Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандынаўскі залаты пярсьцёнак, рыцар ВКЛ, крывіцкі нэкропаль Х стагодзьдзя. Чаго беларусаў пазбавілі «чорныя капальнікі»?


Скарб ІХ стагодзьдзя (фота С. Лютых з кнігі Рабцэвіч В.Н., Плавінскі М.А. Іоў). Захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музэі.

Згодна зь беларускім заканадаўствам, праводзіць археалягічныя дасьледаваньні, г. зн. мэтанакіраваны пошук артэфактаў, якім больш за 120 гадоў, могуць толькі супрацоўнікі навуковых установаў або музэяў краіны.

Але забароны ня стрымліваюць «чорных капальнікаў». Прыбытак для іх усё яшчэ пераважвае пакараньне. Да таго ж у заканадаўстве ёсьць пэўныя пралазы: злачынцу неабходна злавіць за руку. Заканадаўчая база дагэтуль ня вельмі дасканалая, для праваахоўных органаў часта звароты археолягаў выглядаюць як лішні галаўны боль.

«Усё гэта прыводзіць да драматычных наступстваў — зьнішчэньня ўнікальных помнікаў гісторыі і культуры», — гаворыць старэйшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Максім Чарняўскі. На просьбу Свабоды ён назваў найбольш каштоўныя помнікі, страчаныя для беларускай гісторыі й культуры ў выніку шкоднай дзейнасьці «чорных капальнікаў».

1. Комплекс археалягічных помнікаў Кардон, Шумілінскі раён Віцебскай вобласьці.

Утрымлівае селішча, гарадзішча, могільнік, датуецца рымскім часам да Х–ХІ стагодзьдзя. Археалягічныя дасьледаваньні выявілі тыповыя для адкрытага гандлёвага рамеснага паселішча матэрыялы, аналягічныя славутаму Гнёздаву на Смаленшчыне. Унікальны помнік зь вялікай колькасьцю прэстыжных рэчаў дружыннай культуры з моцным скандынаўскім уплывам.

Капальнікі знайшлі помнік раней за археолягаў і некалькі гадоў актыўна «выпрацоўвалі» яго, у тым ліку будаўнічай тэхнікай. Фіксуецца вялікая колькасьць археалягічнага матэрыялу, кінутага імі як «нецікавага», што кажа пра вартасьць забранага. Вядома, што сярод прададзеных за мяжу знаходак быў унікальны скандынаўскі залаты пярсьцёнак. Яго прадалі ў Швэцыю. Увогуле скандынаўскіх матэрыялаў на гэтым помніку выяўлена больш, чым на ўсіх помніках Беларусі дагэтуль, не кажучы ўжо пра іншыя, шараговыя матэрыялы. У Расеі аналягічны Гнёздаўскі комплекс ёсьць археалягічным запаведнікам. У Беларусі комплекс Кардон дзяржавай фактычна не абараняецца.

2. Рыцар ВКЛ

Рыцар 1502 году на рацэ Віхры, што на Мсьціслаўшчыне, з поўным камплектам баявога і абарончага ўзбраеньня, быў выяўлены чорнымі капальнікамі. Рыцарскі меч яны пасьпелі прадаць у Расею. Калекцыянэр гатовы прадаць яго назад за тую ж цану — $3000.

Паводле Максіма Чарняўскага, гістарычным абʼектам у Беларусі пагражаюць ня толькі «чорныя капальнікі».

3. Студзёнка, Барысаўскі раён

Студзёнка — «чорны сон» Напалеона

Студзёнка — «чорны сон» Напалеона

Месца пераправы войскаў Напалеона праз Бярэзіну падчас адступленьня. Цалкам зрытае «чорнымі капальнікамі», у тым ліку з выкарыстаньнем бульдозэраў. Калі ёсьць месца зь вялікай колькасьцю артэфактаў і мэталадэтэктар ужо не бярэ сыгнал з глыбіні, а вышэй ужо ўсё выбрана, то правераны пласт глебы згортваецца тэхнікай у бок і пошук працягваецца. Матэрыял — зброя, асабістыя рэчы жаўнераў і насельніцтва, элемэнты мундыраў, рыштунак і г.д. Напалеоніка — вельмі папулярная тэма як у Беларусі, так і ў суседзяў. Попыт на такое гарантаваны.

4. Жабер, замак Вішнявецкіх ХVII–XVIII стагодзьдзяў

Замак знаходзіцца каля аднайменнай вёскі Дарагічынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Ён зьнішчаны напачатку XVIII стагодзьдзя швэдамі. Археолягі некалькі апошніх гадоў актыўна працавалі на замку, чым выклікалі «ажыятаж» у чорных капальнікаў. Бывала, што гэтыя капальнікі нелегальна прыяжджалі пад прыкрыцьцём зьвязаных з гістарычнай тэматыкай юрыдычных асобаў, каб легалізаваць сябе ў вачах мясцовага начальства. Што ўсё адно ёсьць парушэньнем заканадаўства.

5. Курганны могільнік VIХI стагодзьдзяў

Востраў Замак на возеры Мядзел

Востраў Замак на возеры Мядзел

Ён знаходзіцца ў былой вёсцы Навасёлках, цяпер яна ў складзе Мядзела. У пачатку 2000-х некалькі гадоў запар заежджая група адкрыта раскопвала курганы, прыцягваючы і мясцовых людзей для земляных работ. Археолягі зьвярталіся нават у мясцовы КДБ, аднак бессэнсоўна, на той момант належнага заканадаўства не было. У выніку каля сотні курганоў разрабавана або пашкоджана. Працавала вельмі прафэсійная брыгада з выпрацаванай мэтодыкай — у кургане вырывалася падпрастакутная яма да выяўленьня костак або попельнага прапластку, пасьля чаго мэталашукальнікамі выяўлялі мэталічны матэрыял.

6. Курганны могільнік каля Наваполацка, зьнішчаны ў 2006–2007 гадах

Гэта адзін з найбольшых вядомых на сёньня крывіцкі нэкропаль Х–ХІІ стагодзьдзяў. Двое капальнікаў разрылі каля 100 курганоў, капалі некалькі гадоў, амаль адкрыта. Была заведзеная крымінальная справа, але капальнікаў адпусьцілі з прычыны «адсутнасьці складу злачынства» — праз поўнае непаразуменьне з заканадаўствам на той момант.

Максім Чарняўскі

Максім Чарняўскі

«Акрамя іх, ня меншую шкоду прыносіць некантраляваная гаспадарчая дзейнасьць, зьвязаная з будаўніцтвам і землянымі работамі, якую вядуць дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы, — кажа Максім Чарняўскі. — Дзейнае заканадаўства досыць часта яны ігнаруюць. Афіцыйна зьвяртаецца па археалягічную экспэртызу пад час земляных работ толькі невялікая частка ўсіх зьвязаных зь землянымі работамі гаспадарчых субʼектаў Беларусі, хаця ёсьць і адваротныя прыклады. А страты для археалёгіі ад такой гаспадарчай дзейнасьці бываюць вельмі істотнымі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG