Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі

1. Кнігі Царстваў

«Бо меч пажырае часам таго, часам гэтага».

Выкшталцоная фраза. Дасканалая. І такая біблійная! Хоць ты яе ў раму забірай. Нешта ў стылі Салямонавых выслоўяў, або Эклезіяста. Час раскідаць камяні, і час зьбіраць камяні, час пажыраць таго, і час пажыраць гэтага. Векапомнае выслоўе, што належыць якому-небудзь напаўмітычнаму пэрсанажу, які з асьнежанай вяршыні ліе на нас ападкі сваёй мудрасьці. І як удала адушавілі прадмет! Меч, не раўнуючы жывая істота, з ротам, зубамі, прагай трушчыць. Бездакорна.

Аднак мы не ў «Выслоўях», мы не ў «Эклезіясьце». Мы ў пекле. Мы — у «Кнігах Царстваў». Тут кіраўнікі дзяржавы — пэрсоны з плоці і крыві, прычым звычайна з чужой. Тут параноік Саўл са сваёй псыхалёгія абложанай крэпасьці ўвачавідкі ператвараецца ў сэрыйнага забойцу сьвятара Ахітува ды яго сям’і. Тут Ахаў, сувэрэн, што накіроўвае сіламоц не супраць ворагаў, а ўласных падданцаў. Каб здабыць упадабаны вінаграднік, Ахаў гноіць у турме ягонага ўладальніка.

Пра цароў — як пра зямное ўцелаўленьне бога, пра манархаў — як пра сыноў сонца ды іншае ра-ра-ра, якое можна сустрэць у эгіпецкіх ці сумэрскай мітах, у гэтых кнігах гаворкі ня пойдзе. Нават тых, хто чакаў гістарычны канал пра мілыя таямніцы сівой даўніны, перапрашаем, варта пераключаць. Тут расказвае і паказвае адзінаццаты разьдзел «Другой кнігі царстваў». Навукова-пазнавальная перадача — «Як гэта працуе насамрэч?»

2. Як замесьці сьляды забойства?

Вось ён, цар Давід: у халаце на голае цела, з келіхам брэндзі і цыгарай прачнуўся адвячоркам і пахаджвае па каралеўскім пэнтгаўзе, паглядаючы на сталічныя дахі. Дзесьці далёка на Ўсходзе яго войска асаджае аманіцкі горад Раву. Цар вырашыў застацца ў сталіцы. Спакойная абстаноўка і дзённая сіеста спрыяюць стратэгічнаму мысьленьню.

З гаўбца Давід заўважае прыгожую жанчыну, якая прымае ванну на даху свайго дому. Давід пасылае даведацца. Пасланцы бягуць стрымгалоў і вяртаюцца са зьвесткамі. Гэта Вірсавія, жонка баявога афіцэра Ўрыі Хэтэяніна. Давід пасылае па Вірсавію.

Увогуле, у гэтай гісторыі шмат панавыпраўляецца пасланцоў і пасланцоў пасланцоў. Доўгі ланцуг уладнай машыны пакрысе раскручваецца, размотваецца. Злучво за злучвом яна пачынае скрыгатаць на ўсе застаўкі. Завадатар гэтага руху Давід усё больш аддаляецца ад эпіцэнтру, хаваючыся за натоўпам выканаўцаў, непасрэдных і апасродкаваных.

Біблія маўчыць, ці ўзяў цар Вірсавію гвалтам, ці ў іх усё атрымалася са згоды. Але пасьля першай жа ночы Вірсавія зацяжарыла.

Давід адклікае Ўрыю ў сталіцу, каб той як найхутчэй патрапіў да жонкі. Разумны ход для стратэга: і для вайсковага, і для палітычнага. Фармальная нагода — цар хоча пачуць жывую справаздачу з поля бітвы. Пасьля гутаркі пра тое і пра гэтае, Давід прамаўляе Ўрыю самую галоўную фразу, дзеля якой і выпісаў афіцэра з перадавой:

«Ідзі дамоў і абмый ногі свае».

Ногі мужам абмывалі жонкі. Уявім салдата, якому падчас вайны выпала шчасьце на кароткую перабыўку трапіць дадому да жонкі.

Урыя адмаўляецца ісьці дамоў. Не, ён ня будзе ляжаць на пярынах, пакуль баявыя таварышы ночаць у намётах. Ці то зьдзекуецца гэты Ўрыя з цара, што застаўся падчас вайны ў палацы, ці то пачаў нешта падазраваць. Так ці інакш, адмовай спаць з жонкай афіцэр падпісвае сабе сьмяротны вырак.

Давід вырашае працаўладкаваць ахвяру на фабрыку сьмерці лістаношам — разам з Урыем пасылае пісьмо вайскаводцу Ёаву:

«Пастаўце Ўрыю там, дзе самая моцная бітва, і адступіцеся ад яго, каб ён быў пабіты і памёр».

3. Сьняданак пад кулямі

У ланцугу ўладнай машыны настае чарга войскаводца Ёава. Ён таксама ня хоча падстаўляцца. Ён ня будзе пасылаць Урыю ў гушчу бою і потым ад яго адступацца. Каб завуаляваць забойства, Ёаў пасылае Ўрыю пад самыя муры асаджанай Равы разам з групай іншых салдат. Неасланёны цэлы аддзел з Урыем на чале робяцца лёгкай здабычай абаронцаў горада.

Далей на далей, Ёаў шле ў Ерусалім пасланца, загадаўшы яму аб такім сцэнары размовы:

«Ты раскажаш цару пра ўвесь ход бітвы і ўбачыш, што цар разгневаецца і скажа табе: навошта вы так блізка падыходзілі да горада?.. ...і тады ты скажаш: і раб твой Урыя Хэтэянін таксама забіты і памёр».

Ёаў хоча, каб Давід адхапіў кантрастны душ. Каб цар з усёй яснасьцю адчуў, што ён у Ёава ў кулаку. Ёаў цяпер — ня толькі выканаўца, але і сьведка царскай сваволі, з якім трэба лічыцца.

Але ж пасланец таксама дбае пра сваё. Ён ня можа сваім аповедам нарошчваць градус фірмовага царскага гневу. Ён шмат чуў, як венцаносцы злосьці поўныя косьці забівалі вестуноў няшчасьця на месцы.

«Адольвалі нас тыя людзі і выйшлі да нас у поле і мы перасьледвалі іх да ўваходу ў браму», — тупамерна бубніць ён. «...вайна, сір, што паробіш... у куражы бітвы памыліліся вашы найбольш гарачыя мушкэтэры». Шантаж Ёава праз пасланца не працуе на ўсе сто, але ў цэлым справа ідзе на крэпкую чацьвёрку. Факты пасьпяхова адсланілі праўду — усе бачылі, як Урыю забілі аманіцяне. Давід таксама збольшага ўсьцешаны. Ён — сама лагода:

«Так скажы Ёаву: Хай не бянтэжыць цябе гэтая справа, бо меч пажырае часам таго, часам гэтага... ...Так падбадзёры яго».

То бок, «усё ў парадку, Ёавік, канцы ў ваду. Але аёй табе вылазіць з нашым сакрэтам на сьвет божы. Бо наступным разам на сьняданак пад кулямі можа... таго... а часам гэтага...»

Справа завершаная. Хіба што кулюарны праўдаруб, прарок Натан, усхваляваны ад уласнай адвагі, калі-небудзь потым шапне Давіду на вушка: «яго ты забіў мячом аманіцянаў». І цішыня.

XS
SM
MD
LG