Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дырэктар за хабар у 759 тысяч даляраў атрымаў 11 гадоў турмы


Суд Фрунзенскага раёну Менску прыгаварыў экс-дырэктара Магілёўскага вагонабудаўнічага заводу да 11 гадоў пазбаўленьня волі за хабар у 759 тысяч даляраў.

Адбываць пакараньне асуджаны будзе ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ў яго канфіскаваная маёмасьць і ён пазбаўлены права займаць пэўныя пасады цягам пяці гадоў.

Былы дырэктар прызнаны вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, падбухторваньні да дачы хабару і махлярстве ў асабліва буйным памеры, паведамляе БелТА.

Другі фігурант справы — прадстаўнік камэрцыйнай структуры, які перадаваў хабар, атрымаў пяць гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Дырэктар заводу неаднаразова вымагаў грашовыя сродкі ў прадстаўніка камэрцыйнай структуры ў суме $ 936 тыс. — 10% ад сумы кантракту, заключанага з кітайскай кампаніяй і заводам на пастаўку вагонакамплектаў, а таксама за своечасовую аплату тавару. Пасьля таго, як пытаньне было вырашана станоўча, дырэктар атрымаў 759 тысяч даляраў, аднак узятыя на сябе абавязацельствы паводле кантракту ня выканаў.

Пасьля звальненьня экс-дырэктар падбухторваў да дачы хабару ў 1,5 мільёна даляраў іншага прадстаўніка замежнай кампаніі. Аднак гэты намер ён не давёў да канца, бо быў затрыманы апэратыўнікамі.

Гэта ня першая судовая справа, зьвязаная з кіраўніцтвам заводу. У верасьні 2015 году стала вядома пра абвінавачаньне, выстаўленае былому намесьніку дырэктара Магілёўскага вагонабудаўнічага прадпрыемства. Яго зьвінавацілі ў тым, што без абавязковай перадаплаты, не ўзгадніўшы з кіраўніцтвам, падпісаў кантракт на пастаўку прадукцыі расейскаму прадпрыемству. Гэтая дамова нанесла магілёўскаму заводу шкоду больш як на 56 мільярдаў рублёў. На той момант прадпрыемства мела дэбіторскую запазычанасьць.

Магілёўскі вагонабудаўнічы завод стварылі ў 2005 годзе на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі. У 2007 годзе, наведваючы магілёўскі аўтазавод, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб праз два гады ў Беларусі была паўнавартасная вагонабудаўнічая вытворчасьць.

Магілёўскі завод быў створаны пад расейскі рынак збыту, але вагоны, якія ён выпускае, не вытрымліваюць там канкурэнцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG