Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як можна да 1 траўня ліквідаваць беспрацоўе ў краіне


Як можна ацаніць патрабаваньне Аляксандра Лукашэнка працаўладкаваць усіх беспрацоўных да 1 траўня? Чаму кіраўнік Беларусы дае невыканальныя загады? Якім чынам ён прапануе павялічыць занятасьць у краіне? Удзельнічаюць Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: 9 сакавіка падчас нарады аб актуальных пытаньнях разьвіцьця краіны кіраўнік Беларусі паставіў перад органамі ўлады такую задачу: «Да 1 траўня ўсе павінны быць працаўладкаваныя. І запомніце, у якое б я месца і раён ні прыехаў, мой памочнік выедзе туды загадзя і запросіць публічна беспрацоўных людзей да мяне на сустрэчу. І ня дай бог пасьля 1 траўня такія людзі будуць».

Нагадаю, што афіцыйнае беспрацоўе на пачатак лютага склала 0,9% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (гэта каля 40 тысяч чалавек). Але да гэтай лічбы ніхто ўсур’ёз ня ставіцца. Бо сюды ўключаюць тых, хто зарэгістраваны ў службах занятасьці. Але большасьць беспрацоўных не рэгіструецца, бо гэта ня мае асаблівага сэнсу. Працы там не даюць, бо яе няма. Дапамога па беспрацоўі складае 24 рублі, гэта 13 даляраў. Ды яшчэ за гэта трэба адпрацаваць некалькі дзён цягам месяца на грамадзкіх працах.

Дарэчы, Белстат па выніках абсьледаваньня хатніх гаспадарак адзначае, што фактычны ўзровень беспрацоўя за 2016 год склаў 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (гэта каля 260 тысяч чалавек). Мінулым годам кожны месяц у краіне страчвалі працу каля 9 тысяч.

Лукашэнка нават даў параду, як гэта зрабіць. Паводле ягоных слоў, у Менску на працах па добраўпарадкаваньні тэрыторыі часам задзейнічана дарагая тэхніка, «эксплюатацыйныя і амартызацыйныя выдаткі на якую значна перавышаюць кошт ручной працы». «Трэба вызначыць месцы, куды павінны прыйсьці людзі па працу, стварыць брыгады, групы, якія будуць лес высаджваць, платы будаваць, фарбаваць, прыбіраць тэрыторыю, капаць, вазіць, насіць і іншае. І мы зоймем усіх людзей».

То бок тэхніку замяніць людзьмі. Прапанова геніяльная. З гэтага пасажу відаць, як Лукашэнка ўвогуле разумее сэнс эканомікі: эканоміка існуе дзеля таго, каб заняць людзей. Як у СССР. Выдаткі, прыбытак і іншыя рынкавыя складнікі ня маюць значэньня. Вось яна, філязофія беларускай сацыяльнай мадэлі.

На гэтай нарадзе Лукашэнка чарговым разам паўтарыў яшчэ адно сваё невыканальнае патрабаваньне — давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў: «Кроў з носу мы павінны вырашыць гэтую праблему — забясьпечыць людзей працай і сярэдні заробак па краіне ў 500 даляраў».

То бок адначасова і ліквідаваць беспрацоўе, і давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў! Прычым ня ў выглядзе пажаданьня, а ў выглядзе катэгарычнага загаду.

Навошта ён гэта робіць? Усё гэта стварае адчуваньне нейкага неадэквату. Я ўжо пісаў, што гэта паводзіны слабога лідэра ва ўмовах крызісу.

І яшчэ цікавы сюжэт. Некалькі разоў Лукашэнка адзначыў, што ўсе чыноўнікі павінны ўладкаваць сваіх каханак. Зразумела, гэта спроба ўплесьці ў свой выступ такі народны гумар. Але для тлумачэньня менавіта такога гумару варта зьвяртацца па дапамогу да Фройда.

Глод: Асабіста мяне новая заява кіраўніка Беларусі не зьдзівіла. За свой век чаго я толькі ад Лукашэнкі не наслухаўся, пачуў шмат дзіўных загадаў і патрабаваньняў.

Ну, давайце разважаць. Прэзыдэнт патрабуе ўладкаваць усіх, я падкрэсьліваю гэтае слова — усіх — беспрацоўных. Але ж такога няма нідзе ў сьвеце. Скарачэньні штату, беспрацоўе — гэта звычайная зьява ў любой эканоміцы: ад самай лібэральнай да самай сацыяльна арыентаванай. Без канкурэнцыі немагчымае існаваньне здаровай эканомікі. А канкурэнцыя прыводзіць да таго, што лепшыя застаюцца на вытворчасьці, а горшыя — бяз працы.

Патрабаваньне ўсіх працаўладкаваць невыпадкова прагучала на нарадзе, дзе шмат гаварылі пра дармаедаў. Лукашэнка зноў ужыў тут любімы прыём. Маўляў, дэкрэт № 3, які ён падпісаў, сам па сабе вельмі добры. Але ж чыноўнікі зноў усё перакруцілі. А таму і так шмат пакрыўджаных і незадаволеных. Добры прэзыдэнт гэта ведае, таму і адмяняе сёлетнія выплаты падатку.

Такая матрыца з добрым царом і дрэннымі баярамі ўжо дзясяткі, калі ня сотні разоў накладалася на розныя сытуацыі ў Беларусі. Камусьці дзіўна, што яна спрацоўвае і па сёньня. А вось мяне гэта не зьдзіўляе. Калі штодня праз тэлевізар, радыё і дзяржаўныя газэты ўслаўляюць прэзыдэнта, то людзі сапраўды пачынаюць верыць, што ён робіць усё добра. А вось ягоныя падначаленыя яму перашкаджаюць.

Здаецца, прыём няхітры. Але ж ён па-ранейшаму дзейнічае на бальшыню насельніцтва. І не таму, што, напрыклад, Якубовіч ці Давыдзька такія дасьведчаныя майстры журналістыкі. Хвалі Лукашэнку, лай чыноўнікаў і апазыцыю — вось такі самы просты рэцэпт. І тады кажы што хочаш, толькі не выходзь за акрэсьленае.

Калі ж вяртацца да гісторыі беспрацоўя, то нават у самыя лепшыя савецкія часы, калі казалі, што беспрацоўя няма, яно насамрэч было. Таму што было і ёсьць сэзоннае, бягучае беспрацоўе. А цяпер беларуская дзяржава спрабуе хаваць рэальныя лічбы па беспрацоўі, каб паказаць сябе ў лепшым выглядзе. І слушна тут казаў Валер Карбалевіч, што прапановы Лукашэнкі замяніць тэхніку людзьмі паказваюць, як кіраўнік краіны разумее сэнс эканомікі.

І апошняе — наконт слоў Лукашэнкі, што ўсе чыноўнікі павінны ўладкаваць на працу сваіх каханак. Тут, на мой погляд, усё тая ж гісторыя пра добрага цара і дрэнных баяраў. Маўляў, у іх жонкі такія, што пэнсійнага ўзросту яшчэ не дасягнулі, але ж нідзе не працуюць, а толькі даглядаюць дзяцей, якім ужо за 20 гадоў. Гнаць іх усіх на працу трэба. Хіба ж такое можа не спадабацца электарату?

Цыганкоў: Заява Аляксандра Лукашэнкі пра зьнішчэньне беспрацоўя красамоўна кажа пра ягоныя погляды на эканоміку. Я думаю, гэта стане прадметам іроніі, і ўжо стала, і ў бліжэйшыя дні зьявіцца яшчэ больш жартаў пра тое, як у Беларусі будуць займаць людзей. Але на самой справе ідэя пра тое, што іх на самой справе можна заняць там, дзе працуе добра тэхніка, напрыклад, замест аднаго экскаватара можна ўзяць 10 беспрацоўных, — гэта вяртаньне ў нейкі пачатак 20-га стагодзьдзя.

Цікава таксама, якія выдаткі будуць ад таго, што ўсіх беспрацоўных, так бы мовіць, «працаўладкуюць». Мне здаецца, тут зноў будуць пэўныя выкрутасы статыстыкі і падыходаў, якія добра вядомыя ў Беларусі, асабліва на выбарах — галоўнае, як лічыць.

Напрыклад, ёсьць афіцыйнае беспрацоўе, а ёсьць рэальнае. Эканамісты кажуць, што гэта таксама далёка ад рэальнасьці, але Белстат усё ж даў лічбу — 5,8% сапраўднага беспрацоўя. Значная частка людзей працуе за мяжой або ў шэрай эканоміцы. Нагадаю, так званых «дармаедаў» дзяржава налічыла 470 тысяч — гэта людзі, якія нідзе афіцыйна не зарэгістраваныя, не працуюць і ня плацяць падаткаў.

І, дарэчы, гэтая лічба ў 5,8% адпавядае сярэднесусьветнай. У Заходняй Эўропе і ЗША звычайна лічба беспрацоўных ад 5% (гэта лічыцца ледзь не ідэальна) да 15% — гэта ўжо праблемная лічба, у такіх краін, як Гішпанія, Грэцыя, якія ў крызісе. Там часам даходзіць да 20%. Але нідзе няма, каб быў 1%, як у Беларусі афіцыйнае беспрацоўе.

1 траўня, калі Аляксандар Лукашэнка зьбярэ чарговую нараду, чыноўнікі даложаць яму, што ўказаньні кіраўніка дзяржавы выкананыя, усе беспрацоўныя ў той ці іншай форме атрымалі так званую працу, з тых, каго ўдалося ахапіць, а хто добраахвотна не захоча, яны аўтаматычна пераходзяць у іншую нейкую катэгорыю, тыя самыя дармаеды. Хоць цяпер за гэта ўжо штраф нібыта не бяруць.

Такім чынам, мне здаецца, усё скончыцца хітрым бюракратычным вывертам, і, можа, нягледзячы на рэальнасьць, чыноўнікі даложаць, што зь беспрацоўем скончана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG