Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС Расеі вырашылі «аспрэчваць фэйкі заходніх СМІ»


Прэс-сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава
Прэс-сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава

У Міністэрстве замежных спраў Расеі заявілі, што заснавалі на сваім сайце рубрыку, прысьвечаную дэманстрацыі матэрыялаў сродкаў інфармацыі, якія, на думку Масквы, тыражуюць ілжывую інфармацыю пра Расею.

Як паведаміла на брыфінгу прэс-сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава, першая такая падборка ўжо апублікаваная.

«Задача ў тым, каб паказаць тэндэнцыю і асноўныя трэнды ў публікацыі „фэйкавых навінаў“ пра нашу краіну (Расею.— Рэд.), зрабіць усё магчымае, каб спыніць іх тыражаваньне», — сказала яна.

Гэтае паведамленьне выклікала нямала пытаньняў, на многія зь якіх Захарава не змагла даць канкрэтных адказаў.

У прыватнасьці, на пытаньне, ці трапіць у гэты разьдзел верагодны артыкул, у якім напішуць, што ў малаазійскі «Боінг» страляў расейскі «Бук» (расьсьледаваньне катастрофы, якая адбылася ў 2014 годзе над акупаванай часткай Данбасу, лічыць гэты момант даказаным, але Расея працягвае адмаўляць гэта. — Рэд.), яна адказала: «Мне нават у галаву ня можа прыйсьці, што такі артыкул зьявіцца, а належнай базы аргумэнтаў ня будзе. Такое хіба магчыма?»

У той жа час яна запэўніла, што ніякіх «рэпрэсіяў» або санкцыяў супраць аўтараў матэрыялаў, якія ўнясуць у гэтую рубрыку, ня будзе.

У першай падборцы на сайце МЗС Расеі ўжо зьмешчана пяць матэрыялаў заходніх сродкаў інфармацыі, ад буйных да малавядомых рэгіянальных, у якіх Масква ўбачыла, на яе думку, «ілжывую інфармацыю».

Расейскія сродкі масавай інфармацыі, значная частка якіх падкантрольная Крамлю ці ідзе ўсьлед за крамлёўскай лініяй, рэгулярна публікуюць ілжывыя матэрыялы пра падзеі ў іншых краінах (апошнім часам вельмі часта гэта тычыцца публікацыяў у дачыненьні да Ўкраіны). Над пашырэньнем такой дэзынфармацыі працуюць і расейскія СМІ, якія працуюць для замежных спажыўцоў. Але Расея адмаўляе, што сьвядома фальсыфікуе падзеі, замест гэтага абвінавачвае іншых у тым, што яны публікуюць у дачыненьні да Расеі паведамленьні, якія не адпавядаюць пазыцыі Масквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG