Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду»: Новабудоўля ля Курапатаў — выпрабаванае на злом гістарычнай годнасьці ўсёй нацыі


Новабудоўля ля Курапатаў — гэта выпрабаваньне на злом гістарычнай годнасьці ўсёй нацыі, гаворыцца ў заяве рэспубліканскага савету грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

«Для тых, у кім жывыя памяць і павага да мінулага Беларусі, яе драматычнай гісторыі, да трагічных лёсаў нашых дзядоў і прадзедаў, Курапаты — сакральнае месца. Яно асьвечанае крывёю нявінна закатаваных. Таму любая праява абыякавасьці, непавагі, а то і вандалізму ў зоне будучага нацыянальнага мэмарыялу прыцягвае абвостраную грамадзкую ўвагу, выклікае маштабнае грамадзянскае супрацьстаяньне, — гаворыцца ў заяве. — Так ужо было падчас пракладкі аўтамабільнай дарогі наўпрост па безназоўных пахаваньнях, узьвядзеньня там забаўляльнага цэнтру. Гэта ж мы бачым і сёньня, калі ў абыход законнай працэдуры спрабуюць перарэзаць новай камэрцыйнай будоўляй дарогу памяці да сэрца Курапатаў».

На думку прадстаўнікоў «Гавары праўду», чыноўнікі зноў спрабуюць праігнараваць меркаваньне дасьледчыкаў і грамадзкасьці, пункт гледжаньня мясцовых жыхароў. «МАЗамі», трактарамі і бульдозэрамі на ўскраіне вуліцы Мірашнічэнкі «яны фактычна выпрабоўваюць на залом, на трываласьць гістарычную годнасьць усёй нацыі».

«Гавары праўду» заклікае ўлады «да паўнавартаснага дыялёгу ў імя памяці і нацыянальнага адзінства».

Пяціпавярховы бізнэс-цэнтр з парковачнай зонай і крамай на першым паверсе ўзводзіць на скрыжаваньні вуліцы Мірашнічэнкі і Менскай кальцавой аўтадарогі ТАА «Белрэканструкцыя» на замову кампаніі «КІПрэканструкцыя». Праект павінен быць завершаны да 28 лютага 2018 году.

Курапаты — сакральнае месца. Яно асьвечанае крывёю нявінна закатаваных

Прадстаўнікі грамадзкасьці і частка мясцовых жыхароў лічаць, што будаўніцтва бізнес-цэнтру ў гэтым месцы незаконнае, бо гэтая зямля была прададзеная на аўкцыёне тады, калі яна яшчэ ўваходзіла ў ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца масавага пахаваньня ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты». Акрамя таго, яны адзначаюць, што будаўніцтва абʼекта пачалося да таго, як быў канчаткова зацьверджаны праект дэталёвага плянаваньня гэтай тэрыторыі.

Пратэст супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру працягваецца ўжо шостыя суткі. Абаронцы Курапат настойваюць на неадкладным спыненьні будаўніцтва і поўнай адмене праекта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG