Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І памяшканьні могуць хварэць


Мы прызвычаіліся да таго, што хварэць можа чалавек, жывёла, расьліны — нешта жывое. Але вось Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) вылучае і так званы сындром хворага памяшканьня, які адмоўна адбіваецца на здароўі чалавека.

Сындром хворага памяшканьня — гэта сукупнасьць скаргаў, якія ўзьнікаюць у чалавека пры доўгім знаходжаньні ў памяшканьні, якое не адпавядае санітарна-гігіенічным нормам. Прычым скаргі гэтыя ня зьвязаныя зь іншымі прычынамі. А чалавек, калі пакідае гэтае памяшканьне, адчувае сябе значна лепш.

Што можа быць непасрэднай прычынай дрэннага самаадчуваньня ў пэўных жыльлёвых ці працоўных памяшканьнях? Гэта і наяўнасьць прадуктаў жыцьцядзейнасьці прасьцейшых арганізмаў або грыбкоў (звычайна пры высокай вільготнасьці), выкарыстаньне падчас будоўлі ці рамонту матэрыялаў, якія выклікаюць алергічныя ці псэўда-алергічныя рэакцыі або нават спэцыфічныя працэсы. Сярод такіх рэчываў, напрыклад, асбэст, некаторыя лякі і фарбы і пэўныя тыпы плястыку.

Да сындрому хворага памяшканьня вядзе таксама няправільнае выкарыстаньне штучнай вэнтыляцыі, што можа забрудзіць паветра хваробатворнымі мікраарганізмамі; недастатковы ці няправільны рэжым праветрываньня, асабліва калі памяшканьне знаходзіцца ў зоне з высокім узроўнем забруджваньня атмасфэрнага паветра.

Нарэшце, памяшканьне можа хварэць з прычыны нашых дрэнных звычак, напрыклад, курэньня. СААЗ указвае на тое, што каля 30% памяшканьняў могуць быць хворымі. Прычым вылучаюць часова хворыя памяшканьні, якія, напрыклад, былі нядаўна пабудаваныя ці адрамантаваныя. У такіх памяшканьнях зь цягам часу інтэнсіўнасьць скаргаў чалавека, які імі карыстаецца, зьмяншаецца. Гэта зьвязана, напрыклад, з эмісіяй лятучых элемэнтаў або з заменай пакрыцьця падлогі, якое выдзяляла небясьпечныя рэчавы, на больш гігіенічны і бясьпечны для здароўя матэрыял.

А вось для пастаянна хворых памяшканьняў характэрна тое, што ў іх карыстальнікаў пэўныя скаргі зьмяншаюцца ці зусім зьнікаюць пры зьмене памяшканьня ці выхаду на вуліцу. Асаблівасьць узьдзеяньня пастаянна хворых памяшканьняў у тым, што чалавек можа нават і не здагадвацца, што прычына ягонага дрэннага самаадчуваньня палягае ў ягоным жа жытле ці працоўным кабінэце.

Таму калі вы заўважылі, што ў вас зьяўляюцца прыкметы сындрому хворага памяшканьня — закладзены нос, сухасьць вачэй ці наадварот выдзяленьні зь іх, кашаль без прастуднага захворваньня, скурныя сымптомы кшталту сухасьці, чырвоных плямаў, галаўныя болі, галавакружэньні, нават болі ў страўніку — безумоўна трэба зьвяртацца да лекара для дакладнай дыягностыкі і граматнага лячэньня. Але і самім трэба ведаць, што гэта можа быць зьвязана з нэгатыўным узьдзеяньнем жытла ці вытворчага памяшканьня.

Практычная парада. Памяшканьне таксама можа хварэць без дастатковага гаспадарскага дагляду, таму трымайце сваё жытло і працоўнае месца ў добрым стане, тады яны ня будуць хварэць і падораць вам толькі станоўчыя эмоцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG