Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабякоў едзе да Мядзьведзева працягваць размову пра газ і нафту


Дзьмітры Мядзьведзеў (зьлева) і Андрэй Кабякоў
Дзьмітры Мядзьведзеў (зьлева) і Андрэй Кабякоў

На 30 сакавіка ў Маскве заплянаваныя перамовы Андрэя Кабякова і Дзьмітрыя Мядзьведзева — прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі. Пра гэта паведамляе прэс-служба расейскага ўраду.

Паведамляецца, што будуць закранутыя пытаньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне энэргетыкі, прамысловасьці і аграпрамысловага комплексу.

Ня так даўно Кабякоў і Мядзьведзеў ужо сустракаліся ў Бішкеку падчас пасяджэньня Эўразійскага міжурадавага савету. Тады беларускі прэм’ер заявіў пра неўрэгуляванасьць з расейскім бокам праблемаў у нафтагазавай галіне, парушэньне двухбаковых дамоўленасьцяў аб умовах паставак энэрганосьбітаў і бязьдзейнасьць на гэтым фоне Эўразійскай эканамічнай камісіі.

«Вымушаныя канстатаваць, што сёньня не выконваецца двухбаковая нарматыўна-прававая база ў дачыненьнях з Расеяй, — цытуе Кабякова БелаПАН. — Яна была створаная не ў адрыве, а якраз у шчыльнай узаемасувязі са шматбаковымі дамоўленасьцямі ў Эўразійскім эканамічным саюзе. А праблемы ў двухбаковых дачыненьнях наўпрост уплываюць на эўразійскую інтэграцыю».

У адказ Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што расейскі бок разглядае ўвязваньне шматбаковай інтэграцыі з двухбаковымі праблемамі як шантаж:

«Тут, у Эўразійскім эканамічным саюзе, ніхто нікога сілком не трымае, мы добраахвотна ўсё гэта стварылі», — падкрэсьліў расейскі прэм’ер.

Перамовы паміж Масквой і Менскам пра ўмовы ўрэгуляваньня нафтагазавага канфлікту доўжацца амаль год. Беларускія ўлады настойваюць, што цана расейскага газу ў даляравым эквіваленце павінна быць зьніжаная, з чым ня згодны расейскі бок. У другой палове 2016 году, рэагуючы на нявыплату Беларусьсю ў поўным аб’ёме кошту газу, расейскі ўрад прыняў рашэньне скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь — па выніках году імпарт нафты скараціўся больш як на 20%. Тым часам «Газпром» падвысіў цану на газ для Беларусі на 6,81% — да 141,1 даляра за тысячу кубамэтраў.

У мінулыя выходныя па ўсёй Расеі пракацілася хваля выступленьняў супраць Дзьмітрыя Мядзьведзева пад лёзунгам «Ён вам не Дзімон!», якога апазыцыянэр Аляксей Навальны абвінавачвае ў стварэньні і пакрываньні карумпаванай сыстэмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG