Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзіўся 8.05.1883 г. у ф. Данілоўка Бабруйскага пав. (цяпер Сьветлагорскі р-н Гомельскай вобл.). Расстраляны 20.12.1937 г. у Менску. Месца пахаваньня невядомае.

25 студзеня 1921 г. газэта «Савецкая Беларусь» паведамляла, што ў памяшканьні народнага камісарыяту асьветы ССРБ адбыўся сход беларусаў — работнікаў асьветы і культуры. На гэтым сходзе Сьцяпан Некрашэвіч прачытаў «плян дзеяў маючаму быць Інстытуту беларускай культуры». Для распрацоўкі пляну працы дзеля заснаваньня ІБК на сходзе абралі камісію на чале з С. Некрашэвічам. І калі ў 1922 г. ІБК нарэшце быў «узаконены», ён стаў старшынёю Інстытуту. У тым самым 1922-м выйшаў «Беларускі лемантар» С. Некрашэвіча, а ў наступным годзе сьвет убачыла ягоная чытанка «Роднае слова»...

І гэта ўсё рабіў чалавек, які яшчэ нядаўна, у сьнежні 1920 г., на зьезьдзе БПС-Р разам з Уладзіславам Чаржынскім заклікаў сваіх таварышаў перайсьці ў падпольле і пачаць барацьбу з бальшавікамі. Хто і што прымусіла С. Некрашэвіча памяняць сваю пазыцыю, сказаць цяжка, але несумненна, што яго праца на ніве асьветы і навукі добра паслужыла справе Беларушчыны.

Пакуль што няма адказу, калі патомны праваслаўны шляхціч С. Некрашэвіч усьвядоміў сябе беларусам. Ня выключана, што падчас вучобы ў Панявескай настаўніцкай сэмінарыі (БСГ вяла ў ёй працу) ці вучобы ў Віленскім настаўніцкім інстытуце. Ва ўсякім разе мы ведаем, што С. Некрашэвіч быў сябрам Грамады. Зь ліпеня 1918 г. ён узначальваў Беларускі нацыянальны камісарыят у Адэсе, а са жніўня быў яшчэ і консулам БНР. Увосень 1918-га ён браў удзел у працы Надзвычайнай дэлегацыі Рады БНР у Кіеве, якую ўзначальваў Антон Луцкевіч. Нарэшце, 1 студзеня 1920 г. стаў шэфам канцылярыі Рады Народных Міністраў БНР — «правай рукою» Луцкевіча.

Пераехаўшы ў ССРБ, якая была абмежаваная няпоўнымі шасьцю паветамі Менскай губэрні ды кавалкамі Вілейскага павету, ён вырашыў прыкласьці намаганьні, каб падсавецкая Беларусь зрабілася як мага больш беларускаю. Дзеля гэтага пісаў лемантары (акрамя лемантара для дзяцей, падрыхтаваў лемантар для непісьменных дарослых) і чытанку. Дзеля гэтага выкладаў у мэдычным інстытуце і ў БДУ, узначальваў навукова-тэрміналягічную камісію, складаў (разам зь Міколам Байковым) беларуска-расейскі і расейска-беларускі слоўнікі, дасьледаваў гісторыю мовы, старшыняваў у камісіі дзеля ўкладаньня слоўніка жывой беларускай мовы...

У канцы 1928 г. С. Некрашэвіч стаў адным зь першых правадзейных членаў БАН, яе віцэ-прэзыдэнтам, у 1929 г. адначасна ўзначаліў Інстытут мовазнаўства. Ды папрацаваць на новых пасадах яму ня лёсіла. У ліпені 1930 г. яго арыштавалі ў «справе» гэтак званага Саюзу вызваленьня Беларусі, а ў красавіку наступнага году на 5 год выслалі ва Ўдмурцію. Там працаваў то плянавіком-эканамістам, то бухгальтарам. У 1936 г. тэрмін высылкі быў падоўжаны яшчэ на два гады. У лістападзе 1937-га С. Некрашэвіча арыштавалі зноў і даставілі ў Менск. Сьледзтва было непрацяглае. 19 сьнежня Вайсковая калегія Вярхоўнага суду БССР прыгаварыла С. Некрашэвіча да расстрэлу.

З Архіваў БНР

(З справаздачы консула БНР у Адэсе Сьцяпана Некрашэвіча за 19.12.1919 аб працы Консульства за ўвесь час яго йснаваньня)

20 лютаго 19 р. Часьцінаю адэскай чорнай сотні былі разгромлены, як асабліва нацыаналістычныя і дэмакратычныя, беларускія арганізацыі: «Гай», бежанскі камітэт і каапераціў. Маентнасьць каапераціва была падзелена паміж салдатамі, бібліотэка спалена, а ўсе дзела і некатарыя члены Камітэту былі заарыштованы і атпраўлены ў дабравольчую контр-разведку, як бальшэвікі. Але аттуль іх зараз жа па майму хадатайству іх адпусьцілі, а дзела вернулі, бо нічога бальшэвіцкаго у іх ні было. Мною аб гэтым зроблены былі заявы дабравольчаму і саюзнаму камандаваньням. Апроч таго, аб гэтым здарэньні быў запрос ў Мейсцовай Думе. Пасьля гэтаго часьціну Саюза Рускаго народу расфармавалі, а глаўных віноўнікаў заарыштавалі.

Гэты факт навёў мяне на думку, што трэба мець сваю вайсковую сілу, штоб у далейшым часе падобнаго рода выпадкі не зверталіся. Дзеля гэтаго я звярнуўся да французаў і прасіў іх, штоб яны дазволілі фармаваньне беларускіх народных часьцей і далі ім грошы, аружжа і абмундыраваньне. Французы адразу жа ухапіліся за фармаваньне народных часьцей і далі сваю прэдварыцельную згоду. Многа гэтаму дапа^[ма^]глі мае добрыя адносіны з французамі і то асаблівае даверра, якое французы мелі да беларусаў. Бываючы у іх па розным беларускім справам бадай што не кожан дзень, яны заўседы прымалі мяне з вялікаю прыемнасьцю. Як раз аб гэтай пары прыехаў да Адэсы генэр. Бэртэло, глаўнакамандуюшчы: на Усходзі, і я разам з палк. Вендам, прыехаўшым да Адэсы, пабывалі у яго. Бэртэло заранее ўжо быў інфармован па нашаму пытаньню палк. Фрэйдэнбергам. Я з свайго боку інфармаваў яго па беларускаму пытаньню, даў яму карту Беларусі, за якую ён шчыра дзякуваў, і прасіў яго даць дазваленьне на фармаваньне беларускіх часьцін. Бэртэло даў сваю згоду. Но проціў гэтаго фармаваньня запрацеставала дабравольчае камандаваньне. Глаўнаначальствуюшчы генэр. Шварц прыказам, апублікаваным у газэтах, прыпыняў і не дазваляў беларускіх фармаваньняў. Аднак французы йзноў паўтарылі сваю згоду, і назначылі глаўным інспэктарам па фармаваньню украінца генэр. Сокіро-Яхонтова. Так пачалася фармавацца першая беларуская дывізія. Фармаваў Вэндт, які маў дакуманты ад Ураду, што ён начальнік штаба беларускае арміі. Но калі сфармована было каля 1000 чал., французы і дабравольцы пачалі ухадзіць ад Адэсы. Павінна б была адступіць і наша дывізія, але Вэндт, карыстаючы момант, перайшоў на бок бальшэвікоў і астаўся у Адэсі. У дывізіі падняўся бунт, і часткі дывізіі адступілі. Як прышлі ў Адэсу бальшэвікі, Вэндт пры дапамозі беларускае камуністычнае парціі легалізаваў сваю часьціну і пачаў фармаваньне 13-й беларускай савецкай брыгады. З беларусамі ён перастаў лічыцца і кленчыў перад камісарамі. Дзякуючы таму, што за брыгадаю зацьвердзілася слава, як контррэвалюцыйнай часьціны, ў яе рады пашло афіцэрства, і скора брыгада лічыла ў сваіх радах да 10 000 чырвонаармейцаў. Шчырым беларусам хацелася скарыстаць гэтую сілу, штоб прагнаць з Менску маскоўскіх камісараў, дзеля якое патрэбы і быў пасланы ў Менск Баліцкі. Але Крывашэін на перавод брыгады да Беларусі не згадзіўся. Тым часам Вэндт без суда застрэліў аднаго чырвонаармейца, за што вайсковы рэвалюцыйны трыбунал прыгаварыў адправіцца яму на фронт. Аб гэтай пары як раз распачалося паўстаньне Грыгор’ева. Вэндт парашыў прыстаць да яго, але не удзячна. Паустаньне яго скончылася жыдоўскім пагромам і стрэлянінай у месьці. Тады Вэндт схаваўся, глаўных віноўнікаў паўстаньня заарыштавалі і растрэлялі, брыгаду пераіменавалі ў брыгаду імені тав. Леніна і адправілі на фронт.

Пры разборы ў вайсковым трыбуналі спраў брыгады дакапаліся і да мяне, як глаўнаго арганізатара дывізіі проціў савецкае Улады, вёўшаго умовы з французамі. Прышлося доўгі час хавацца. Перабрацца за кардон ні было ніякай мажлівасьці. Калі справа брыгады трохі прыціхла, я полулегальна працаваў ў беларускіх культурна-прасьветных арганізацыях...

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG