Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэйскія суполкі Эўропы папярэджваюць пра ўзмацненьне антысэмітызму


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс з жонкай Карэн і дачкой Шарлотай ля мэмарыялу на месцы былога нацысцкага канцлягеру Дахаў. 19 лютага 2017 году
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс з жонкай Карэн і дачкой Шарлотай ля мэмарыялу на месцы былога нацысцкага канцлягеру Дахаў. 19 лютага 2017 году

Прадстаўнікі габрэяў на Мюнхэнскай канфэрэнцыі заклікалі забясьпечыць ім дадатковую абарону.

Пасьля цэлай чарады тэрактаў у Эўропе габрэйскія суполкі эўрапейскіх краінаў адчуваюць сябе асабліва ўразьлівымі. Лідэры суполак, якія выступілі на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў справе бясьпекі, заявілі і пра тое, што іхнаму ўкладу жыцьця пагражае ўздым папулісцкіх ультраправых партыяў.

У заключны дзень Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў справе бясьпекі віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс зь сям’ёй ад’ехалі на некалькі кілямэтраў ад гораду, каб наведаць месца, дзе некалі быў разьмешчаны нацысцкі канцлягер Дахаў.

Там загінулі амаль 32 000 чалавек, у большасьці сваёй габрэі. Амэрыканскія войскі вызвалілі лягер 29 красавіка 1945 году.

У выніку Галакосту былі вынішчаны шэсьць мільёнаў яўрэяў. Празь семдзесят два гады габрэйскія суполкі па ўсім кантынэнце гавораць аб адраджэньні антысэмітызму.

У нядзелю на палях Мюнхэнскай канфэрэнцыі прайшло пасяджэньне, прысьвечанае таму, як абараніць габрэйскія суполкі. Мерапрыемства наведала былая міністарка замежных спраў Ізраілю Цыпі Ліўні. Як расказаў карэспандэнту «Голасу Амэрыкі» старшыня Рады рабінаў Эўропы Пінхас Гольдшміт, бясьпека — галоўны клопат габрэяў ва ўсёй Эўропе.

«Тэрарызм, які мы назіралі ў Тулузе, Парыжы, Капэнгагене, Брусэлі, закрануў габрэйскую супольнасьць і прывёў да масавага зыходу габрэяў зь некаторых краінаў», — канстатуе Гольдшміт.

Паводле нядаўняга дасьледаваньня лёнданскага Інстытуту дасьледаваньняў палітыкі ў справах габрэяў, у пэрыяд зь 2010-га па 2015 год чатыры адсоткі габрэйскага насельніцтва Бэльгіі і Францыі зьехалі ў Ізраіль.

У абедзьвюх краінах яўрэйскія суполкі закранулі тэракты. У 2014 годзе ў выніку інсьпіраванай «Ісламскай дзяржавай» атакі на Габрэйскі музэй у Брусэлі загінулі чатыры чалавекі. У 2015 годзе ўзброены мужчына ўчыніў напад у кашэрным супэрмаркеце ў Парыжы ў той жа дзень, калі адбыўся тэракт у рэдакцыі часопіса Charlie Hebdo.

Экспэрт у тэрарызьме Пітэр Нойман, выступаючы на канфэрэнцыі, заявіў, што габрэям неабходна асаблівая абарона.

«Габрэйская супольнасьць заўсёды, так бы мовіць, на перадавой лініі, — падкрэсьліў Нойман, — таму важна, каб урады актывізавалі намаганьні ў іх абароне. Гэта таксама важна для Эўропы і ў больш маштабным сэнсе, таму што, калі ў Эўропе нападаюць на габрэяў, гаворка ідзе ня проста пра напады на асобных людзей або чальцоў суполкі, але на сам уклад нашага грамадзтва».

Асьцярогі зьвязаныя ня толькі з тэрарызмам. Уздым папулісцкіх ультраправых партыяў, асабліва «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн у Францыі, такая небясьпека, што могуць забараніць такія рэлігійныя практыкі, як абразаньне ці кашэрная ежа.

«Францыя стане іншай краінай, Эўропа стане іншым кантынэнтам, калі Марын Ле Пэн стане прэзыдэнтам Францыі, — перакананы Гольдшміт. — У Эўропе існуе кааліцыя, уздым вельмі правай ідэалёгіі, які стаў пабочным прадуктам зьмены адміністрацыі ў ЗША, што выклікае сур’ёзныя асьцярогі.

Прадстаўнікі габрэйскіх суполак на Мюнхэнскай канфэрэнцыі заклікалі эўрапейскія ўрады прыняць асаблівыя захады для таго, каб абараніць іх, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG