Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лорды і салдаты пратэсту


Ня спраўдзіўся прагноз многіх экспэртаў, якія прадказвалі, што пасьля пераносу дзеяньня дэкрэту «аб дармаедах» напал пратэстаў істотна зьменшыцца.

Акцыі, якія прайшлі ў пятніцу ў Маладэчне і ў суботу ў Пінску, сьведчаць, што прынамсі пакуль ніякага спаду не назіраецца. У адносна невялікім Маладэчне выйшла на вуліцу ня менш людзей, чым у мінулыя выходныя ў Берасьці, абласным цэнтры. Прычым пратэст ужо не сфакусаваны на дэкрэце, патрабаваньні тычацца ўмоваў жыцьця ў цэлым.

А вось перасьцярогі наконт канца лібэралізацыі, якія ўзьніклі пасьля рэпрэсіяў супраць лідэраў берасьцейскага пратэсту і зьяўленьня на БТ стужкі «Званок сябру», як відаць, спраўджваюцца. У тым жа рэчышчы гучалі і пагрозы Лукашэнкі вярнуць за краты вызваленых палітвязьняў і загад «выкалупваць правакатараў, як разынкі з булкі».

Характар рэпрэсіяў адпавядае гэтай ідэалягічнай устаноўцы, якую пачалі паўтараць і афіцыйныя СМІ: шараговыя ўдзельнікі пратэстаў — пакрыўджаныя людзі, зьбітыя з толку падступнымі завадатарамі. Рэпрэсіі апошняга часу былі скіраваныя ў першую чаргу на лідэраў — Дашкевіч у Менску, Лябедзька з Рымашэўскім у Маладэчне.

Пад перасьлед патрапілі і менш вядомыя рэгіянальныя актывісты, як тыя ж берасьцейскія анархісты, якіх паўторна пасадзілі пасьля адбыцьця тэрмінаў за марш недармаедаў 5 сакавіка.

Цяперашнія рэпрэсіі не падобныя на татальны хапун, як тое было 19 сьнежня 2010 году, калі хапалі без разбору і «генэралаў» і «шарагоўцаў» пратэсту. Цяпер хапаюць пераважна «генэралаў».

Праўда, ёсьць пытаньне, хто тыя рэальныя лідэры пратэсту. У Менску 17 лютага гэта былі агульнавядомыя палітыкі — Статкевіч і Някляеў, у Берасьці — актыў АГП на чале са старшынём абласной арганізацыі. У Гомелі на чале пратэсту стаялі як вэтэраны грамадзкай дзейнасьці, так і новыя асобы, напрыклад, блогер Максім Філіповіч.

Улады відавочна хочуць абезгаловіць пратэст, выбіць, нэўтралізаваць лідэраў. У часы вайны Белай і Чырвонай ружаў у Англіі прынцыпам дзейнасьці варожых бакоў было Save the soldiers, kill the lordʼs (Ратуйце жаўнераў, забівайце лордаў).

Ну, у Беларусі, дзякаваць Богу, нікога не забіваюць. Аднак стратэгія дзеяньняў падобная. Але варта сказаць, што сам пратэст спараджае лідэраў зь сябе.

Вельмі цікавай сытуацыя аказалася ў Пінску. Арганізацыйныя структуры пратэсту там былі ня надта моцныя. Адным зь лідэраў пратэсту стаў госьць з Гомля — згаданы Філіповіч. Раней, здаецца, такое ўзаемадзеяньне рэгіенаў адбывалася, як правіла, празь Менск. Пратэст набыў сапраўды агульнанацыянальны размах.

І яшчэ паказальная дэталь — Філіповіча пінская міліцыя таксама спрабавала затрымаць, але ўдзельнікі пратэсту здолелі абараніць лідэра.

Выглядае, што калі ўлады не пяройдуць да нашмат больш маштабных рэпрэсіяў у бліжэйшыя дні, акцыя ў Менску 15 сакавіка будзе даволі шматлікай, калі не рэкордна шматлікай.

Лордаў выбіваюць, але новыя лорды пратэсту нараджаюцца зь яго салдатаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG