Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцу Курапатаў Сяргею Пальчэўскаму далі 3 сутак турмы, а ня 10


Сяргей Пальчэўскі
Сяргей Пальчэўскі

Як стала вядома адвакату Сяргея Пальчэўскага, ягонаму кліенту далі 3 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта Свабодзе распавёў лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Першапачаткова паведамлялася пра 10 сутак «за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі», але пазьней маці Сяргея патэлефанаваў невядомы, які нібыта быў разам з Пальчэўскім у ізалятры, і паведаміў, што Сяргею далі толькі трое сутак арышту, а ня дзесяць.

«Напэўна, столькі і было ад пачатку, — разважае Дашкевіч. — Проста ягонай маці, калі яна была ў райаддзелах, казалі пра 10. Увогуле, бандыцкая нейкая гісторыя: у Першамайскім РАУС кляліся, што ён у Савецкім, у Савецкім — што ў Першамайскім, інфармацыю пра 10 сутак давалі ў Першамайскім, хоць затрымалі яго ў Савецкім, і на Акрэсьціна ўчора маці адмовіліся даваць інфармацыю… Навошта гэта?»

Дашкевіч мяркуе, што пазаўчора зьбіраліся затрымаць і яго — проста не пасьпелі. Учора ён не выходзіў з дому, бо чакаў затрыманьня.

Сустракаць Пальчэўскага з турмы на Акрэсьціна Дашкевіч мяркуе 10 сакавіка а 16-й гадзіне.

***

Сяргей Пальчэўскі — адзін з актывістаў «Маладога фронту», які браў актыўны ўдзел у акцыі пратэсту пад будоўляй каля мэмарыялу «Курапаты». 24 лютага ён прыкаваў сябе кайданкамі да грузавіка, які вёз на пляцоўку будаўнічыя матэрыялы. У выніку будоўлю спынілі і з таго часу не аднаўлялі, але актывіста, які праляжаў пад аўтамабілем дзьве гадзіны, ледзьве не арыштавалі.

Курапацкая варта. 15 дзён абароны ў фота

Ён і раней браў удзел у акцыях «Маладога Фронту» — так, увосень 2016 году за ўдзел у зборы подпісаў за прызнаньне бел-чырвона-белага сьцяга гістарычнай каштоўнасьцю ён атрымаў штрафаў на 2730 рублёў. Таксама ён быў сярод тых, хто капаў акопы паблізу ад расейскай мяжы, а ў 2014 годзе, калі быў актывістам АГП, атрымаў 10 сутак турмы за плякат «Аўтапошліна? Пайшлі на...».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG