Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 фактаў пра Дзень Волі. Самыя прыкметныя і вызначальныя акцыі


1991. Газэта «Свабода», з архіву kamunikat.org

1991. Газэта «Свабода», з архіву kamunikat.org

Ад 1989 году гадоў у Менску і іншых гарадах Беларусі ладзяцца сьвяточныя ўрачыстасьці, палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, пэрформансы, прысьвечаныя ўгодкам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Чым былі адметныя Дні Волі ў розныя гады незалежнай Беларусі?


1989. Дзень Незалежнасьці

Першае публічнае сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску адбылося каля Тэатральна-мастацкага інстытуту ў 1989 годзе, калі студэнты зладзілі першы пэрформанс.

Студэнт тэатральнага інстытуту Алесь Пушкін вынес на ганак інстытуту бусла, зробленага з паперы. 71 балёнік сымбалізаваў 71 год Беларускай Народнай Рэспублікі. Пушкіна і яшчэ 35 чалавек тады затрымалі.

З таго часу ў Беларусі 25 сакавіка адзначаецца штогод. Спачатку 25 сакавіка называлі Днём Незалежнасьці. Палітык Вінцук Вячорка, які пачынаў сьвяткаваць гэтую дату яшчэ ў 1980-х у падпольлі, лічыць, што варта называць 25 сакавіка Днём Незалежнасьці. А Дзень Волі — гэта ўжо пазьнейшая мэтафара, якая, на думку Вінцука Вячоркі, не павінна засланяць яго першаснае значэньне.

1990. Дзень Волі дзякуючы газэце «Свабода»

25 сакавіка 1990 году выйшаў пілётны нумар газэты «Свабода» пад назвай «Дзень Волі», якая адразу стала новай назваю сьвята, — згадвае тагачасны рэдактар газэты Сяргей Дубавец. — Наклад газэты прадавалі проста ў грузавіка — час быў такі».

1990. Фота: архіў ГА «Дыярыуш», vytoki.net

1990. Фота: архіў ГА «Дыярыуш», vytoki.net



1993. Афіцыйнае сьвяткаваньне ў філярмоніі

У Менску шырока адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 75-тай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Сьвята прайшло на высокім узроўні ў будынку філярмоніі, дзе ўсіх павіншаваў тагачасны кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч і старшыня Рады БНР Язэп Сажыч.


1996. Найбольш масавы Дзень Волі

Дзень Волі-1996. Фота: Георгій Ліхтаровіч, vytoki.net.

Дзень Волі-1996. Фота: Георгій Ліхтаровіч, vytoki.net.


24 сакавіка 1996 году каля Тэатру опэры і балету адбылася адна найбольш масавых акцый у найноўшай гісторыі Беларусі пасьля дасягненьня незалежнасьці — на яе сабралася больш за 50 000 чалавек. Людзі пратэставалі супраць прапанаванага Аляксандрам Лукашэнкам саюзу з Расеяй. Адбыліся сутычкі ўдзельнікаў акцыі са спэцназам, а сам Дзень Волі скончыўся разгонам і затрыманьнямі.

Дзень Волі-1996 у рэпартажах БТ і расейскіх СМІ

1999. Пачалі караць за «незарэгістраваную сымболіку»

У 1999 годзе Дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі № 5 наконт удзелу грамадзянаў у масавых мерапрыемствах быў пераведзены ў Адміністрацыйны кодэкс. Яшчэ адзін дадатковы артыкул прадугледжваў адказнасьць за бел-чырвона-белыя сьцягі на мітынгу. У міліцэйскіх пратаколах гэта гучала як «выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі».

Менавіта на Дзень Волі ў 1999 годзе на рагу праспэкта Францішка Скарыны і вуліцы Казлова на даху дома залунаў бел-чырвона-белы сьцяг.

2000. Журналісты ў вайсковым ангары

На акцыі ў Менску было больш за 10 тысячаў удзельнікаў, каля 200 чалавек былі затрыманыя. На вуліцах сталіцы тады зьявілася вайсковая тэхніка — вадамёты, бронетранспарцёры; ў цэнтры гораду — узброеныя салдаты з сабакамі. Салдаты ўнутраных войскаў затрымалі 35 замежных і беларускіх журналістаў. Іх адвезьлі ў ангар на тэрыторыі вайсковай часткі. Шмат каму разьбілі камэры і дыктафоны. Крыстофера Паніку, супрацоўніка місіі АБСЭ ў Менску ўкінулі ў міліцэйскі варанок, і калі той сказаў: «У мяне недатыкальнасьць. Я дыплямат», адзін з міліцыянтаў адказаў: «Яна ў цябе была, пакуль я цябе не затрымаў». Кіраваў разгонам тагачасны міністар унутраных спраў Юры Сівакоў. Каля сотні чалавек трапілі ў турму на вуліцы Акрэсьціна за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якую па-сутнасьці ўлады не далі правесьці.

2002. Ізноў затрыманьні

Падчас адзначэньня Дня Волі 24 сакавіка ў Менску і Горадні было арыштавана больш за 100 чалавек.

2003. Розныя калёны Партыі БНФ і КХП-БНФ

У 2003 годзе на Дзень Волі адбылося дзьве акцыі. Адну зладзілі прадстаўнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ля паштамту 23 сакавіка. Сваю акцыю зладзіла і Партыя БНФ непасрэдна ў дзень сьвята. Людзі плянавалі ўскласьці кветкі да помніку Янкі Купалы, але гэта не атрымалася, і ўдзельнікаў акцыі разагнаў спэцназ.


2005. «Рэвалюцыя Андрэя Клімава»

Пасьля перамогі «Памаранчавай» рэвалюцыі ва Ўкраіне былы палітвязень і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў абвясьціў, што беларуская рэвалюцыя адбудзецца 25 сакавіка 2005 году. Улады разагналі арганізаваную ім 25 сакавіка акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Дзясяткі ўдзельнікаў акцыі былі затрыманыя, Андрэя Клімава асудзілі на паўтара гады «хіміі».

2006. Найбольш крывавы Дзень Волі



За тыдзень да Дня Волі адбыліся выбары прэзыдэнта. Амаль чацьвёра сутак людзі стаялі на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў. У менскіх турмах не хапала камэраў на сотні арыштаваных. У судах ад раніцы да вечара судзілі апазыцыянэраў. 25 сакавіка некалькі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Менску. Пасьля мітынгу ў сквэры Янкі Купалы сотні дэманстрантаў на чале з Аляксандрам Казуліным, кандыдатам у прэзыдэнты, рушылі ў бок турмы на Акрэсьціна ў Менску. Там знаходзіліся сотні чалавек, арыштаваных падчас разгону намётавага мястэчка на Плошчы. Людзей сустрэў спэцназ, дзясяткі былі зьбітыя і затрыманыя, у тым ліку Казулін. На волю ён выйшаў толькі праз два з паловай гады. Дзясяткі студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў вулічных акцыях, адлічылі з вучобы. Праграма Каліноўскага дала ім магчымасьць падоўжыць навучаньне за мяжой.


2009-2010. Без затрыманьняў


У 2009-2010 гадах сьвяткаваньне ўгодкаў абвяшчэньня БНР праходзіла каля Акадэміі навук з дазволу уладаў і без затрыманьняў.


2011. Салідарнасьць з палітвязьнямі. Без адзінага пляну

Дзень Волі праходзіў пад знакам салідарнасьці з палітвязьнямі. Паводле праваабаронцаў 25 сакавіка падчас акцыі было затрымана 70 чалавек у Менску і ў рэгіёнах. Аргкамітэт Дня Волі не прыйшоў да адзінага пляну сьвяткаваньня, і арганізатары ня здолелі сабраць людзей адной грамадой. Каля тысячы чалавек спрабавалі сабрацца на Плошчы Якуба Коласа ці ўскласьці кветкі да помніка Янку Купалу.​

2013. Самы халодны Дзень Волі

Дзень Волі адзначалі пры рэкордна нізкай тэмпэратуры — 6-8 градусаў ніжэй за нуль. У Менску адбылося шэсьце і мітынг з нагоды 95-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У іх ўзялі ўдзел каля тысячы чалавек. Каля дзясятка чалавек былі затрыманыя пасьля сканчэньня мітынгу ў парку Дружбы народаў.


2014. Пад знакам Украіны

У Менску адбылося масавае шэсьце ад праспэкту Незалежнасьці да парку Дружбы народаў з нагоды Дня Волі. На шэсьці было шмат транспарантаў у падтрымку Ўкраіны і ўкраінскіх сьцягоў.


2016. «Хто ня скача — той маскаль»

У Менску ў шэсьці з нагоды Дня Волі ўзялі ўдзел каля 2000 чалавек. Напрыканцы шэсьця моладзь скакала пад украінскай крычалку «Хто ня скача — той маскаль». А ў «Чабурэчнай», якая месьціцца ў будынку, дзе 25 сакавіка 1918 году была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі, увечары ў Дзень Волі зачыталі Акт Незалежнасьці Беларусі.


***

Упершыню ўгодкі абвяшчэньня БНР адзначылі ў 1919 годзе ў Горадні. Пазьней сьвяточныя мерапрыемствы праводзіліся ў шэрагу беларускіх гарадоў і мястэчак (Горадня, Ашмяны, Смаргонь ды іншыя), якія аказаліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. Галоўныя ўрачыстасьці звычайна адбываліся ў Вільні.

Пасьля Другой Сусьветнай вайны намаганьнямі беларускіх арганізацыяў сэнатары, губэрнатары і мэры шэрагу адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ЗША неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў адпаведных штатах і гарадох. Праца Сэнату і Кангрэсу ЗША неаднойчы пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім сьвятаром.

За савецкім часам Дзень Волі пачалі сьвяткаваць у 1980-я гады. Адзначалі паўпадпольна: у лесе, у мастацкіх майстэрнях.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG