Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ня будзе Дня дармаеда — Палата прадстаўнікоў супраць


Акцыя салідарнасьці зь беларусамі ля амбасады Беларусі ва Ўкраіне. Кіеў, 26 сакавіка 2017 году

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ня бачаць падстаў для заснаваньня Дня дармаеда. Гэта вынікае з адказу намесьніка старшыні пастаяннай камісіі ў пытаньнях дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту Анатоля Ткачука на калектыўны зварот магілёўцаў.

«Прафэсійныя сьвяты засноўвацца на знак заслуг працаўнікоў асобных прафэсіяў, галінаў гаспадаркі і дзейнасьці», — адпісалі з Палаты прадстаўнікоў ініцыятару зьбіраньня подпісаў у падтрымку Дня дармаеда прафсаюзнаму актывісту Аляксею Паўлоўскаму.

Ягоны зварот падтрымалі 79 магілёўцаў.

Прафсаюзнаму дзеячу паведамілі, што рашэньне пра наданьне статусу дзяржаўнага сьвята прымае кіраўнік дзяржавы. У адказе актывіста паўшчувалі за ўжываньне ў звароце зьневажальных слоў і выразаў, але якіх менавіта, не адзначылі.

Аляксея Паўлоўскага абурыў адказ з Палаты прадстаўнікоў. Ён настойвае, што не ўжываў абразьлівых выразаў у звароце. На думку Паўлоўскага, у Палаце прадстаўнікоў не разумеюць выгады ад Дня дармаеда.

«Маючы такое прафэсійнае сьвята, — кажа ён, — павысілася б турыстычная прывабнасьць Беларусі. Турысты папаўнялі б дзяржаўны бюджэт».

«Маглі не ківаць на прэзыдэнта, а наадварот, параіць яму, каб той зрабіў такое сьвята. Быць дармаедам стала б прэстыжна. У нас жа 400 тысяч дармаедаў налічана», — тлумачыць сваю пазыцыю Паўлоўскі.

Прафсаюзны актывіст прапаноўваў паставіць помнік дармаеду, праводзіць карнавалы, дэманстрацыі, мітынгі, прысьвечаныя дармаедам. Акрамя таго, ён раіў выдаць да Дня дармаеда адмысловыя манэты, а таксама заснаваць узнагароду «Заслужаны дармаед Беларусі» і ўручаць яе «дзеячам галіны». Ён рэкамэндаваў Аляксандру Лукашэнку і дэпутатам усталяваць скульптурную кампазыцыю «чэснаму дармаеду» насупраць Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Дзень жа дармаеда прапануе адзначаць 30 жніўня, на дзень народзінаў чыноўніка № 1, які падпісаў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG