Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славуты перасьпеў горкаўскага «Буравесьніка» 1990-х гадоў называўся «Песьня пра Беларусьніка» і сканчаўся словамі «Хай хутчэй настане Нешта!». У арыгінале, хто ня памятае, «Пусть сильнее грянет буря!».

Дык ці будзе Нешта? Ці перарастуць маршы недармаедаў у паўнамаштабны пратэст і патрабаваньне перамен?

Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба зразумець, з чаго ўсё пачалося? Дакладней, хто гэта ўсё пачаў?

Першыя акцыі ў Гомелі, Бабруйску, Берасьці былі абсалютна беспрэцэдэнтнымі за апошнія дваццаць гадоў, каб можна было падумаць, што яны ўзьніклі цалкам стыхійна. Ня тая атмасфэра. Сярод пратэстоўцаў спрэс пэнсіянэры, якіх гэты дэкрэт увогуле не закрануў. І чаму менавіта ў гэтых гарадах? Чаму ня ў Лідзе, Мазыры і Полацку? Чаму не ў індустрыйным Жлобіне? Хто сабраў людзей – нібы паводле аднаго сцэнару? Новыя лідэры, пра якіх цяпер пішуць, зьявіліся ўжо ў выніку распачатых акцыяў. Старыя лідэры падцягнуліся ў працэсе. Але хто пачаў? Хто прызначыў дзень, час і месца ў вызначаных гарадах, а галоўнае – сказаў людзям, што іх будзе шмат і што ня трэба баяцца. Ці, можа быць, інфармацыя пра ініцыятара строга засакрэчаная? У такім выпадку ініцыятарам мог быць толькі адзін суб’ект – улада.

Камэнтатары абурыліся на такую маю вэрсію, але і свайго адказу на пытаньне не далі. Калега Юры Дракахруст назваў вэрсію экзатычнай, але таксама свае вэрсіі не прапанаваў. Дык хто і як чыста тэхнічна пачаў пратэсты?

Магчыма, гэта была нейкая частка ўлады, якую таксама дастала стагнацыя, а хутчэй за ўсё – сам Лукашэнка. І ў першым і ў другім выпадку ўсё пачалося, калі Лукашэнкі не было ў краіне. Першыя маршы недармаедаў прайшлі адносна спакойна, іх паказалі. Лукашэнка вярнуўся, пахваліў дэманстрантаў (яны не дармаеды, а пакрыўджаныя людзі), прыпыніў дэкрэт. Назаўтра прайшлі новыя акцыі, але ўжо з хапуном, прычым жорсткім і бязглуздым, калі хапалі нават акрэдытаваных журналістаў.

Цяпер пра тое, навошта гэта было Лукашэнку. А хіба ён ня бачыць пагаршэньня ўзроўню жыцьця і не прадбачыць пратэстаў? Імітаванымі пратэстамі трэба было папярэдзіць пратэсты рэальныя, стыхійныя. Людзі выйдуць, ён прыпыніць дэкрэт і ўсё супакоіцца. Адсюль такая беспрэцэдэнтнасьць і раскіданасьць па розных гарадах.

Як прышчэпка ад воспы, калі вас заражаюць вакцынай для быдла, каб вы не заразіліся чалавечай формай хваробы.

Зразумела, ён рызыкаваў. А раптам імітацыя ператворыцца ў сапраўдны пратэст? А так і пачало адбывацца. І нездарма ўжо 10-га на нарадзе ў КДБ Лукашэнка запатрабаваў дзейнічаць на папярэджаньне – чытай, рэпрэсаваць лідэраў і журналістаў. Што і пачалося па ўсёй краіне. Ясна, што махавік рэпрэсіяў будзе раскручвацца, але выглядае, што джын ужо выскачыў з бутэлькі.

Але пакуль неадказаным застаецца пытаньне пра старт кампаніі, немагчыма прагназаваць, які будзе яе характар і чым яна скончыцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG