Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не адбірайце ў сталага чалавека яго імя


Падчас старэньня чалавек праходзіць некалькі этапаў.

Да іх сучасныя герантолягі адносяць наступныя: павелічэньне патрэбнасьці ў прызнаньні, этап «забываньня» імені, потым — этап узмацненьня значнасьці правоў і зьніжэньне ступені абавязкаў. Наступныя этапы — часавы зрух, калі ў сьвядомасьці чалавека адбываецца павелічэньне значнасьці падзей мінулага і зьмяншэньне значнасьці будучыні, этап размываньня палавой ідэнтыфікацыі.

Раскажам коратка пра гэтыя этапы. У сталым веку ў чалавека звычайна скарачаецца колькасьць падзей, якія прыносяць яму прызнаньне (у кожнага яны свае — добра пабрацца шлюбам, нарадзіць дзіця, дасягнуць пасады, набыць кватэру і іншае), таму сталыя людзі звычайна перабольшваюць дасягненьні свайго пакаленьня, каб хоць такім чынам павысіць сваю асабістую вагу і рэалізаваць патрэбнасьць ў прызнаньні.

Пасьля этапу «забываньня» імені (пра які гаворка ніжэй), ідзе этап узмацненьня значнасьці правоў, калі чалавек патрабуе да сябе асаблівых адносін, напрыклад, кажа дзецям: «Я вас усё жыцьцё гадаваў(ла), таму цяпер вы мне ўсе павінны».

Падчас этапу часавага зруху будучыня ўспрымаецца як нешта вельмі кароткае, а вось мінулае эмацыйна афарбоўваецца, прычым падзеі нават даўно мінулага як бы прысутнічаюць у паўсядзённым жыцьці сталага чалавека, ён пастаянна ў размовах зьвяртаецца да людзей, якія даўно сышлі, распавядае пра даўно мінулыя падзеі. Дзеі цяперашняга часу ўспрымаюцца гіпэртрафіравана, напрыклад, паход у краму ці паліклініку зьяўляецца вельмі вялікай падзеяй, і сталы чалавек можа гэта абмяркоўваць ледзь не гадзінамі.

Размываньне палавой ідэнтыфікацыі — гэта той этап старэньня, калі чалавек губляе сваю гендэрную ролю і, на жаль, канчаткова ператвараецца ў «старога».

Усё вышэйапісанае можа праяўляцца ў рознай ступені, прычым гэта, часам, залежыць ад навакольных людзей. Вось такі прыклад. У пэўным узросьце чалавек раптам аказваецца ў стане, калі яго перастаюць называць па імені, і ён становіцца проста «бабуля» ці «дзядуля». Гэта адбываецца таму, што сыходзяць з жыцьця блізкія і знаёмыя людзі, у яго застаецца толькі сям’я, а ў нашай культуры ў сем’ях прынята зваць сталых людзей менавіта «бабуля» ці «дзядуля». У крамах і паліклініках зварот да сталага чалавека такі самы. У выніку чалавек літаральна перастае чуць сваё імя, таму гэты этап старэньня атрымаў назву «забываньня» імені. Дарэчы, адсутнасьць звароту па імені вельмі адмоўна адбіваецца на стане памяці, зьніжае ступень самапавагі, вядзе да таго, што чалавек перастае сябе нармальна даглядаць.

Этап «забываньня» імя паказввае нам і іншы бок гэтай справы. Як проста, насамрэч, падтрымаць годнасьць сталага чалавека, пасадзейнічаць захаваньню яго здароўя і памяці ў паважным узросьце — для гэтага проста неабходна зьвяртацца да яго па імені.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG