Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ён адседзеў 13 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся 19 лютага. Стала вядома, што на Вадзіма Саранчукова, пакуль ён сядзеў у СІЗА, склалі новы пратакол.

Ежы Грыгенча, актывіст партыі АГП. Яго сустракалі сябры і жонка Валянціна. Жонка кажа, што муж вельмі зьмяніўся з выгляду. Першае, што Грыгенча сказаў Свабодзе — гэта перадаў падзяку ўсім сябрам, жонцы і блізкім за падтрымку, якую ён вельмі добра адчуваў у камэры.

— Дзякуй і за лісты, і за перадачы ад маіх блізкіх, сяброў і зусім незнаёмых людзей, якія дасылалі мне лісты. Магу сказаць толькі адно, што трэба працягваць нашу справу і найперш дамагчыся адмены дэкрэту № 3, а пазьней будзе відаць, што рабіць.

Вадзім Саранчукоў і Ежы Грыгенча

Вадзім Саранчукоў і Ежы Грыгенча

Паводле Грыгенчы, нават у камэры ён шмат даведаўся ад людзей, якія сядзелі разам зь ім. Многія распавядалі пра жыцьцё, пра тое, як парушаюцца правы чалавека і ніхто аніяк на гэта не рэагуе.

— Нават у камэры дамогся таго, каб нас выводзілі на прагулкі, бо раней гэтага ніхто не рабіў, а сядзельцы папросту баяліся пра гэта сказаць. Дарэчы, у камэрах пануе антысанітарыя, і таксама да гэтага няма нікому ніякай справы. Зь любой нагоды даводзілася пісаць скаргі. Да нас не даходзіла практычна ніякай інфармацыі, мы былі цалкам адрэзаныя ад зьнешняга сьвету.

Вадзім Саранчукоў, які выйшаў на дзьве гадзіны раней, чым Грыгенча, сказаў Свабодзе, што ў камэру яму прыносілі новы адміністрацыйны пратакол. Там было напісана, што двое падлеткаў сказалі міліцыянтам, што напярэдадні «Маршу недармаедаў» ён даў ім улёткі з заклікам на акцыю.

Вадзім Саранчукоў

Вадзім Саранчукоў

— Судовае паседжаньне прызначана на чацьвер. Я ня ведаю, што гэта за падлеткі, і мне цікава, каго яны прывядуць на суд у якасьці сьведак.

Вольга Верамеенка сказала Свабодзе, што нарэшце атрымала ліст ад асуджанага на 15 сутак мужа — Сяргея Верамеенкі. Піша, што ўсё нармальна, каб не перажывала, дзякуе за перадачы.

Ліст Сяргея Верамеенкі да жонкі

Ліст Сяргея Верамеенкі да жонкі

— Напісаў яшчэ, што накіраваў скаргу ў абласны суд, у якой просіць адхіліць непісьменна складзены міліцэйскі пратакол на яго, вынесьці прыватнае азначэньне абласнога суду датычна несанкцыянаванага назіраньня за грамадзянамі і нашай сям’ёй. Просіць суд прызначыць праверку адносна гэтых фактаў. Піша, што час праходзіць манатонна і вельмі нестае інфармацыі з волі. Перадае ўсім прывітаньне.

Ежы Грыгенча і Вадзім Саранчукоў былі асуджаныя за ўдзел у «Маршы недармаедаў» на 13 сутак арышту, Сяргей Верамеенка — на 15 сутак. Ніхто зь іх сваёй віны не прызнаў. За ўдзел у гэтай жа акцыі былі асуджаныя яшчэ 9 гарадзенцаў, яны атрымалі розныя штрафы.

XS
SM
MD
LG