Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачы Onliner.by абурыліся адсутнасьцю навінаў пра Дзень Волі. Рэдакцыя: «Мы ніколі не пісалі на палітычныя тэмы»


Пра акцыі на Дзень Волі пісалі практычна ўсе беларускія СМІ, а таксама шматлікія замежныя. Але навіны аб пратэстах, разгонах і затрыманьнях прайшлі міма Onliner.by — другога па наведвальнасьці парталу навінаў у краіне.

Карыстальнікі Onliner.by выказвалі сваё абурэньне ў сацсетках, у тым ліку на старонцы Onliner на Facebook, дзе мелі магчымасьць паставіць адзнаку старонцы. На старонцы да нядаўняга моманту было з паўсотні нэгатыўных адзнак, каля 90 — пазытыўных, у тым ліку ад саміх супрацоўнікаў Onliner.by. Пазьней тып старонкі зьмянілі такім чынам, каб адзнакі стала нельга ставіць.

У камэнтарах да нэгатыўных водгукаў ад імя рэдакцыі адказвалі паведамленьнямі кшталту такога:

«Мы ніколі за 15 гадоў не пісалі пра палітыку і на палітычныя тэмы і не плянуем гэтага рабіць. У Беларусі ёсьць вельмі шмат сайтаў, якія асьвятляюць такія тэмы (і я не пра дзяржаўныя СМІ). У той жа час ёсьць шмат сайтаў, якія ня пішуць пра палітыку наогул — і гэта абсалютна нармальна. Было б дзіўна, калі б усе выданьні асьвятлялі адзін шэраг тэмаў.

З БТ нам „па піве“ садзіцца ня варта — мы не заангажаваныя і проста не чапаем гэтай тэмы. Але мы шчыра рады, што ў вас ёсьць магчымасьць у 2017 годзе пачытаць пра гэта ў выданьнях, у якіх для гэтага ёсьць штат журналістаў і тэхнічныя магчымасьці. Падкажыце, калі ласка, хіба вам няма дзе было пра гэта прачытаць? Напішыце нам у прыват, і мы можам падказаць, хто з калегаў пра гэта піша».

Сапраўды, навінаў пра акцыі пратэсту або актыўнасьць апазыцыйных партыяў і рухаў на Onliner.by няма. Бела-чырвона-белы сьцяг на фота аднойчы замазалі, але потым рэдакцыя апраўдала гэта сваім «праколам» ды камэнтары ў падтрымку бел-чырвона-белага сьцягу выдалялі. Пра гісторыю з затрыманьнем актывістаў «Маладога Фронту» пасярод вуліцы распавялі як пра «экшн», адмовіўшыся даць тлумачэньні «маладафронтаўцаў».

Але дзяржаўная палітыка на Onliner.by ёсьць — у асноўным гэта пераказы паведамленьняў дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Партал апісваў прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі, «нафтагазавыя войны», «аптымізацыю» МУС, анонс мэмарыялу ў Курапатах і іншыя палітычныя падзеі. Мяркуючы па адрасах старонак, за апошні год на Onliner.by было ня менш за 200 навінаў пра Аляксандра Лукашэнку.

Тым ня менш «апалітычная» пазыцыя сайту не ўратавала яго ад блякаваньняў: у 2014 годзе праблемы з доступам да Onliner.by былі адначасова з праблемамі з доступам да Tut.by і Naviny.by, Charter97.org і Belaruspartizan.org, а таксама многімі іншымі. Пазьней сайт часова пазбавілі беларускага дамэну (ён працягнуў працу на дамэне Onliner.ru) нібыта праз парушэньні, выяўленыя ў каталёгу тавараў Міністэрствам гандлю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG