Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў: «Трэба засяродзіцца на адной маштабнай акцыі — 1 траўня»


Андрэй Дзьмітрыеў

Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзьмітрыеў лічыць, што з правядзеньнем акцыяў супраць дэкрэту № 3, «Маршаў недармаедаў» трэба спыніцца і засяродзіцца на адной вялікай акцыі 1 Траўня і правесьці яе па ўсёй Беларусі.

Пры гэтым Андрэй Дзьмітрыеў адзначае зьмену стратэгіі арганізатараў «Маршаў недармаедаў», акцыяў супраць дэкрэту № 3: праводзіць толькі санкцыянаваныя мерапрыемствы:

«Гэта ўжо іншы падыход, асабліва што датычыцца пытаньня бясьпекі людзей. Лідэрам здаецца, што яны 2 тыдні правялі за кратамі, і ім зараз трэба выйсьці і паказаць, што яны не зламаныя, што яны могуць ісьці далей. Але гэта ўсё ілюзія. Ніхто ня лічыць іх зламанымі. Але цяпер той час, калі трэба спыніцца, падумаць, што мы робім далей, навошта мы гэта робім, засяродзіцца на 1 Траўня і зрабіць гэта якасна. Мне думаецца, вось такім чынам мы даможамся большага.

Бо калі рабіць нават санкцыянаваныя акцыі даволі часта, то яны проста страчваюць сэнс. Бо людзі бачаць, што пасьля акцыяў нічога не мяняецца, і робяць для сябе вельмі простую выснову: выходзіць ня трэба, бо ніякага выніку ня будзе. І гэта вельмі небясьпечна для ўсіх нас, калі грамадзтва зробіць такую выснову.

Я б на сёньняшні дзень зафіксаваў: тое, што людзі выйшлі — гэта посьпех, і вынік ёсьць. Усё ж такі ўлады прыпынілі дзеяньне дэкрэту № 3. Прычым гэта посьпех супольны: і грамадзтва, і апазыцыі. Але трэба працаваць далей. Я б цяпер не часьціў з правядзеньнем акцыяў. Бо празь месяц будзе ўжо Чарнобыльскі шлях, а за ім — 1 Траўня.

Я б сканцэнтраваўся цяпер менавіта на 1 Траўня — бо само сьвята сымбалічнае, сьвята працы. І засяродзіўся б ня толькі на адмене дэкрэту № 3, але і на падвышэньні дапамогі па беспрацоўі, і на стварэньні ўмоў для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, бо ў невялікіх гарадах толькі ён можа выцягнуць беспрацоўе. Мне здаецца, такі падыход можа даць вынік.

А калі цяпер працягваць праводзіць акцыі, ну выйдзе 40 ці 100 чалавек, і гэта можа стаць сыгналам таго, што «ўсё, пратэставая хваля сышла, мы нічога не дамагліся». Хоць насамрэч дамагліся! І гэта важна сёньня ня страціць.

А на 1 Траўня трэба падаваць паўсюль заяўкі, дзе ў дэмакратычных партыяў і рухаў ёсьць структуры. І 1 Траўня павінна стаць адзіным агульнанацыянальным днём, калі мы ўздымаем адно пытаньне — пытаньне беспрацоўя. І яно вельмі шматбаковае: гэта і заробкі, і сацыяльная бясьпека для тых, хто страчвае працу, і стварэньне новых працоўных месцаў.

Калі 1 траўня акцыі пройдуць у дзясятках гарадоў — і «Гавары праўду!» да гэтага далучыцца, — тады мы зможам атрымаць нашмат большы розгалас. І даказаць, што лідэрства — гэта ня тое, калі ты бяжыш за падзеямі, а тое, калі ты прымаеш адказныя рашэньні і сам фармуеш гэтыя падзеі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG