Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гараскоп Свабоды: Рыбы


Надыходзіць час Рыбаў. Як рыхтавацца? На што спадзявацца і куды сьцяліць саломку? Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на гэты год.

Сяргей Календа, стыліст-тэхноляг, літаратар

Гараскоп Свабоды. Сяргей Календа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:39 0:00

Надыходзіць час Рыбаў, і гэты час будзе да краёў напоўнены вадкасьцю... Будзе раставаць ня толькі зімовы сьнег, ператвараючыся ў салёную пясочную кашу, але з дахаў сьцячэ ўсё назапашанае падчас кароткіх і халодных дзён. Як, у прынцыпе, растануць і людзі, і іх сэрцы, прамытыя першымі вясновымі дажджамі, адновяцца і пачнуць адбіваць новы рытм жыцьця.

Час Рыбаў — гэта час пераходу, час абуджэньня, няроўнага настрою і, што вельмі істотна, час новых адкрыцьцяў, як унутры сябе, так і звонку.

Рыбы, вядома, эмацыйныя настолькі, што часам лепей было б і запаволіцца, і паразважаць, Але ня так шмат у нас часу, каб траціць яго на марныя думкі. Няма калі тлумачыць нешта, сябра: давай з табою лепей адчуваць гэты сьвет унутры нас.

І адчуваць у Рыбаў атрымліваецца на ўсе сто адсоткаў, і плюс яшчэ сто дваццаць пяць.

Час Рыбаў заўсёды выпадае ў нашай краіне на моманты прамежкавых абставінаў у грамадзтве і палітыцы, таму чакаць ад яго трэба чагосьці моцнага і кардынальна іншага... Людзі ў гэты час, як я заўважыў, знаходзячыся ў стане пераходу зь зімы на вясну, гатовыя руйнаваць сьцены, межы і нават сталёвыя агароджы, і таму нам усім варта падрыхтавацца да сакавіка як да месяца цяжкага, але рашучага.

Усё ў нас будзе добра і ўсё атрымаецца, бо калі любіш сваю краіну, калі ўвогуле здольны кахаць, проста так жыцьцё не змарнуеш.

І я б хацеў параіць усім, хто яшчэ не пачаў бегаць па раніцах, пачынаць бегаць. Пачаць сёлета пад знакам Рыбаў плаваць (як мага далей!) і не баяцца так нырнуць, каб лёгка дакрануцца да каралаў. Навучыцца рызыкаваць, перастаць пераймацца наконт курсу даляра і меней сачыць за палітыкай, бо жыцьцё так праходзіць міма.

І ўвогуле перастаньце хвалявацца па дробязях, бо стыхія Вады дае жыцьцё ўсяму на сьвеце, усё амывае і ачышчае ўсіх нас, гэтых дзіўных малькоў у вялікім Сусьвеце і на нашай маленькай Зямлі.

І яшчэ. Часьцей тэлефануйце маме.

Анка Ўпала, пісьменьніца і перакладчыца

Чым даўжэй жыву і вучуся ў жыцьця, тым больш ведаю, але і тым менш. Я сама для сябе — неабсяжны сьвет, і вакол мяне людзі, кожная і кожны са сваім сусьветам, яшчэ больш неспасьціжным для мяне. І ўсе нашы сусьветы падвешаныя паміж прадказальным і непрадказальным, дзе космас у любы момант можа вывернуцца хаосам.

Што здарыцца з намі далей?

Маю спадзеў, што я і вы будзем жыць і будзем здаровыя, і будзем мець рэсурсы, якія дазволяць нам пачувацца абароненымі і задаволенымі.

На жаль, я не спадзяюся, што многія людзі пачнуць жыць, думаючы, а не паводле інэрцыі і жыцьцёвых схемаў, ім не цікавых і не патрэбных. Выламіцца з жыцьця паводле звычкі, каб жыць паводле мысьленьня, так складана, што многія гэтага ніколі і не адольваюць.

Ці раблю гэта я? Імкнуся да гэтага, па кроплі штодня выціскаю зь сябе рабыню. Нябачныя каляіны для думак — самыя моцныя ланцугі.

Што я раблю цяпер і буду рабіць у найбліжэйшай будучыні? Я раблюся сабой. Я ніколі не завершаная ў тым, кім я ёсьць, і буду ісьці да сябе датуль, пакуль я існую.

Абапірайцеся на мінулае, але не спыняйцеся на дасягнутым. Не лічыце, што вы ўжо зрабіліся кімсьці, заўжды майце перад сабой сваю будучыню, якая будзе дарыць вам надзею на лепшае. Гэта маё пажаданьне для тых, каму яно можа спатрэбіцца.

Ігар Чарняўскі, археоляг, працаваў у сфэры рэстаўрацыі, Міністэрстве культуры

Гараскоп Свабоды. Ігар Чарняўскі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:32 0:00

Надыходзіць час Рыбаў. Многія, народжаныя пад гэтым знакам, з імпэтам шукаюць зьвесткі пра сваю будучыню.

Рабіць жа прагнозы — справа няўдзячная. Не гарантыя, што спраўдзіцца. Колькі ўжо ня самых цёплых словаў сказана на адрас тых жа мэтэаролягаў! Жывучы цяпер у вёсцы, кожны раз прагна лаўлю інфармацыю пра надвор’е. Зь месяц таму паабяцалі дваццаць сем градусаў марозу, што, падумалася, неяк перажыць магчыма. А раніцай тэрмомэтар паказаў мінус трыццаць пяць. Не каб напярэдадні абвясьцілі такое падзеньне слупка тэрмомэтра!..

Неяк на пытаньне «Ты аптыміст ці пэсыміст?», нядоўга падумаўшы, адказаў: я рэаліст. І ўсё таму, што здавён прывучыў сябе абыходзіцца тым, што маю рэальна, што магу зрабіць сам, і з тае прычыны здольны прадбачыць вынік. Прыгадваю, як адзін зь міністраў культуры запытаўся: «Што трэба зрабіць, каб зьмяніць стан рэчаў у сфэры аховы спадчыны?». «Трэба працаваць, каб і супрацоўнікі міністэрства, і выканкамаў ад абласных да сельскіх працавалі ў адным кірунку, вызначаным заканадаўствам,» — такі быў адказ, што, відавочна, ня вельмі задаволіла, бо не нагаварыў эфэктных пражэктаў.

Ды толькі дзейнічаць згодна з выпрацаванымі прафэсійнай супольнасьцю правіламі, якія зьяўляюцца асновай заканадаўства, застаецца актуальным і сёньня. І гэта асабліва важна цяпер, калі рыхтуецца чарговая аптымізацыя дзяржапарату, бо папярэдняя аптымізацыя як мінімум карысьці сфэры аховы спадчыны не прынесла, а ў асобных абласьцях і нашкодзіла, памяняўшы статус адказных за гэту справу асобаў.

Паглядзеўшы ў будучыню, хацелася б сказаць, што структуры органаў кіраваньня, адказныя за захаваньне і выкарыстаньне здабыткаў мінуўшчыны, будуць набываць большы прафэсіяналізм. Але не скажу, бо ведаю на ўласным вопыце, як гэта дасягаецца. Прыйшоўшы трыццаць восем гадоў таму ў рэстаўрацыю, маючы пра яе дастаткова адноснае, больш рамантычнае ўяўленьне, праз нейкі час нешта зразумеўшы, зрабіў для сябе выснову: рэстаўрацыі навучыць нельга, рэстаўратарам можна толькі стаць у працэсе пастаяннай практыкі і самаадукацыі, што і спрыяе росту прафэсіяналізму.

Памятаючы ўсё гэта, іначай адказаць міністру і ня мог.

Як падаецца, распачынаць любую справу найлепей пад знакам Рыбаў. Заканчваецца зіма. Як рыбы гэтай парой імкнуцца на нераст, так і кожны з нас павінен імкнуцца да самаўдасканаленьня, да стваральных дзеяньняў дзеля выніку, а можа. і ажыцьцяўленьня найзапаветнейшай сваёй мары. Вартасьць працы пацьвярджаецца штодзённай жыцьцёвай рэальнасьцю, што ня можа замяніць ніякі астралягічны прагноз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG