Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузіны атрымалі магчымасьць бязьвізавага ўезду ў краіны Эўразьвязу. На чарзе ўкраінцы


Міністэрста замежных спраў Грузіі паведамляе: пачынаючы ад 28 сакавіка, грамадзяне краіны могуць наведваць тэрыторыю Эўразьвязу бязь візаў.

У ведамстве адзначаюць, што бязьвізавы рэжым перадусім будзе спрыяць умацаваньню турызму і дзелавых дачыненьняў.

«Наша канцавая мэта — каб Грузія стала паўнавартасным чальцом Эўразьвязу», — зазначыў грузінскі міністар замежных спраў Міхаіл Джанэлідзэ.

Асабліва важна, падкрэсьліваюць у зьнешнепалітычным ведамстве, што візавыя льготы будуць даступныя таксама для жыхароў земляў, якія дэ-факта апынуліся пад расейскай акупацыяй.

Нагадаем, што ў сьнежні 2015 году камісія Эўрапейскага парлямэнту пацьвердзіла: Грузія выканала ўсе ўмовы для лібэралізацыі візавага рэжыму. У сакавіку 2016-га было прапанавана адмяніць візы для грамадзянаў гэтай краіны. Сёлета ў лютым Эўрапарлямэнт прагаласаваў за адмену візавага рэжыму з Грузіяй: «за» выказаліся 553 дэпутаты, супраць — 66.

Канчатковае рашэньне аб лібэралізацыі візавага рэжыму было прынятае 27 сакавіка. У выніковым дакумэнце адзначалася: бязьвізавы рэжым уводзіцца для грамадзянаў Грузіі, якія прыяжджаюць на тэрыторыю Эўразьвязу на тэрмін да 90 дзён на працягу кожнага 180-дзённага пэрыяду ў дзелавых, турыстычных або сямейных мэтах.

Цяпер аналягічнага рашэньня ад эўрапейскіх партнэраў чакае Ўкраіна, якая распачала працэс «бязьвізаў» прыблізна ў той жа час, што і Грузія.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG