Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды ў Гомлі: «Інтрыга палітычная, а ня праўная»


Сёньняшнія суды ў Гомлі над удзельнікамі «Маршу недармаедаў», які адбыўся 19 лютага, цягнуліся даўжэй, чым сама акцыя пратэсту.

Тым ня менш за няпоўныя тры гадзіны судзьдзі Цэнтральнага раёну Алеся Восіпава, Віктар Казачок і Аляксандар Піскуноў пакаралі чатырох актывістаў арыштамі (Уладзімер Кацору —12 суткамі, Андрэя Стрыжака, Анатоля Паплаўнага і Дзьмітра Сабурава — 10), штрафамі — пяцёх (Мікалая Пяшко, Андрэя Макарава, Барыса Анікеева — 25 базавымі велічынямі, Васіля Палякова і Юр'я Глушакова — 1 базавай). Папярэджаньне атрымаў Леанід Судаленка)

Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

Асобна ў сьпісе пакараных — журналістка-фрылянсэр Ларыса Шчыракова, адміністрацыйная справа якой за ўдзел 12 сакавіка ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Рагачове разгледжана ў Гомельскім раённым судзе. Сама старшыня суду Раіса Кавалевіч пакарала Шчыракову штрафам у памеры 7 базавых велічыняў (161 рубель), хоць журналістка рабіла сваю прафэсійную справу — здымала акцыю пратэсту на відэа.

Каму арышт, а каму і папярэджаньне

Меры пакаваньня ўдзельнікаў гомельскага маршу вельмі адрозьніваюцца. На «Маршы недармаедаў» Уладзімер Кацора, Васіль Палякоў і Леанід Судаленка ішлі поруч, выступалі з трыбуны, а пакараньні істотна адрозьніваюцца: Кацоры —12-суткавы арышт, Палякову — штраф 1 базавая велічыня (23 рублі), Судаленку — папярэджаньне. Зразумела, за апошняга праваабаронцу заступіліся міжнародныя праваабарончыя структуры.

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

Галоўных арганізатараў «Маршу недармаедаў», сябраў Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Кацору і Васіля Палякова, судзіла Алеся Восіпава. Першаму — амаль максымум паводле артыкулу 23.34 КаАП, іншаму — амаль мінімум.

«Гэта нейкая абраза ў мой бок — штраф 1 базавая велічыня, — сказаў Свабодзе адразу пасьля агучваньня пастановы палітык Палякоў. — Думаю, улады вырашылі «прыкалоцца». Зразумела, што ў гэтай сытуацыі судзьдзі мала што вырашаюць. Арыштамі занесены ўжо пэўны страх. У нейкай ступені позныя выракі — гэта і спроба ўбіць клін, але я ня бачу падставаў, каб пасварыцца».

Уладзімер Кацора
Уладзімер Кацора

Цяпер ня тыя часы, каб грамадзяне цярпелі і не выходзілі на пратэсты.

Уладзімер Кацора свой жорсткі прысуд лічыць «ацэнкай яго працы ўладамі» падчас падрыхтоўкі й правядзеньня акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3.

«Я так і сказаў у судзе, што зьяўляюся адным з арганізатараў папярэдняга маршу і заяўнік на пратэстную акцыю 25 сакавіка, на Дзень волі. І хоць мяне адправілі за краты, гараджане, я думаю, выйдуць і бязь мяне. Цяпер ня тыя часы, каб грамадзяне цярпелі і не выходзілі на пратэсты. Няхай пакуль гэта сацыяльныя пратэсты, але заўтра яны перарастуць у палітычныя. І адбудзецца тое, пра што сьпяваецца ў вядомай песьні: «мур гэты рухне, рухне, рухне — і пахавае сьвет стары».

Эканаміст Дзьмітры Новікаў спрабуе знайсьці лёгіку ў разнастайным пакараньні актывістаў — усе былі на «Маршы недармаедаў» разам, у тым ліку й ён сам, займаліся адным і тым жа, а пастановы адрозьніваюцца, як неба й зямля: «Прыходжу да высновы, што ў судах мела месца палітычная, а не прававая інтрыга. І не выпадае казаць пра незалежнасьць судоў».

Валянцін Стэфановіч, Леанід Судаленка, Алесь Бяляцкі
Валянцін Стэфановіч, Леанід Судаленка, Алесь Бяляцкі

Падтрымаць удзельнікаў пратэстнага маршу ў гомельскім судзе прыехалі старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі і менскі праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Стэфановіч зазначыў, што папярэджаньняў у такіх справах, як удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, даўно не выносілі. І дадаў: «Разнастайныя прысуды мяне крыху зьбілі з панталыку. Ня бачу лёгікі, хоць яна павінна прысутнічаць. Менскія суды, за выключэньне аднаго арышту, выносілі штрафы. Выглядала так, што быццам бы нехта патэлефанаваў і насварыўся, што суды ў Гомлі псуюць статыстыку». Пры гэтым Стэфановіч нагадаў, што ўчора ў сталіцы быў шэраг важных афіцыйных сустрэчаў з прадстаўнікамі эўрапэйскіх структураў, таму і наказалі: «Спыніцеся!».

Не выклікае ніякага сумневу заказны характар гэтых судоў.

Алесь Бяляцкі кажа, што яму асабіста ўдалося пабыць на трох паседжаньнях: «Першы суд у дачыненьні да Андрэя Стрыжака быў даволі фармальным. І хоць Стрыжак даслаў эсэмэску з просьбай перанесьці паседжаньне, аднак судзьдзя Аляксандар Піскуноў не ўлічыў просьбу. Анатоля Паплаўнага суд таксама пакараў 10-суткавым арыштам. Судаленка — папярэджаны. Відавочна, што выракі па гэтых адміністацыйных справах былі загадзя падрыхтаваныя. Ніхто з судзьдзяў не задумваўся ні на хвіліну. Не выклікае ніякага сумневу заказны характар гэтых судоў. І асноўная задача уладаў — напалохаць гамельчукоў перад чарговай пратэстнай акцыяй, прызначанай на 25 сакавіка, у Дзень волі. Як на гэта адрэагуюць гараджане — сапраўды напалохаюцца ці, наадварот, яшчэ больш абурацца і згуртуюцца — пакажа бліжэйшы час».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG