Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна спыніла транспартныя зносіны з тэрыторыямі «ЛНР» ды «ДНР»


Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны на прапанову прэзыдэнта Пятра Парашэнкі ухваліла рашэньне пра поўнае спыненьне транспартнага спалучэньня з тэрыторыямі самаабвешчаных «ЛНР» ды «ДНР», пакуль яны ня вернуць пад юрысдыкцыю Ўкраіну незаконна захопленыя прадпрыемствы.

«Папярэдне кошт адабраных актываў вымяраецца мільярдамі даляраў. Частка уладальнікаў, варта аддаць ім належнае, згарнула вытворчасьць. А тыя, хто яго працягвае, вядома ж, хай і не разьлічваюць на рэалізацыю тавараў як ва Ўкраіне, гэтак і любой краіне сьвету. „Дзякуючы“ сумесным намаганьням блякаднікаў і тэрарыстаў, Украіна страціла свае прадпрыемствы, і гэта, на жаль, стварыла зусім новую рэальнасьць», — заявіў украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка на пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі.

У той жа час, абмежаваньне ня будзе тычыцца гуманітарных грузаў украінскіх і міжнародных гуманітарных арганізацый, ААН ды Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

«Канстатуючы рэзкую эскаляцыю расейскай агрэсіі супраць Украіны, гвалтоўны захоп украінскіх прадпрыемстваў, разьмешчаных на тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей, усьведамляючы абвастрэньне пагроз эканамічнай і энэргетычнай бясьпецы Ўкраіны, справакаванае сьвядомымі дзеяньнямі тэрарыстаў, з мэтай абароны правоў і свабодаў грамадзян Украіны і гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі Рада нацбясьпекі вырашыла: часова, да рэалізацыі пунктаў 1-2 Комплексу мер па выкананьні менскіх дамоўленасьцяў ад 12 лютага 2015 году, а таксама да вяртаньня пад ўкраінскую юрысдыкцыю захопленых прадпрыемстваў, спыніць перасоўваньне грузаў праз лінію разьмежаваньня», — заявіў сакратар Рады нацбясьпекі Аляксандар Турчынаў.

Кабінэт міністраў Украіны мае неадкладна распрацаваць і ўвесьці плян захадаў, каб забясьпечыць працу паліўна-энэргетычнага і мэталюргічнага комплексу Ўкраіны. Апроч таго, Нацыянальны банк Украіны супольна са Службаю бясьпекі Ўкраіны маюць прааналізаваць дзейнасьць банкаўскіх устаноў Украіны, у капітале якіх ёсьць доля дзяржаўных банкаў Расеі, і на працягу 24 гадзін ўнесьці прапановы аб увядзеньні супраць іх санкцыяў.

Сёлета ў студзені ветэраны антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе, прадстаўнікі добраахвотніцкіх батальёнаў разам зь некалькімі дэпутатамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны заблякавалі чыгуначныя шляхі, па якіх ва Ўкраіну транспартаваўся вугаль з шахтаў, што знаходзяцца на тэрыторыі самаабвешчаных «ЛНР» ды «ДНР». Такім чынам яны патрабавалі вызваленьня людзей, якія утрымліваюцца ў палоне на часова некантраляванай Украінаю тэрыторыі.

За апошнія два дні спэцыяльныя падразьдзяленьні праваахоўных органаў сілай разагналі ўдзельнікаў блякады і зьнішчылі два іхныя рэдуты на ўсходзе Ўкраіны. Празь дзень паліцыя адпусьціла ўсіх затрыманых удзельнікаў блякады. Дэпутаты, якія падтрымлівалі патрабаваньні добраахвотнікаў, заклікалі грамадзян выйсьці ва ўсіх рэгіёнах на пратэсты супраць сілавога разгону ўдзельнікаў блякады. Аднак такія акцыі ня сталі шматлюднымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG