Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Здавалася б, ну якая знойдзецца нагода для фэмінісцкай крытыкі конкурсу «Жанчына году»? Гэтая імпрэза нібыта мусіць быць сапраўдным сьвятам для фэміністак. Але ў Беларусі няма нічога немагчымага, і нават на ўзнагароджваньні «жанчын году» пануе непрыхаваны сэксізм. І, па старой добрай традыцыі, абсурд.

З шасьці чалавек, якія агалошвалі і віншавалі пераможцаў, пяць былі мужчынамі. А Марыяна Шчоткіна, якая была адзінай жанчынай у гэтым сьпісе, у віншавальна-матывацыйным выступе вырашыла спасылацца не на свой вопыт і не на вопыт іншых жанчын, а на пажаданьне Аляксандра Лукашэнкі.

Каб атрымаць такую ўхвалу, трэба быць у Беларускім саюзе жанчын.

Як яшчэ заахвоціць беларускіх жанчын займацца бізнэсам ці змагацца за высокія дзяржаўныя пасады, як ня ўхвалай прэзыдэнта? Каб атрымаць такую ўхвалу, трэба быць у Беларускім саюзе жанчын — дзяржаўнай арганізацыі, якая нібыта імкнецца ўзвысіць статус жанчын у грамадзтве, але восьмага сакавіка называе «сьвятам дабрыні, любові і разуменьня».

Узнагарода «Жанчына году» мае мала агульнага з рэальнай падтрымкай жаночых ініцыятыў і ўяўляе сабой чарговую тэатральную пастаноўку, зробленую для справаздачы. На фармальнай імпрэзе дзяржслужбоўцы з захапленьнем расказваюць пра «нашых цудоўных жанчын», у той час як рэальныя праблемы актыўных жанчын як ігнараваліся, так і працягваюць ігнаравацца.

Беларускі саюз жанчын не зрабіў заявы і ніяк сябе не праяўляе ў сытуацыі з журналісткай Ларысай Шчыраковай, калі супрацоўнікі міліцыі пагражаюць забраць у яе сына, ня маючы для гэтага ніякіх законных падстаў. Затое Марыяна Шчоткіна кажа, што задача дзяржавы ў тым, каб жанчына магла пасьпяхова сумяшчаць прафэсійныя і хатнія абавязкі. Напэўна, менавіта неабходнасьцю гэтага сумяшчэньня кіруюцца ўлады, адмаўляючыся адмяняць ганебны сьпіс, у якім 182 прафэсіі, забароненыя для жанчын.

Намеснік міністра культуры радасна адрапартаваў, што больш за 90% працоўных у сфэры культуры — гэта жанчыны. На жаль, ён забыў дадаць, што заробкі ў гэтай сфэры — самыя нізкія па краіне.

Перакос тлумачыцца ня клопатам пра здароўе, а выключна розьніцай у заробках.

Спадар Чэрнік хацеў, напэўна, паказаць, што падначалены яму сэктар такі прасунуты ў гендэрным пытаньні, але ў мяне ёсьць для яго навіна: калі ў нейкай вобласьці моцны перакос у працэнтах мужчын і жанчын, то штосьці дакладна ня так. А тое, што фізычна цяжкія прафэсіі з найніжэйшымі заробкамі лічацца «традыцыйна жаночымі», ні для каго, здавалася б, не навіна. Я, напрыклад, ні разу не сустракала кур’ерак у «Эўраопце» і ніколі ня бачыла санітараў у лякарнях. Магчыма, яны дзесьці ёсьць, але перакос відавочны. І тлумачыцца ён ня клопатам пра здароўе, а выключна розьніцай у заробках.

Але ёсьць такі міт, што Беларусь — краіна гендэрнай роўнасьці. Гэты міт вельмі падобны да міта пра беларускую талерантнасьць: пад гендэрнай роўнасьцю трансьлятаркі і трансьлятары міту разумеюць што заўгодна, але ня роўнасьць як такую.

Тут лічыцца добрым тонам запытвацца ў інтэрію пра асабістае жыцьцё жанчыны, нават калі інтэрвію невялікае і прысьвечана прафэсійным пытаньням. Тут жанчын вучаць, што «хатніх абавязкаў ніхто не адмяняў», і што перш за ўсё мы ў любым выпадку жонкі і маці (з чаго выцякае доўгі сьпіс абавязкаў). Тут жанчыны-навукоўцы чытаюць навуковыя даклады, і ў дыскусіях пасьля дакладаў абавязкова знойдуцца калегі, якія адзначаць не інавацыйнасьць распрацоўкі, а прыгожую сукенку, і ў гэтым нібыта няма «нічога такога».

Перад тым, як Вы наступны раз вырашыце зрабіць заяву на тэму, пра якую нічога ня ведаеце, пракансультуйцеся ў спэцыялістак.

І адмыслова для Валерыя Міцкевіча, намесьніка загадчыцы адміністрацыі прэзыдэнта. Вось вы сьцьвярджаеце, што ў Беларусі няма ніводнай гендэрнай праблемы. Але тое, што Вамі асабіста на працы кіруе жанчына, яшчэ нічога ня значыць. І перад тым, як Вы наступны раз вырашыце зрабіць заяву на тэму, пра якую нічога ня ведаеце, пракансультуйцеся ў спэцыялістак.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG