Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежную журналістку міліцыянты трымалі 8 гадзінаў, перапісваючы ўсе яе рэчы


Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

Амаль восем гадзінаў доўжылася затрыманьне ў Рэчыцы гомельскай журналісткі-фрылянсэра Ларысы Шчыраковай. Каб як мага больш патрымаць журналістку ў абмежаваным стане, міліцыя прыдумляла самыя неверагодныя прычыны.

Уранку на прыватнай аўтамашыне «Renault Logan» Шчыракова кіравалася ў Мазыр, каб зьняць, як жыхары вуліцы Пралетарскай, Няжнова і завулку Першамайскі прыбіраюць супольную дваровую тэрыторыю, а заадно й сьвяткуюць перамогу. Яны выступілі супраць ушчыльненьня — адбілі будаўніцтва ў іх двары на месцы невялікага сквэрыка 40-кватэрнага панэльнага дому. А там яшчэ пару дзесяткаў чалавек выйшлі на плошчу, не задаволеныя «дармаедзкім» дэкрэтам.

На трасе паблізу Рэчыцы аўтамашыну журналісткі запыніла ДАІ, правяралі дакумэнты, спраўджвалі, ці ня скрадзены аўтамабіль.

Але гэтага падалося мала. Міліцыянты сталі казаць пра «арыенціроўку», якая паступіла з Гомельскага раённага аддзелу міліцыі ад імя начальніка, палкоўніка Васіля Краўцова, але ім не падпісаная. І пазначана ў той «арыенціроўцы», што вышукваецца «жанчына славянскай зьнешнасьці, узрост 35-40 гадоў, сярэдняга целаскладу, адзетая у куртку белага колеру». І дадаецца: «Езьдзіць меркавана на аўтамашыне „Renault Logan“ белага колеру, у рэгістрацыйным нумары прысутнічаюць лічбы 5 і 2».

Аказваецца, гэтая жанчына сярэдняга целаскладу западозраная ў крадзяжы грошай у пэнсіянэркі Чумаковай зь вёскі Раманавічы Гомельскага раёну. І адбылося гэта ў прамежку паміж 14 і 23 лютым.

«Цяпер во прыехалі ў Рэчыцу, — пацяшаецца Шчыракова, — міліцэйскія экспэрты, відаць, глебу з колаў маёй аўтамашыны браць, каб параўнаць з раманавіцкай»

І ўжо не стрымліваючы рогату дадае: «Ну, дзе ў нас найбагацейшыя людзі жывуць? Не ў катэджах у Сеўруках пад Гомелем, не ў Драздах на ўскрайку Менску, а менавіта ў вёсцы Раманавічы. — Куды ж мне яшчэ кіравацца, каб скрасьці шыкоўную бабуліну пэнсію?! І лічбы ў рэгістрацыйным нумары ў маёй белай аўтамашыне «Renault Logan» ёсьць і такія, якія ўказаны ў «арыенціроўцы».

Толькі стратэгі зь міліцыі, ці адкуль там яшчэ, тлумачыць журналістка, не ўлічылі самага простага: «Мая белая „Renault Logan“ патрапіла ў аварыю яшчэ 23 студзеня і знаходзілася ў рамонце амаль да сёньня. Вось і думаю, альбо бабуля з Раманавічаў чараўніца, альбо восем гадзінаў міліцыянты несьлі службу ва „ўзмоцненым рэжыме“, адмыслова на мяне палюючы. Ці бачацца іншыя варыянты?».

Аўташаша Гомель-Кобрынь стала месца затрыманьня і фрылянсэра Кастуся Жукоўскага з напарнікам. Яны ехалі на аўтамашыне ў Рэчыцу.

Міліцэйскае ўзмацненьне было заўважана і ў іншых гарадах рэгіёну, у тым ліку і ў абласным цэнтры.

Калі ў Рэчыцы Ларысу Шчыракову правяралі на датычнасьць да крадзяжу грошай ў пэнсіянэркі Гомельскага раёну, то віцебскіх незалежных журналістаў Алену Сьцяпанаву, Сяргея Русецкага і Ўладзімера Лунёва ў Полацкім РАУС западозрылі ў нападзе 1 сакавіка на аддзяленьне банку ў вёсцы Фарынава — маўляў, тады рабаўнікі таксама былі на аўтамабілі чорнага колеру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG