Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваднікі


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Ты жывеш у краіне Беларусь, ты належыш да журналісцкага цэху, ты ведаеш, што гэтая прафэсія тваёй краіне вельмі патрэбная, бо яна неад'емная частка цывілізацыі.

Твая задача задаваць пытаньні і атрымліваць на іх адказы. Пытаньні бываюць нязручныя, цяжкія, бываюць і небясьпечныя, якія могуць каштаваць табе вялікіх жыцьцёвых непрыемнасьцяў, але ты ўсё адно іх задаеш, бо ведаеш, без тваіх пытаньняў грамадзтва губляе свой шлях.

Ты бачыш, як чарговы раз за нязручныя пытаньні, зададзеныя ў Пінску й Маладэчне, Воршы й Рагачове, Гомелі й Бабруйску, твае калегі апынаюцца на лаве падсудных і атрымліваюць суткі й штрафы.

Вось Галя Абакунчык з Радыё Свабода, вось Каця Бахвалава з Белсату, вось фрылансэр Аляксандар Баразенка ды іншыя і іншыя... Паводле інфармацыі БАЖ, апошнімі днямі затрымана 18 чалавек...

Ты глядзіш на твары калег, слухаеш рэпартажы з судовых заляў, чытаеш паказаньні сьведкаў, прысуды судзьдзяў, міжволі задумваесься і пачынаеш згадваць...

Як гусьцела атмасфэра, як навокал мяняліся дэкарацыі, як часам туманіцца шлях да той цывілізацыі.

Для кожнага ёсьць нейкі выпадак, калі ён разумее прыватным парадкам — усё, для цябе ў тваёй прафэсіі паўстаў новы кантэкст, які патрабуе выбару.

Свой прыватны выпадак я добра памятаю.

Здарыўся момант, калі, здымаючы паседжаньне парлямэнту, першы раз за маю практыку працы парлямэнцкім карэспандэнтам, мяне ў часе здымкі злосна піхнуў супрацоўнік службы аховы прэзыдэнта. Маўляў, тут не паложана.

Такі быў новы ўладны мэсыдж асабіста для мяне, асобна ўзятага журналіста. Так я зразумеў, для гэтай улады мой статус памяняўся. Больш у якасьці журналіста я для яе не партнэр.

Я дакладна памятаю дзень, калі я адчуў, што дэкарацыі ў нашай п'есе зрабіліся яшчэ больш змрочныя за папярэднія. Што яны будуць ціснуць на нас ня толькі псыхалягічна.

Гэта быў Дзень Волі 2000 году. Шалёная колькасьць міліцыі ў цэнтры Менску, патрулі ўнутраных войскаў з сабакамі, цяжкая вайсковая тэхніка на праспэкце Незалежнасьці й брутальная зачыстка ўсіх: з акрэдытацыяй, з бэджамі, з пасьведчаньнямі, з камэрамі й мікрафонамі, з «чэсных і нячэсных» выданьняў.

Я пазьбег тае зачысткі, але, гледзячы на доўгі ланцуг сваіх калег, захопленых і зьвезеных за калючы дрот часткі ўнутраных войскаў, што месьцілася на вуліцы Маякоўскага, і пастаўленых тварам да сьцяны нейкага ангару, я зразумеў, што ніякага кампрамісу з журналістамі як катэгорыяй грамадзтва гэтая ўлада не плянуе.

У нас папросту розныя жыцьцёвыя шляхі.

Відэа з гэтым жывым журналісцкім ланцугом было красамоўным і нагадвала некалі бачаныя ў тэлевізіі кадры чылійскае хронікі часоў Піначэта.

Калегі сьмяяліся, стоячы тварам да той жалезнай сьцяны, але сьмех гэты быў такі, скрозь грымасу нейкага нутранога разуменьня, калі ты адчуваеш, што пачалася новая, больш цяжкая дзея гэтага спэктаклю-хорара, у якім табе наканавана дарэшты граць сваю ролю, бо такі твой асабісты выбар, такі твой шлях.

Ужо зьніклі бяз сьледу генэрал Захаранка, палітык Ганчар і бізнэсовец Красоўскі.

Ужо з боку журналістаў загучалі пытаньні пра лёс зьніклых.

Ужо неўзабаве зьнікне й наш калега Дзіма Завадзкі.

Хваля рэпрэсій пасьля выбараў 2010 году не была нечаканай. Забітыя апанэнтамі гэтае ўлады, у тым ліку і шматлікімі журналістамі, беларускія турмы. Разгромленыя рэдакцыі незалежных СМІ. Палітычная й прафэсійная эміграцыя…

Улада нібыта выйшла пераможцам, але ...

Я гляджу на Галю Абакунчык, на Сашу Баразенку, на Кацю Бахвалаву і бачу тры, а калі ўлічыць, што Каця ўнучка Сяргея Ваганава, то й чатыры пакаленьні журналістаў, якіх не перамаглі й не напалохалі ніякімі страшнымі страхамі.

Якія гэтаксама, як і дзесяць, і дваццаць гадоў таму, задаюць і будуць задаваць свае нязручныя пытаньні, акрэсьліваючы імі наш шлях да волі.

Больш за тое, я бачу бязьлітаснага й бескампраміснага гомельскага блогера Максіма Філіповіча. Нэафіта, якога сьмела можна залічаць у шэрагі журналісцкага цэху.

У сацыяльных сетках набіраюць шалёную колькасьць праглядаў стрымы Зьмітра Дашкевіча.

На старонках «Нашай Нівы» друкуецца «закрыты ліст» іншага блогера, менчука Стася Карпава, адрасаваны заўзятару ролевых гульняў, аматару НКВД, тэатралу й міністру МУС у адной асобе Ігару Шуневічу з шэрагам нефармальных пытаньняў, на якія міністру, так ці іначай, але прыйдзецца адказаць.

Як прыйдзецца адказваць на зададзеныя пытаньні ўсім тым, хто гэтых пытаньняў катэгарычна пазьбягае, спрабуючы заблытаць наш шлях.

За гэтыя дваццаць пяць гадоў гэтая ўлада напалохала ўсіх, каго здолела напалохаць. Тых, хто не спалохаўся, яна ўжо не напалохае ніколі. Яна, улада, і сама гэта ведае.

Навошта тады гэтыя арышты, штрафы й перасьледы?

Такія законы жанру?

Сорак гадоў выводзіў Майсей свой народ з рабства. Сорак гадоў ягоны народ быў пад перасьледам: то фараона, то пустэльнае смагі, то ўласнае слабасьці й паняверкі.

Але сорак гадоў хтосьці мусіў быць правадніком і паказваў народу шлях да волі. Каб нарэшце, гэты народ да яе дайшоў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG