Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лісты зь нябёсаў»: адкрылася выстава, прысьвечаная памяці памерлых мастакоў суполкі «Пагоня»


Натальля Барсукова, намесьніца дырэктара Рэспубліканскай мастацкай галерэі грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі саюз мастакоў»; каля мікрафона Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюзу мастакоў; Ігар Марачкін, старшыня суполкі «Пагоня»; Тацьцяна Гаранская, мастацтвазнаўца
Натальля Барсукова, намесьніца дырэктара Рэспубліканскай мастацкай галерэі грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі саюз мастакоў»; каля мікрафона Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюзу мастакоў; Ігар Марачкін, старшыня суполкі «Пагоня»; Тацьцяна Гаранская, мастацтвазнаўца

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюзу мастакоў пачала дзейнічаць выстава «Лісты зь нябёсаў», прысьвечаная памяці памерлых мастакоў і сяброў творчай суполкі «Пагоня», якая летась адсьвяткавала сваё 25-годзьдзе.

Аснову экспазыцыі складаюць творы 26 мастакоў — сяброў суполкі «Пагоня», а таксама 12 мастакоў-аднадумцаў зь іншых сэкцыяў. Унікальнасьць выставы ня толькі ў імёнах, але і творах мастакоў. Некаторыя карціны можна бачыць упершыню, бо стала яны захоўваюцца ў сем’ях творцаў.

«Гэтай выставай мы ўшаноўваем юбілеі мастакоў, якіх ужо няма з намі. Гэта Кастусь Харашэвіч, Пятро Драчоў, Яўген Кулік, Генрых Ціхановіч, Віктар Маркавец, Яўген Шатохін ды шмат хто іншы», — расказаў Ігар Марачкін, старшыня суполкі «Пагоня».

Побач з творамі можна пабачыць і кароткую аўтабіяграфічную даведку пра жыцьцёвы шлях мастака, ягоны фотаздымак.

Падчас адкрыцьця выставы
Падчас адкрыцьця выставы

На ўрачыстым адкрыцьці выставы «Лісты зь нябёсаў», Ларыса Сімаковіч прасьпявала верш свайго мужа, паэта Барыса Жанчака, які таксама ўжо спачыў:

сьветлым прасьцягам тугі і самотнага болю
ціха ступіўшы на бераг нязнанага краю
рвецца душа безаглядна зь неба на волю
цеснае цела палётам сваім дакарае

«Наш час супраць супольнасьцяў. Рэчаіснасьць дыктуе нам, каб мы дбалі пра іншыя каштоўнасьці. Нягледзячы на гэта, выстава сьцьвярджае моц духу супраць матэрыі. Назва „Лісты зь нябёсаў“ — проста цуд! Сама паэзія... Веру, што выстава стане рухавіком для прадукаваньня новых ідэяў», — падзялілася Ларыса Сімаковіч.

Сярод сяброў суполкі «Пагоня» ня толькі жывапісцы, але і графікі, скульптары, дызайнэры, аўтары фотамастакі ды мастакі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

На адкрыцьці выставы
На адкрыцьці выставы

«Можна было б зрабіць асобна выставы жывапісу, скульптуры, графікі, бо сапраўды, адышоў сьвет беларускай мастацкасьці. А імёны людзей, якія стваралі наша мастацтва, варта памятаць і згадваць. Аднак людзям патрэбен час, каб асэнсаваць, угледзецца ў работы мастакоў, убачыць у іх патэнцыял. Таму, верагодна, падобныя выставы яшчэ адбудуцца ў будучыні», — мяркуе мастацтвазнаўца Тацяна Гаранская.

На выставу «Лісты з нябёсаў» прыйшлі родныя мастакоў, творы якіх выстаўляюцца. Антон Маціевіч, сын Алега Маціевіча, абышоў экспазыцыю некалькі разоў і плянуе вярнуцца ў Палац мастацтваў у іншы дзень.

«Выстава цудоўная! Многіх мастакоў, чые карціны можна пабачыць тут, я ведаў асабіста. Раманюк, напрыклад, быў маім выкладчыкам, а зь ягоным сынам мы сябруем усё жыцьцё. На адной з карцін майго таты, якія выстаўляюцца тут, намалявана мая бабуля ў садзе, а на другой — я ў 4-гадовым узросьце», — распавёў Антон Маціевіч.

На выставе можна пабачыць невядомыя творы мастакоў.

Напрыклад, Віктара Шматава, стваральніка сэрыі «Чарнобыльская трагедыя», прадстаўляюць ягоны аўтапартрэт, натурморт «Кашара», а таксама карціны са скульптурамі сьвятых апосталаў Паўла ды Пятра, знойдзенымі ў вёсцы Гарадзішча, што на Брэстчыне.

Марта Шматава, дачка мастака Віктара Шматава
Марта Шматава, дачка мастака Віктара Шматава

«Выстава трагічная, бо праходзіш каля карцін і прыгадваеш, што жыў чалавек, імкнуўся, жадаў, марыў, але, на жаль, пайшоў ад нас. Таму ў мяне пачуцьці расшчапленьня зараз: і трагічна-сумныя, і ўзьнёслыя. Мастакі пакінулі пасьля сябе такія моцныя творы! На некаторыя глядзіш, і можна нанова ў іх штосьці ўбачыць.

Прынцыпова вырашыла не паглыбляцца ў трагізм, а выбрала для выставы карціну з аўтапартрэтам бацькі, дзе ён у гады росквіту, у 39, у сваёй старой майстэрні на Камсамольскай вуліцы. Я ўжо цяпер старэйшая, чым бацька на гэтым аўтапартрэце. Тата ўзначальваў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук Беларусі. У навуковай дзейнасьці езьдзілі па цэрквах і зьбіралі драўляныя каталіцкія скульптуры, а бацька пасьля пісаў этуды з гэтых скульптур. Адна з іх трапіла на гэты аўтапартрэт. Віктар Шматаў сур’ёзна ставіўся да натурморту, шукаў, як нацыянальнае мастацтва можа адбіцца ў прадмеце побыту», — расказала Марта Шматава.

Нечаканай выстава стала і для Дзяніса Раманюка, сына мастака і этнографа Міхася Раманюка.

Дзяніс Раманюк, сын мастака і этнографа Міхася Раманюка
Дзяніс Раманюк, сын мастака і этнографа Міхася Раманюка

«Некаторых творцаў я ўбачыў з іншага боку. Напрыклад, Пётра Драчоў. Ягоныя творы ў станковай графіцы віселі ў нашай хаце, і я рос, гледзячы на іх. А прыйшоў сюды і пабачыў яго акварэлі, якія не саступаюць графічным творам, таму быў вельмі ўражаны. Твораў майго бацькі, Міхася Раманюка, у сталых музэйных экспазыцыях практычна няма ў Беларусі. Нават у Нацыянальным мастацкім музэі яны захоўваюцца толькі ў запасьніках. Хоць у прадмове да альбому „Мастацтва сувэрэннай Беларусі“ аўтар надае вялікае значэнне дасьледаваньням Міхася Раманюка і ягоным творам паводле народнага адзеньня. Таму гэтая выстава — унікальная магчымасьць наблізіцца да іх, каб дэталёва паразглядаць арыгіналы.

Мой тата быў фанатычны і вельмі працаздольны чалавек. Сваё жыцьцё прысьвяціў этнаграфіі, мастацка-графічнай рэканструкцыі строяў. Часта езьдзіў у экспэдыцыі, пасьля апрацоўваў здабыты матэрыял. Да таго ж адначасова выкладаў у некалькіх навучальных установах. Міхась Раманюк зрабіў шмат энцыклапедычнай працы, якая выкарыстоўваецца і цяпер», — расказаў Дзяніс Раманюк.

Мастакі пакінулі пасьля сябе сваім нашчадкам карціны. Але, на думку мастацтвазнаўцы Тацяны Гаранскай, мала толькі захоўваць творы мастацтва. Неабходна як мага часьцей згадваць імёны мастакоў.

Ілюстрацыі Яўгена Куліка, аднаго зь лепшых ілюстратараў «Слова пра паход Ігара»
Ілюстрацыі Яўгена Куліка, аднаго зь лепшых ілюстратараў «Слова пра паход Ігара»

«Я займаюся рэканструкцыяй творчага шляху мастакоў, вяду своеасаблівыя раскопкі памяці. Бо мастакі звычайна сьціплыя, не займаліся самарэклямай, яны аддана працавалі, каб падняць на належны ўзровень беларускую культуру. Мусіць, празь няспынную працу яны і адышлі так заўчасна. Вялікую ролю адыграў Чарнобыль. Мой муж, мастак Віктар Маркавец, «згарэў» ад анкалягічнага захворваньня літаральна за 20 дзён. Увогуле, 90 адсоткам мастакоў, работы якіх тут выстаўляюцца, жыцьцё скараціла менавіта анкалёгія. Мой муж пакінуў мяне «цяжарнай» дванаццацю ненапісанымі кнігамі, матэрыялы для якіх мы разам зьбіралі шмат гадоў. Таму цяпер найперш я павінна зрабіць рэканструкцыі іхных творчых шляхоў, выдаўшы адмысловую кнігу. У часопісе «Мастацтва» ўжо надрукавалі мае творчыя партрэты Ўладзімера Сулкоўскага, Яўгена Куліка, Віктара Шматава ды Віктара Сташчанюка. Для мяне яны былі геніямі, я ўвесь час лічыла, што недарасла да іх мастацтва, а цяпер разумею, што творчыя партрэты мастакоў трэба было рабіць раней. У мяне калясальныя архівы! Я назаву сваю кнігу-манаграфію «Лісты да нябёсаў» — як адказ мастакам на тое, што яны зрабілі для нас, жывых, як адказ на сёньняшнюю выставу «Лісты зь нябёсаў», — расказала Тацяна Гаранская.

Паводле Ігара Марачкіна, старшыні суполкі «Пагоня», лягічным працягам выставы стане выданьне яе каталёгу. Ён ужо заклікае неабыякавых людзей прычыніцца да яго выданьня.

Наведнікі выставы
Наведнікі выставы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG