Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЗА заклікала новую адміністрацыю ЗША працягнуць падтрымку незалежнай і сувэрэннай Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Старэйшы дарадца прэзыдэнта Джарэд Кушнер (зьлева), прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп (у цэнтры) і міністар ўнутранай бясьпекі Джон Кэлі
Ілюстрацыйнае фота. Старэйшы дарадца прэзыдэнта Джарэд Кушнер (зьлева), прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп (у цэнтры) і міністар ўнутранай бясьпекі Джон Кэлі

Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне (БАЗА) заклікала новую адміністрацыю ЗША працягваць аказваць падтрымку незалежнай сувэрэннай Беларусі, кіруючыся сваімі нацыянальнымі інтарэсамі ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі.

Пра гэта гаворыцца ў звароце БАЗА да Джарэда Кушнера, зяця і старэйшага дарадцы прэзыдэнта Дональда Трампа, паведамляе БелаПАН.

Як падкрэсьліваецца ў звароце, сям’я Кушнера мае сувязі зь Беларусьсю. Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне прапануе арганізаваць сустрэчу, каб праінфармаваць пра сваю дзейнасьць і пра Беларусь.

«Заснаваная ў 1949 годзе, БАЗА інфармуе ўрад ЗША пра апошнія падзеі ў Беларусі і прапануе рэкамэндацыі ў пытаньнях палітыкі, — гаворыцца ў звароце. — З моманту прыходу Уладзіміра Пуціна да ўлады ў Расеі незалежнасьць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай, бо Крэмль актыўна пашырае сваю сфэру ўплыву, падрываючы права суседніх народаў на правядзеньне сваёй уласнай палітыкі. Яскравым прыкладам гэтага зьяўляецца анэксія Крыму Расеяй, якая дэманструе, што Крэмль абвяргае міжнароднае права і кідае выклік інтарэсам ЗША ва Усходняй Эўропе. Многія беларускія амэрыканцы асьцерагаюцца, што анэксія Беларусі можа адбыцца ў найбліжэйшай будучыні.

Аўтары звароту лічаць, што «захаваньне стратэгічных інтарэсаў Злучаных Штатаў у Беларусі мае першараднае значэньне, а незалежная будучыня Беларусі павінна атрымаць належную ўвагу на самым высокім узроўні». «Экспэрты БАЗА пры першай жа магчымасьці могуць вас праінфармаваць пра падзеі ў Беларусі і рэгіёне, а таксама кансультаваць у пытаньнях двухбаковых дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЗША», — гаворыцца ў звароце.

Як раней паведамлялі амэрыканскія СМІ, сваякі Джарэда Кушнера — выхадцы з Навагрудку. Падчас Галакосту яны ўцяклі з Наваградзкага гета і хаваліся ў беларускіх лясах, дзе ўдзельнічалі ў партызанскіх руху. Бацька Джарэда Кушнера некалькі разоў наведваў Навагрудак, куды прывозілі ўнукаў, каб распавесьці ім гісторыю сям’і.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG