Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі на галоўнай плошчы Таронта ФОТА


На знак салідарнасьці з удзельнікамі акцыі з нагоды Дня Волі ў Менску сябры Згуртаваньня беларусаў Канады зладзілі акцыю на галоўнай плошчы Таронта Nathan Phillips Square.

Падтрымаць суайчыньнікаў на радзіме сабралася колькі дзесяткаў беларусаў, якія жывуць у Канадзе, актывістаў украінскай і прыбалтыйскіх дыяспараў, а таксама Камітэту за дэмакратычную Расею. Над плошчай луналі беларускія нацыянальныя і канадзкія сьцягі.

Да прысутных зьвярнуўся Крыс Аляксандэр, адзін з лідэраў фэдэральнай Кансэрватыўнай партыі, былы міністар іміграцыі Канады і парлямэнцкі сакратар у справах абароны. Ў сваім выступе ён зьвярнуў увагу на важнасьць падтрымкі дэмакратычных сілаў у краінах былога савецкага блёку, у прыватнасьці, у Беларусі. Прафэсійны дыплямат са шматгадовым досьведам працы ва Ўсходняй Эўропе падзяліўся думкамі пра разьвіцьцё падзеяў у рэгіёне, пацьвердзіўшы стратэгічную важнасьць, якую можа адыграць дынаміка падзеяў у Беларусі.

Маркус Колга, вядомы кінадакумэнталіст, віцэ-прэзыдэнт Ўсясьветнай Рады Эстонцаў (Еstonian World Council) выступіў са словамі падтрымкі тым, хто выходзіць на вуліцы беларускіх гарадоў і выказаў надзею, што й Беларусь хутка зойме годнае месца ў сям’і вольных эўрапейскіх народаў.

Як паведаміў Свабодзе адзін з удзельнікаў акцыі салідарнасьці Дзьмітры Эльяшэвіч, падзеі ў Беларусі абмяркоўвалі і падчас традыцыйнага сьвяткаваньня, зладжанага ў гонар 99-х угодкаў абвешчаньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў Беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG