыхар і наогул засумуе: зноў плугі паказвалі Лукашэнку, зноў машыны для ўгнаеньняў. Колькі можна? Дый самому лідэру наўрад ці гэта сапраўды цікава, бачыў, мабыць, ня раз і ня два.

Ясна, Гарадзеншчыну са сталіцай злучае аўтадарога. Цяпер на міжнародны крэдыт актыўна робяць другі пас, каб шаша была як мае быць. Але нічога незвычайнага. Паглядзелі б, якая будоўля ў палякаў аўтастрады паміж Беластокам і Варшавай, нам і ня сьнілася.

Але прэзыдэнта і з дарогай пазнаёмілі. Чытаем: «Александр Лукашенко обратил внимание, что к работам необходимо подходить разумно. “Все должно быть по-хозяйски”, — подчеркнул он».

Ну, людцы, у чым тут навіна? — запытаецца глядач і чытач. Няўжо іншых пытаньняў няма?

Не, пытаньні ёсьць! І не абы-якой важнасьці. Выступаць Лукашэнку павезьлі на заводзік, дзе мяса індычкі перапрацоўваюць. Рабочых з цэху, дзе разрабляюць тушкі, фарш робяць, прывялі на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы. Ён пра ўсю палітыку ім і расказаў. І пра інфармацыйныя войны, і пра гібрыдныя і гэтак далей. Слухалі ўважліва.

Прадпрыемства, канечне, сучаснае, літоўскія ўкладзеныя грошы. Як можна было зразумець, прысутнічалі сярод працаўнікоў і самі грамадзяне суседняй дзяржавы, літоўцы. Да іх прэзыдэнт зьвяртаўся, можна сказаць, ласкава: «И это хорошо, что наши родные люди сюда приехали и не считают, что это чужая страна». «Наши родные люди, с которыми мы когда-то жили в одном государстве», нагадаў аб былым «агульным доме» прамоўца працаўнікам з пашпартам з Пагоняй. Напэўна, літоўцам, якія не жывуць у СССР каля трыццаці гадоў, незвычайна было паслухаць пра «заварушку», отморозков», пра тое, як у кагосьці «чешутся руки». Прэзыдэнт ім расказаў аб усім.

Чытач-глядач гарадзенец мог, аднак, адчуць пэўны нядосыт. Хіба месца для розных важных выказваньняў высокага рангу асобы — індычыная вытворчасьць? Нават калі ёсьць спадзяваньне мяса на экспарт прадаваць?

Чытачу-гледачу ўзгадваецца, што назаўтра ў сталіцы вобласьці мела здарыцца падзея не абы-якой важнасьці. Улады нарэшце дазволілі людзям сабрацца ды пагаварыць аб вострых праблемах у жыцьці жыхароў, якія аднолькавыя як у Горадні, так і ва ўсёй краіне. І — нарэшце адзначыць з дазволу Дзень волі!

Месца знакавае для мітынгу — каля магутнага помніка зь віцязем і беларускай, пастаўленага калісьці да 850-годзьдзя Горадні. Мала таго — побач самы старажытны храм — славутая Каложа ХІІ стагодзьдзя! Сапраўднае месца паломніцтваў.

Гарадзенцу, што прачытаў справаздачу зь Ліды, запозьнена-настальгічна ўяўляецца: як жа было б нядрэнна, каб начальства не на індычынай вытворчасьці прапанавала прэзыдэнту выступіць, а ў такім важным месцы для беларусаў. І ў другой сталіцы БНР ушанаваць памяць стваральнікаў нашай беларускай дзяржаўнасьці, якой Лукашэнка цяпер прадстаўнік. І вянкі да помніка і кашы з кветкамі. І салют у паветра. Каб усё як мае быць. Як заўсёды робіцца ў такіх выпадках.

А калі набалела, няхай бы сказаў усё, што думаў пра жыцьцё-быцьцё, а людзі б паслухалі. І каб далі ім выказацца. Аб набалелым народным. Каб дыялёг быў. Во гэта сапраўды была б сустрэча народу з начальствам. Надзвычайнай важнасьці. А так Лукашэнка на вуліцы перад гарадзенцамі толькі аднойчы выступаў. Калі яшчэ ня быў прэзыдэнтам. Калі толькі змагаўся за пасаду.

Было гэта бог вед калі — улетку 1994-га. За Палацам тэкстыльшчыкаў, перад Домам быту. Калоскі парк, помнік заснаваньню Горадні — адназначна лепшае месца, вельмі дастойнае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG