Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрымліваеш асалоду, як бабуля сяброў гаворыць па-беларуску, — Вольга Назарава пра біятлён і беларускую адаптацыю


Вольга Назарава

Апошнім этапам Кубку сьвету ў нарвэскім Халменколене завяршаюць чарговы сэзон лепшыя біятляністы плянэты. Пры любым раскладзе для біятляністаў зь Беларусі вынік нашмат лепшы, чым год таму: калі летась не здабылі ніводнага мэдаля, то сёлета ў агульнай скарбонцы іх мінімум чатыры.

У актыве Дар’і Домрачавай, якая вярнулася на трасу празь некалькі месяцаў пасьля нараджэньня дачкі, срэбра чэмпіянату сьвету, яна ж заняла трэцяе месца на перадапошнім кубкавым этапе ў фінскім Канціялахці. А ў самым пачатку сэзону сэнсацыйна стрэлілі Дар’я Юркевіч і Ўладзімер Чапелін — бронзавыя ўзнагароды ў швэдзкім Эстэрсундзе.

Ці можна казаць, што беларускі біятлён, які падчас вымушанай адсутнасьці свайго лідэра, шматразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай, расьпісаўся ў поўнай недзеяздольнасьці, вяртаецца на высокія міжнародныя пазыцыі? Абмяркоўваем з колішняй біятляністкай, а цяпер адказнай за падрыхтоўку рэзэрву ў Беларускай фэдэрацыі біятлёну, Вольгай Назаравай.

Дылема алімпійца: урваць ад спорту на творчасьць

Вольга Назарава нарадзілася і ўпершыню стала на лыжы ў Сыбіры, але ў якасьці спартоўкі па-сапраўднаму раскрылася ў зборнай Беларусі. Неаднаразовая прызэрка ўсясьветных першынстваў і этапаў Кубку сьвету, чэмпіёнка Эўропы, удзельніца зімовых Алімпійскіх гульняў 2002 і 2006 гадоў. Ёй належыць адно з унікальных дасягненьняў у летнім біятлёне — 11-разовая чэмпіёнка сьвету. Апроч таго, яна шматдзетная маці — зь вядомым біятлённым спэцыялістам Яўгенам Пермяковым выхоўваюць сына Кірыла, дачок Дар’ю і Таірыю.

Вольга з дочкамі Таірыяй і Дар’яй

Вольга з дочкамі Таірыяй і Дар’яй

Сустракаемся каля менскай гімназіі-каледжа імя Івана Ахрэмчыка. Вольга пад’яжджае на невялікім «паркетніку», выгружаецца з малодшымі дзяўчатамі. Пакуль Даша займаецца, з Таірыяй даводзіцца накручваць кругі на самакаце.

Знакамітая мастацкая ўстанова стала прафэсійным трамплінам шмат для якіх вядомых асобаў, а як адаптуюцца ў творчым асяродку дзеці спартоўцаў? Вольга расказвае, што старэйшы Кірыл пайшоў па сьлядах бацькоў і досыць пасьпяхова на юніёрскім узроўні асвойвае біятлён, а вось 10-гадовая Даша дэманструе мастацкія здольнасьці, якія грэх не падтрымаць:

«У дачкі вельмі добра ідзе маляваньне (і графіка, і жывапіс), і лепіць з ахвотай. Хочам паступаць у мастацкую школу, паспрабуем сёлета ў 5-ю клясу, вось пайшлі на падрыхтоўчыя курсы. Даша малюе недзе гады тры, вырашылі разьвіваць яе далей у гэтым накірунку. Ёй падабаецца, яна творчая натура. І калі ёсьць здольнасьці, чаму не паспрабаваць?».

Вольга кажа, што зацікаўленьне, мабыць, перадалося на генным узроўні, бо ў свой час яна сама была перад дылемай: мастацкая школа ці спартыўная? На карысьць апошняй згуляла блізкасьць да дому:

«Творчыя здольнасьці былі яшчэ ў маіх бацькоў. Тата ў свой час вельмі добра маляваў, адзінае, не разьвіваў гэтыя здольнасьці, мама таксама займалася маляваньнем. Ну і я, само сабой. І калі майму дзіцяці нешта перадалося, трэба нарэшце даць гэтаму выхад. Калі не атрымалася ў дзядоў і бацькоў, хай хоць унукі раскрыюцца».

З мужам і трэнэрам Яўгенам Пермяковым

З мужам і трэнэрам Яўгенам Пермяковым

Дар’я некалькі год займалася фігурным катаньнем, але творчасьць узяла сваё. Затое спортам на прафэсійным узроўні займаецца 17-гадовы сын: апошнія тры гады Кірыл вучыцца ў вучэльні алімпійскага рэзэрву і ўжо спрабуе сілы на першых юнацкіх спаборніцтвах:

«Так, сын пайшоў у біятлён. Мы з мужам, бывае, кажам: „Кірыл, можа, пакуль ня позна, паспрабаваць у іншым відзе?“. Але ён катэгарычны: „Мне падабаецца біятлён, усё, размова скончаная“. То бок, усе фантазіі на тэму пераходу ў нейкі іншы спорт адразу спыняе. Надзвычай захоплены, біятлён для яго сапраўды стаў жыцьцёвым прыярытэтам».

Малодшай Таірыі, чыё імя мае ўсходнія карані і перакладаецца як «прамяністая», «сьветлая», мама прарочыць музычна-артыстычную будучыню: хоць малой толькі тры, творчая энэргія б’е праз край. Сама Вольга ў апошнія гады сур’ёзна захапляецца фатаграфіяй, скончыла адмысловыя курсы.

Моўнае выпрабаваньне: асалода ад іншай культуры

У Беларусі Вольга Назарава ад 1999 году — ледзь не палову тэрміну ад сваіх цяперашніх 39-ці. Сюды прыехала за будучым мужам Яўгенам Пермяковым, тут нарадзіліся дзеці. Дык ці правільным было рашэньне — памяняць Омск на Менск?

Вольга Назарава (другая зьлева) зь сяброўкамі па зборнай

Вольга Назарава (другая зьлева) зь сяброўкамі па зборнай

«Ужо на той момант, калі я сюды ехала, рашэньне было абсалютна правільнае. Ніколькі не шкадую. Тут склалася мая кар’ера як спартоўкі, маё сямейнае жыцьцё — як жонкі і мамы. Тут нарадзіліся нашы дзеці. Мне ня проста падабаецца тут жыць, я Беларусь ужо лічу сваёй радзімай».

Каб параўнаць умовы адаптацыі, згадваю размову з выбітным літоўска-беларускім футбалістам Людасам Румбуцісам. Перад тым, як напачатку 1980-х прыняць прапанову ад менскага «Дынама», той доўга сумняваўся, ці здолее прыстасавацца да новага культурніцкага асяродку? Усё ж іншая рэспубліка, са сваёй адметнай культурай і мовай. Але Беларусь сустрэла «вялікім і магутным» ды расплывістай нацыянальнай ідэнтычнасьцю.

Ці хутка ўдалося інтэгравацца ў беларускую рэчаіснасьць сібірачцы Назаравай? Як-ніяк, Беларусь канца 1990-х мусіла адрозьнівацца ад савецкага аналягу:

«Абсалютна ніякіх бар’ераў. Справа ў тым, што я пачала займацца спортам яшчэ ў Расеі. У тыя жа Раўбічы часьцяком прыяжджалі на зборы, на спаборніцтвы. То бок, была тут яшчэ раней, таму ведала, куды еду і якія сюрпрызы могуць чакаць. Напрыклад, я тады яшчэ вучылася, а калі перавялася ў Беларусь, трэба было здаваць тры прадметы па-беларуску: мову, гісторыю і яшчэ нешта. Між іншым, Акадэмія міліцыі. Па вялікім рахунку, магу сказаць: чытаючы на беларускай мове, дзесьці 60-70% я разумела. У астатнім выкладчыкі шлі насустрач, даравалі маю ламаную беларускую, ставілі па прадметах залікі».

У актыве Вольгі Назаравай гэтаксама пэдагагічны каледж, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, Вышэйшая школа трэнэраў.

На зборах у Расеі, у цэнтры — Дар’я Домрачава і Вольга Назарава

На зборах у Расеі, у цэнтры — Дар’я Домрачава і Вольга Назарава

А ці ня стала для яе адкрыцьцём тутэйшая адметнасьць? Пакуль у Расеі малыя народы намагаюцца захоўваць традыцыі продкаў, далёка ня ўсе беларусы шануюць сваё:

«Так, у Расеі шмат народнасьцяў, у якіх свая культура, мова. Канечне, яны ведаюць расейскую, але шануюць традыцыі, захоўваюць сваё. Дый нават расейцы маюць адметнасьці, залежна ад рэгіёну: дзесьці з адным выгаварам, дзесьці зь іншым. Не сказала б, што Беларусь у гэтым сэнсе стала парадоксам, хоць уражаньне, што большы працэнт жыхароў усё ж размаўляе па-расейску. Тым ня меней, калі прыяжджаеш да сяброў, вельмі прыемна чуць, як іх мамы ці бабулі гавораць на беларускай мове. Сядзіш цэлы вечар, слухаеш, атрымліваеш асалоду. Чуеш чалавека, які размаўляе на сваёй сакавітай мове».

Інтэрвію тэлекамэнтатару Ўладзімеру Навіцкаму

Інтэрвію тэлекамэнтатару Ўладзімеру Навіцкаму

Цікаўлюся ў суразмоўцы, як у яе з узроўнем разуменьня мовы за прамінулыя 18 гадоў? Вольга кажа, што беларускую мову ўпадабала і цяпер без асаблівых праблемаў штудзіруе школьную праграму са сваімі дзецьмі:

«Не магу сказаць, што засвоіла дасканала, але калі чытаю ці слухаю, працэнтаў за 80 разумею дакладна. Тым больш, у дзяцей шмат прадметаў на беларускай мове, даводзіцца дапамагаць, вучыць. Напрыклад, цяпер ідзе „Чалавек і сьвет“, беларуская літаратура, мова, вялікіх цяжкасьцяў не ўзьнікае. Калі што, заўсёды ёсьць слоўнік. Ня ведаю як каму, а мне цікава дазнавацца нешта новае. Так і з мовай: беларуская вельмі падабаецца — яна прыгожая, калярытная. З задавальненьнем чытаем з Дашай беларускую літаратуру».

Падчас выступаў за зборную Беларусі

Падчас выступаў за зборную Беларусі

Маючы мастацкі густ, Вольга вітае беларусізацыю формы біятляністаў. На яе думку, элемэнты нацыянальнага арнамэнту — гэта вялікі псыхалягічны імпульс. Калі чалавек лічыць сябе прадстаўніком свайго народа, аўтаматычна падвышаецца ступень адказнасьці.

Састарэлыя мэтодыкі: выціснуць па-максымуме і выкінуць

У гэтыя дні ў Нарвэгіі наймацнейшыя біятляністы завяршаюць чарговы сэзон. У мужчынскай сетцы ўсю інтрыгу задоўга да разьвязкі забіў француз Мартэн Фуркад, які са старту замахнуўся на Вялікі крышталёвы глёбус, у жанчын ад экватару спаборніцтваў не было роўных немцы Лаўры Дальмаер. Зь якімі пачуцьцямі за падзеямі на лыжні назірае Вольга Назарава? Усё ж, адрозна ад бальшыні калег, пасьля завяршэньня кар’еры яна не разьвіталася зь біятлёнам:

«Так, сачу ня толькі па інэрцыі ці з уласнага інтарэсу, а таксама і па працы. Цяпер я працую ў Беларускай фэдэрацыі біятлёну, занятая ў праграме пошуку і адбору пэрспэктыўных дзяцей. То бок, гэта праца з рэзэрвам, інавацыйная праграма, якая мусіць даць штуршок для разьвіцьця гэтага віду спорту ў Беларусі».

У трэнажорнай залі

У трэнажорнай залі

У свой час у сэлекцыйнай працы стаўка была зробленая на прывезеных спартоўцаў: навошта гадаваць замену, калі можна адаптаваць гатовыя кадры, ня надта запатрабаваныя на іх радзімах? Але няўжо ў Беларусі брак сваёй таленавітай моладзі?

«У Беларусі хапае пэрспэктыўных дзяцей. Праблема ў іншым: сыстэма дзіцяча-юнацкага спорту, якая засталася ад СССР, перастала працаваць. Мэтодыкі былі адаптаваныя пад вялікую дзяржаву, але старая сыстэма сябе зжыла, не дае эфэкту. Яна не адаптаваная пад сучасныя ўмовы жыцьця. У нас няма рэсурсаў, якія можна ўкідваць, што называецца, ня гледзячы. Таму трэба займацца кропкавымі інвэстыцыямі ў віды спорту, якія больш разьвітыя, пэрспэктыўныя і мэдалёвыя. Як робяць нарвэжцы ды ўвогуле шмат хто ў Эўропе. То бок, адмовіцца ад намеру абхапіць неабсяжнае. Ужо і колькасьць народу іншая, і ўвогуле здаровых дзяцей ня столькі, як некалі. Рабіць стаўку на масавы спорт, на агульнафізычную падрыхтоўку, а ўжо гадоў з 14-ці, перад вучэльняй алімпійскага рэзэрву, пачынаць кропкавы адбор: вызначаць схільнасьці і рыхтаваць пад канкрэтную дысцыпліну».

Паводле Вольгі Назаравай, вельмі важна, каб ад жаданьня замацавацца ў вялікім спорце малады чалавек не «згарэў» яшчэ на падрыхтоўчым этапе. І празьмерныя нагрузкі, непасільныя для маладога арганізму, мусіць дазаваць якраз дзіцячы трэнэр:

Зь відам на спартыўны комплекс у Раўбічах

Зь відам на спартыўны комплекс у Раўбічах

«Домрачава — якраз з сэрыі „уратаваных“. Пашанцавала, што ў дзіцячым узросьце граматны трэнэр яе захаваў. Калі яна ў 17-гадовым узросьце прыехала ў Беларусь, яе таксама бераглі. У выніку бачым прыклад таго, як чалавек правільна прайшоў усе этапы падрыхтоўкі, яго ня „выціснулі“ як лімон і пасьля 20-ці ён цалкам раскрыўся. Мы прайграем менавіта ў гэтым кампанэнце — у сілу таго, што ад пачатку ідзе масіраваная падрыхтоўка. Для біятлёну 18-21 год — фактычна юніёрскі ўзрост, толькі пачынаюць бегаць. А ў нас ужо шмат каму даводзіцца заканчваць, так сябе і не паказаўшы. Адрозна ад Расеі, дзе разьвіты абласны спорт, у Беларусі такой зьявы няма. І калі выходзіш з алімпійскай вучэльні і не трапляеш у юніёрскую каманду, спыняесься. Гэта прычына занадта раньняга фарсіраваньня дзяцей».

Выправіць хібы ў падрыхтоўцы беларускіх біятляністаў, асабліва мужчынскай часткі, запрашалі многіх аўтарытэтных спэцыялістаў, аднак знайсьці кропкі паразуменьня так і не ўдалося. Цікаўлюся ў Вольгі Назаравай, у чым прычына? Відаць, ня толькі ў моўным бар’еры, хоць службоўцам з Камітэту дзяржбясьпекі, якія апекуюцца гэтым відам спорту, паразумецца з цывільнымі аб’ектыўна няпроста:

Экстрэмальныя захапленьні сына Кірыла

Экстрэмальныя захапленьні сына Кірыла

«Самае важнае — сыстэма і плянамернасьць захадаў. Напрыклад, будуем дом. Загадзя прадумваем праект, ад пачатку да канца. Калі нормамі акрэсьленыя 3 гады, гэты тэрмін вытрымліваем. А ў нашым выпадку адзін трэнэр заклаў падмурак, зьехаў. Прыехаў другі, ня ведае, што плянаваў папярэднік, пачынае ўзводзіць на тым, што ёсьць. І таксама зьехаў. Зьявіўся наступны, да сьцяны з цэглы пачаў прыбудоўваць з бэтону. Ну які ў такіх дойлідаў выйдзе дом? Такія ж будуць і спартоўцы, калі пастаянная цякучка кадраў, няма заканамернасьці ў падрыхтоўцы. Асабліва гэта тычыцца моладзі ў мужчынскай камандзе. Паколькі досыць моцна амаладзіўся склад, патрэбны высокакваліфікаваны трэнэр, які менавіта цяпер закладзе базавыя асновы, сплянуе адэкватную нагрузку на гадавы і алімпійскі чатырохгадовы цыкль. Толькі ў такім выпадку зможам убачыць нейкі вынік».

Зьвяржэньне аўтарытэтаў: чэмпіён і закаранелая сыстэма

Адным з апошніх капітуляваў перад непрабівальнай сьцяной выбітны ў мінулым францускі спартовец і трэнэр Рафаэль Пуарэ. Няўжо эўрапейскі спэцыяліст не прапанаваў нічога вартага? Альбо ў выпадку зь беларускім «пацыентам» ужо нават не даводзіцца выбіраць паміж рэанімацыяй і моргам?

«Насамрэч Рафаэль Пуарэ прынёс вельмі шмат навацыяў, — гаворыць Вольга Назарава. — У яго быў цэлы стос цікавых ідэй, пра арсэнал ведаў нават не кажу. Аднак тут яго, як на маё меркаваньне, трэба было крыху інакш інтэграваць у трэніровачны працэс. Ня так прамалінейна выкарыстоўваць яго досьвед, здольнасьці, напрацоўкі. І вось тады вынік, магчыма, быў бы зусім іншым».

З пэрсанальнай зброяй біятляніста

З пэрсанальнай зброяй біятляніста

У папярэднім сэзоне беларусы ўсталявалі антырэкорд, ніводнага разу ня ўзьняўшыся на п’едэстал гонару. Сёлета ўжо ёсьць чатыры ўзнагароды, прычым, амаль усе з шэрагу сэнсацыйных — як, прыкладам, трэція месцы на самым першым этапе Кубку сьвету Дар’і Юркевіч і Ўладзімера Чапеліна. Потым, праўда, да гэтых вынікаў абодва не змаглі наблізіцца і на стрэл. Затое прыемна зьдзівіла Дар’я Домрачава, якая здолела аднавіцца пасьля родаў:

«Вярнулася Даша. Аднавіцца і стаць на лыжню за такі кароткі час пасьля нараджэньня дзіцяці — ужо подзьвіг, ня кажучы пра мэдалі. Так, трэба аддаць належнае Юркевіч і Чапеліну: сабраліся, паказалі спартовы характар і былі трэцімі ў індывідуальных гонках. На той момант яшчэ бязь лідэра — хоць у жанчын усё ж ёсьць Надзя Скардзіна — найперш сабе даказалі, на што здольныя. Не атрымалася далей? Ну, гэта ж спорт: каб загадзя ведалі, як рыхтавацца, усе былі б алімпійскімі чэмпіёнамі. Нават супэртрэнэр ня можа на 100% угадаць, трэба ўлічваць мноства фактараў: ад біялягічнага рытму да агульнага стану. Як і ў кожнага, ёсьць пэрыяды пад’ёмаў і спадаў. Скажам, за 5 гадоў арганізм настолькі выхаласьціўся, што ня цягне нагрузку. І як ты яго не трэніруй, паласу трэба перачакаць, дазволіць арганізму аднавіцца і, глядзіш, праз год-паўтара спартовец зноў ажыве, пачне паказваць вынікі». Мужчынам-спартоўцам відавочна прасьцей: як упрогся ў лямку па юніёрах, цягнучы воз да чаканага росквіту сілаў, дык жанчынам трэба пасьпець нарадзіць дзіця і зь меншымі наступствамі вярнуцца ў баяздольныя шэрагі. Як застацца мамай без адрыву ад вытворчасьці? Дае гэта сілу ці, наадварот, фізычна і маральна вымотвае? Вольга Назарава — з уласнага досьведу спорту і мацярынства:

На Алімпіядзе-2006 у італьянскім Турыне

На Алімпіядзе-2006 у італьянскім Турыне

«Як паказвае практыка, пасьля нараджэньня дзіцяці спартоўкі адчуваюць сябе добра. Зьяўляецца час, каб паглядзець на ўсё збоку, пабыць у якасьці заўзятара. Калі становісься на пазыцыі назіральніка, выразна бачныя моманты, якія потым дапамагаюць у прафэсійным пляне. Здольнасьць адысьці ад працэсу, зірнуць пад іншым вуглом дае магчымасьць разгледзець дробязі, на якія не хапала часу, — у сілу таго, што працэс ішоў поўным ходам, не было калі азірнуцца, ацаніць годным чынам. Плюс да ўсяго для бальшыні жанчын нараджэньне дзіцяці, зьяўленьне сям’і — фактар натхненьня, які матывуе на спартовыя подзьвігі. Зрэшты, і для мужчыны, лічу, гэта таксама станоўчы момант. Калі хлопцы займелі сям’ю, у іх нараджаюцца дзеці, яны адчуваюць за сьпінай надзейны тыл, цяпер могуць спакойна займацца кар’ерай і не адцягваць увагу на нейкія моманты асабістага пляну».

Як часта для ўласнага інтарэсу ўчорашняя біятляністка становіцца на лыжы ці бярэ ў рукі стрэльбу? Вольга Назарава кажа, што пры зручным выпадку ў такім задавальненьні сабе не адмаўляе:

«Ну чаму? Калі такая магчымасьць ёсьць, заўсёды імкнуся скарыстацца. Нават узяць у рукі вінтоўку і пастраляць, як кажуць, згадаць маладосьць. Падчас леташняй „Гонкі легендаў“ у Раўбічах арганізатары адвялі спэцыяльную зону, дзе можна было пастраляць зь лязэрнай стрэльбы. Мы падышлі з дачкой, я стала і без праблемаў закрыла ўсе пяць мішэняў. Вельмі было цікава назіраць за рэакцыяй гледачоў — прыйшла нейкая жанчына зь дзіцём і без аніякай напругі, як з аўтамату, паклала ўсе кулі ў „дзясятку“. Зьдзіўленьне на тварах гледачоў было шчырае і непадкупнае».

З экс-міністрам спорту Аляксандрам Грыгаравым і біятляністкай Аленай Зубрылавай

З экс-міністрам спорту Аляксандрам Грыгаравым і біятляністкай Аленай Зубрылавай

Высокі сэзон: заставацца ўнівэрсалам зімой і летам

Сакрэт прыцэльнай стральбы просты: Вольга Назарава мае ўнікальнае дасягненьне ў летнім біятлёне — ажно 11 чэмпіёнскіх тытулаў. Больш узнагародаў — 14 — толькі ў Натальлі Сакаловай, якая ў розныя гады таксама выступала і за Расею, і за Беларусь. Вольга прызнае, што, з аднаго боку, у гэтай разнавіднасьці спаборніцтваў меншая канкурэнцыя, а зь іншага, далёка ня кожнаму наканавана стаць усесэзонным унівэрсалам:

«Цяпер летнія чэмпіянаты сьвету, скажам так, збольшага аптымізавалі пад зімовыя. То бок, пачалі праводзіць гонкі на ролерах, паколькі ролеры найбольш блізкія да лыжаў. Адпаведна, усе кросавыя дыстанцыі прыбралі, пакінулі толькі ролерныя. Цяпер летні біятлён як аналяг зімовага. Вельмі цікавыя спаборніцтвы, відовішчныя, дазваляюць спартоўцам падтрымліваць форму. Паколькі ў нас працяглы падрыхтоўчы пэрыяд, гэта дае магчымасьць сабрацца, памерацца сіламі, ацаніць, хто на якім узроўні знаходзіцца, абнавіць вопыт спаборніцтваў пасьля заканчэньня актыўнага сэзону. Адным словам, з добрым настроем прыступіць да асноўнага пэрыяду падрыхтоўкі, да зімы».

Пікам кар’еры любога спартоўца — Алімпійскія гульні. Вольга Назарава кажа, што зь нецярпеньнем чакала гэтых стартаў і намагалася падыйсьці на максымуме кандыцый:

На алімпійскай трасе Турына

На алімпійскай трасе Турына

«Я вельмі любіла выступаць на Алімпійскіх гульнях. Гэта асаблівыя спаборніцтвы, якія заўсёды стаялі асобным шэрагам. Яны мяне настолькі натхнялі, што зьяўляліся нейкія звышсілы, я на гонках паказвала свае лепшыя вынікі. Пацьверджаньнем — тыя ж старты ў алімпійскім Турыне, дзе я ніводнага разу ня выпала зь дзясяткі лепшых. Такой стабільнасьці не было ні на чэмпіянатах сьвету, ні на кубкавых этапах. Дасягненьне, якое з прыемнасьцю згадваю дагэтуль».

Сёлетні біятлённы сэзон азмрочыўся гучным скандалам з удзелам расейскіх спартоўцаў. Незалежная камісія пры Ўсясьветным антыдопінгавым агенцтве (ВАДА) сьцьвярджае пра існаваньне ў Расеі допінгавай праграмы, у якую ўцягнутыя спартоўцы, трэнэры, чыноўнікі. З гэтай прычыны сакавіцкага этапу Кубку сьвету пазбавілі Цюмень, было вырашана не праводзіць юніёрскі чэмпіянат сьвету ў Востраве. Акрамя таго, Цюмень страціла права прыняць усясьветнае першынства ў 2021 годзе. Вольга Назарава з жалем канстатуе: цень падазрэньняў накрыла від спорту, які раней лічыўся ўзорам карпаратыўнай салідарнасьці:

Прыцэльныя стрэлы падчас «Гонкі легандаў» у Раўбічах

Прыцэльныя стрэлы падчас «Гонкі легандаў» у Раўбічах

«У гэтай сытуацыі сумна найперш ад таго, што моцна страчвае сам біятлён — у сваёй відовішчнасьці, у сваім рэйтынгу. Гэта ня лепшым чынам адбіваецца на сымпатыях з боку гледачоў, на наведвальнасьці стадыёнаў. Канечне, дрэнна, бо вяртаць давер, страчаныя пазыцыі заўсёды складана. Хацелася б чыстага спорту, сумленнай барацьбы, адкрытай канкурэнцыі; каб было меней інтрыгаў і нэгатыўнай шуміхі вакол нашага віду спорту, які заўсёды пазыцыянаваўся вялікай біятлённай сям’ёй, славіўся сваёй чысьцінёй, сяброўствам. Усе гэтыя нэгатыўныя моманты, безумоўна, прыносяць разлад і ў агульную атмасфэру, бо самі спартоўцы ўжо пачынаюць высьвятляць паміж сабой адносіны. Напэўна, з аднаго боку, такая сэнсацыя можа падагрэць інтарэс да біятлёну, а зь іншага боку, усё ж хочацца, каб цікавасьць падагравалася не скандаламі, а спартовымі дасягненьнямі».

Вольга Назарава

Вольга Назарава

Вольга Назарава нарадзілася 27 жніўня 1977 году ў Омску. Займацца біятлёнам пачала ад 1992 году, на пачатку кар’еры выступала за зборную Расеі. У 1996-м стала чэмпіёнкай сьвету сярод юніёраў у спрынце. У 1999-м прыняла запрашэньне далучыцца да каманды Беларусі. Замужам за біятлённым спэцыялістам Яўгенам Пермяковым, разам выхоўваюць траіх дзяцей. Чэмпіёнка Эўропы, прызэрка чэмпіянатаў і Кубкаў сьвету, пераможца Ўнівэрсыяды, шматразовая чэмпіёнка ў летнім біятлёне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG