Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя рэпрэсіі ў новых умовах: хто абароніць «просты народ»?


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Валянтэр інфармацыйнай выведкі Дзяніс Івашын піша: «Рэжым пайшоў ва-банк, па самым найгоршым сцэнары з усіх мажлівых».

Колішні грамадзкі актывіст Pavel Yukhnevich адказвае: «Калі б быў „самы горшы сцэнар“, я б не пісаў гэты камэнт, а ты — гэты пост:). Не драматызуй».

Гэта тыповае абмеркаваньне рэакцыі ўлады на апошнія акцыі сацыяльных пратэстаў. Умоўна кажучы, галоўны прадмет дыскусіі — ці перайшла ўлада пункт невяртаньня ў сваіх рэпрэсіўных дзеяньнях?

Ад пачатку сакавіка — каля 80 затрыманых грамадзян па палітычных матывах. Рубікон ці не? Гэта не канец 2010 — першая палова 2011, калі людзей хапалі проста на прыпынках грамадзкага транспарту, а палітыкаў саджалі ў СІЗА па крымінальных артыкулах.

Ужо афіцыйная Нямеччына жорстка рэагуе на сытуацыю ў Беларусі, а ўнутры краіны ставіцца пытаньне: «Ці рыхтавацца беларускай уладзе да ўзнаўленьня заходніх санкцыяў?»

Калі рэжым пачне татальныя рэпрэсіі, вернуцца санкцыі, а разам зь імі і абсалютная залежнасьць ад Расеі.

«Макей рве на сваёй галаве валасы», — напісаў мой знаёмы, але чамусьці хутка выдаліў свой допіс з фэйсбуку. Маецца на ўвазе, што ўся шматгадовая праца беларускага Міністэрства замежных спраў і пэрсанальна кіраўніка МЗС Уладзімера Макея па нармалізацыі адносін з Захадам можа пайсьці кату пад хвост. Калі рэжым пачне татальныя рэпрэсіі, вернуцца санкцыі, а разам зь імі і абсалютная залежнасьць ад Расеі.

Журналіст Zmicier Pankaviec: «Падыходжу да высокага мужчыны гадоў 40. Ён расказвае як езьдзіць на працу ў Расею, думае перавезьці сям’ю. А потым у самым канцы размовы кажа: «Мой брат некалі быў у БНФ, дык ён яшчэ 20 гадоў таму мне казаў, што прыйдзе час і ты яшчэ на плошчу выйдзеш пратэставаць супраць Лукашэнкі. Я толькі сьмяяўся на гэта. А цяпер во бачу, што ён меў рацыю яшчэ тады».

Затрыманьні журналістаў, палітыкаў, актывістаў адсочваецца, а што з астатнімі: зь імі ўсё ў парадку, ці яны проста ня ведаюць, каму паведаміць?

Праваабаронца Taciana Reviaka: «Не дае спакою пытаньне: а ці сапраўды не затрымліваюцца і не штрафуюцца/атрымліваюць суткі шараговыя ўдзельнікі пратэстаў? Затрыманьні журналістаў, палітыкаў, актывістаў адсочваецца, а што з астатнімі: зь імі ўсё ў парадку, ці яны проста ня ведаюць, каму паведаміць?».

Новыя рэаліі спараджаюць новыя выклікі грамадзянскай супольнасьці. Новае ў тым, што на акцыі пратэсту пачалі выходзіць тыя, каго прынята называць «простым народам». Яны ня ведаюць назвы праваабарончых і грамадзка-палітычных арганізацый. Гэтых новых пратэстоўцаў пакуль няма каму абараніць, бо няма як знайсьці. Больш дакладна — адшукацца абодвум бакам.

Ужо ня так прынцыпова ці будзе ўладны ціск на грамадзтва гібрыдным/кропкавым, моцным ці лёгкім, доўгім ці кароткім. Важна, што цяпер больш прасунутыя грамадзяне мусяць працягнуць руку дапамогі пакуль менш абазнаным суайчыньнікам, якія гатовыя адстойваць свае чалавечыя і грамадзянскія правы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG