Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражае Беларусі дэфолт?


Як Беларусь сёлета справіцца з выплатай доўгу? Дзе можна пазычыць валюту? Ці ўдасца дамовіцца з Расеяй? Удзельнічаюць: Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.

Глод: Дэфолт — гэта няздольнасьць сплаціць пазыкі ў вызначаны тэрмін. Лічыцца, што крытычная адзнака дэфолту — доўг у памеры 60% ад валавога ўнутранага прадукту краіны. Калі аб’ём зьнешняга доўгу перавышае гэтую адзнаку, крызісы здараюцца зь вялікай верагоднасьцю.

Паводле дадзеных рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings, чысты зьнешні доўг Беларусі сёньня складае 55% ад ВУП, а на яго абслугоўваньне прыпадае 23% ад бягучых плацяжоў у замежнай валюце. То бок Беларусь набліжаецца да крытычнай рысы. І гэта небясьпечна. Бо пра такое становішча ведаюць і ў іншых краінах. А праблемным краінам даваць пазыкі ня хочуць. Карацей, з гэтай прычыны заўжды праблематычна атрымаць новыя зьнешнія пазыкі.

Як піша інтэрнэт-рэсурс «Ежедневник», вялікі аб’ём зьнешняй запазычанасьці стварае рызыку дэфолту. А гэта можа пацягнуць за сабой і павышэньне верагоднасьці банкаўскага крызісу, і зьніжэньне актыўнасьці інвэстараў.

Адсутнасьць дастатковых інвэстыцыяў — бадай, самая балючая праблема беларускай эканомікі. Замежнікі і раней неахвотна ўкладалі свае грошы ў Беларусь. Раней сытуацыю неяк утрымлівалі празь дзяржаўныя інвэстыцыі. Але цяпер такой магчымасьці амаль няма.

Цяперашні ўзровень зьнешняга доўгу Беларусі тармозіць разьвіцьцё эканомікі і нават, як кажуць некаторыя экспэрты, стварае ў ёй дэпрэсію. Адна з важных праблем палягае ў тым, што шмат грошай ідзе на абслугоўваньне доўгу. Гэтыя грошы прыходзіцца браць зь бюджэту, а калі дакладней — выводзіць з эканомікі шляхам зьбіраньня падаткаў і накіроўваць не на патрэбы краіны, а на выплаты абавязаньняў. Такім чынам, грошы не накіроўваюцца на разьвіцьцё, і гэта ўзмацняе дэпрэсіўныя тэндэнцыі ў эканоміцы. А новыя пазыкі, нават калі яны і будуць, пойдуць не на разьвіцьцё, а на абслугоўваньне доўгу.

Акрамя гэтага, вялікая колькасьць абавязаньняў у валюце стварае багата праблемаў зьнешнегандлёвага балянсу. Беларуская эканоміка моцна залежыць ад імпарту. Таму для яе нармальнага функцыянаваньня неабходна, каб у краіне была валюта купляць імпарт. А яе катастрафічна не хапае. Дзяржава спрабуе выйсьці са складанага становішча праз скарачэньне аб’ёмаў імпарту. Аднак, адзначаюць экспэрты, такі падыход душыць эканамічную актыўнасьць. І гэта тычыцца як інвэстыцыйнага, так і спажывецкага імпарту.

Сёлета абслугоўваньне зьнешняга доўгу прагназуецца на ўзроўні 3,4 мільярда даляраў. Дзе Беларусь будзе браць гэтыя грошы, пакуль незразумела. Так, ёсьць золатавалютныя рэзэрвы. Аднак зь іх шмат ня возьмеш, бо імі трэба падтрымліваць гандлёвы балянс.

Раней рэфінансаваць пазыкі ўдавалася за кошт новых крэдытаў з Расеі. Аднак сёлета імавернасьць такога сцэнару выклікае сумневы, складанасьці ў адносінах з Масквой зацягнуліся.

Некаторыя фінансісты, у тым ліку і ва ўрадзе, спадзяюцца на эўрабонды. Аднак і тут ня ўсё гладка. Па-першае, з прычыны сумненьняў у далейшай платаздольнасьці Беларусі гэты інструмэнт занадта дарагі. Па-другое, нават празь іх наўрад ці ўдасца сабраць больш за адзін мільярд даляраў. Карацей, з выплатай запазычанасьці існуюць вялікія праблемы.

Карбалевіч: Мінулым годам замежны доўг скараціўся, але вырас унутраны доўг. Урад выпускае валютныя аблігацыі і прадае іх на ўнутраным рынку юрыдычным асобам (найперш, банкам) і фізычным асобам. Аблігацыі выпускаюцца на год. То бок гэта вельмі кароткі тэрмін.

Калі мы кажам пра дэфолт, то маецца на ўвазе зьнешні дэфолт, калі няма магчымасьці кампэнсаваць замежны доўг. Але бывае і ўнутраны дэфолт, калі ўрад ня можа разьлічыцца па ўнутраных абавязаньнях.

У 2017 годзе трэба вяртаць даўгі на суму 3,4 млрд даляраў. У бюджэце, па розных ацэнках, ёсьць ад чвэрці да паловы гэтай сумы. Плянуецца ўзяць крэдыт на суму 1,86 млрд даляраў. Дзе? 800 млн даляраў — у выглядзе эўрааблігацыяў, 360 млн — за кошт выпуску ўнутраных аблігацыяў, 700 млн павінен даць Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР).

Але існуюць праблемы. Эўрааблігацыі вельмі дарагія, высокія працэнты адлюстроўваюць дрэнны стан беларускай эканомікі.

Могуць узьнікнуць сур’ёзныя праблемы з крэдытам ЭФСР. Апошні транш мінулага году фонд ня выдзеліў. На гэта ўплывае канфлікт паміж Масквою і Менскам. Расея выкарыстоўвае гэты крэдыт як сродак ціску на Беларусь. Таму, пакуль ня будзе ўрэгуляваны беларуска-расейскі канфлікт, гэтых грошай можна і не атрымаць.

Перамовы з МВФ застопарыліся. І цяпер нават прадстаўнікі ўраду ўжо не выступаюць з аптымістычнымі заявамі, якія яны рабілі яшчэ зусім нядаўна.

Але сумы, якія трэба вярнуць гэтым годам, ня ўлічваюць доўг Беларусі за газ. А гэта на сёньняшні дзень 660 млн даляраў. Не да канца зразумела, ці прызнае Беларусь гэты доўг афіцыйна.

Як звычайна, усе спадзяваньні ўладаў — на тое, што з Расеяй удасца дамовіцца. Дапамога Расеі — гэта адзінае выйсьце.

Цыганкоў: Я думаю, пытаньне пра дэфолт усё-ткі пастаўлена пакуль зарана, ці, можа, занадта рэзка. Паколькі ўсе тыя лічбы, якія прыводзіліся, даюць падставы гаварыць пра тое, што тэарэтычна такая сытуацыя магчымая, але для гэтага павінна ўзьнікнуць ці супасьці адначасова некалькі нэгатыўных чыньнікаў.

Найперш беларуская дзяржава будзе клапаціцца пра выплату сваіх замежных даўгоў, крэдытаў. А што тычыцца ўнутранай сытуацыі, дык тут заўсёды можна выпусьціць нейкія дзяржаўныя паперы і г.д., для гэтага дастаткова шмат фінансавых мэханізмаў, каб адкласьці выплату грошай насельніцтву ці юрыдычным асобам на будучыню. Гэтая сытуацыя ў эканоміцы вядомая.

Пастаноўка пытаньня пра замежны дэфолт сапраўды занадта радыкальная. Бо пакуль беларускі ўрад да гэтых сваіх замежных абавязаньняў ставіцца вельмі дысцыплінавана, усё выплочвае.

Але калі казаць, якія могуць супасьці замежныя прычыны, то вось інфармацыя апошніх дзён.

У сувязі з так званай «сланцавай рэвалюцыяй» у ЗША падаюць цэны на нафту. Тое, што мы ўжо даўно не абмяркоўвалі, бо цэны заставаліся стабільнымі: пасьля рэкорднага падзеньня год-паўтара таму яны ўсталяваліся на мяжы 50 даляраў за барэль, адскочылі ад страшнай для Расеі — адпаведна, і для беларускай эканомікі — лічбы ў 30 даляраў.

Але цяпер, калі пачнецца тэндэнцыя, выкліканая ў тым ліку і стратэгічным падыходам новага прэзыдэнта ЗША Трампа да гэтага пытаньня, у сувязі зь ягонымі рашэньнямі па лібэралізацыі нафтавага рынку пачнецца зьніжэньне цэнаў на нафту. Гэта зноў пачне адмоўна адбівацца на расейскай і беларускай эканоміках.

Так што крызіс беларускай эканомікі апошні год разьвіваўся яшчэ пры досыць нэўтральных зьнешніх абставінах — калі ўсталявалася ўжо пэўная цана на нафту і далей яна ня падала. Калі ж зараз пачнецца новы віток падзеньня цэн на нафту, то гэта будзе новы ўдар па беларускай эканоміцы, удар, вынесьці які яна пакуль не падрыхтаваная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG